Вы тут

Як «Вадзім Казачэнка» ў «Што? Дзе? Калі?» гуляе


Інтэлектуальная каманда з такой назвай аб'яднала студэнтаў, магістрантаў і выпускнікоў юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Яны разам з яшчэ амаль 40 камандамі змагаліся за першае месца ў «Студэнцкіх гульнях БДУ — 2016».

Гэты фестываль адкрыты для маладых людзей з усіх рэгіёнаў краіны. Мінулай зімой, пасля дзесяцігадовага перапынку, такі фармат спаборніцтваў вярнуўся ў сваю альма-матар. На гэты раз арганізатары прапанавалі некалькі іспытаў. Акрамя класічнай «Што? Дзе? Калі?», удзельнікі мераліся інтэлектам у «Сваёй гульні», «Эрудыт-квартэце», «БДУ-квізе па-беларуску», «Брэйн-рынгу» і турніры па медыя-гульнях.


Амаль 40 ка­манд са­пер­ні­ча­лі ў шас­ці роз­ных ін­тэ­ле­кту­аль­ных гуль­нях.

Заснавальнікі каманды «Вадзім Казачэнка» станавіліся пераможцамі «Што? Дзе? Калі?» на юрыдычным факультэце БДУ тры разы запар. Мадзіна Заўзанава вывучае «Эканамічнае права» на пятым курсе і ўдзельнічае ў інтэлектуальных гульнях ужо пяты год. Яна расказала нам, чаму менавіта гэты спявак стаў іх сімвалам.

— Калісьці мы ў «Музычнай шкатулцы» разгадвалі пытанне пра Вадзіма Казачэнку. І ніхто не ведаў адказ. А прыкладна два гады таму вырашылі змяніць састаў каманды. Вельмі доўга думалі, як яе назваць. Было шмат спрэчак і абмеркаванняў. У выніку наш, капітан сказаў, што, калі мы на працягу вечара не вызначымся, ён дасць назву «Вадзім Казачэнка». Так і адбылося.

Капітанам, які прыняў валявое рашэнне, з'яўляецца Віталь Твардоўскі, магістрант юрфака. Разам з ім у камандзе гуляюць студэнткі трэцяга і пятага курсаў юрфака Ганна Шандракова і Ганна Кудзеля, выпускнік таго ж факультэта Іван Каропа, а таксама Вераніка Дземеш, якая скончыла факультэт міжнародных адносін. Часам у цяжкія моманты, калі гульня «не ідзе», яны могуць праспяваць некалькі радкоў з песняў Вадзіма Казачэнкі, і, як кажа Мадзіна, становіцца лягчэй. Падобныя своеасаблівыя рытуалы ёсць амаль у кожнай каманды. Усе спадзяюцца на шанцаванне, але гэта не адмяняе якаснай падрыхтоўкі.

— У БДУ трэніроўкі праводзяць Павел Свярдлоў і Дзмітрый Штукацель. Вядома, у кожнага свая тактыка падрыхтоўкі да гульняў. Некаторыя, напрыклад, чытаюць шмат літаратуры. Але я лічу, што трэніроўкі больш выніковыя, — гаворыць Мадзіна. — Акрамя гэтага, мы ўдзельнічаем у турнірах. Беларуская ліга інтэлектуальных каманд у Палацы дзяцей і моладзі праводзіць некалькі такіх спаборніцтваў на тыдні. Туды можа прыйсці любая каманда, дастаткова толькі зарэгістравацца.

А ўвосень праходзіць марафон «Што? Дзе? Калі?» у Дзяржынску. «Вадзім Казачэнка» на яго таксама аднойчы прыехаў. Там збіраюцца прыкладна 60 каманд. Гуляюць 24 гадзіны без перапынку. Для гэтага кожная з іх рыхтуе 15 пытанняў для іншых удзельнікаў. Мадзіна і каманда доўга думалі, якую тэму выбраць, і традыцыйна ім на дапамогу прыйшоў спявак. У той час яны толькі пачалі гуляць пад новай назвай і вырашылі ўсе пытанні напісаць па песнях свайго сімвала. Як гаворыць Мадзіна, пасля гэтага іх каманду запомнілі, і «наш карабель паспяхова паплыў пад новым творчым імем».

— На «Студэнцкіх гульнях» нам вельмі спадабаўся «БДУ-квіз па-беларуску». У нас амаль няма спаборніцтваў на беларускай мове, таму гэта быў цікавы і прыемны вопыт. Гульня складалася з васьмі розных раздзелаў, у кожным — па сем пытанняў. Прычым часткі былі зусім розныя, пачынаючы ад звычайнага фармату «Што? Дзе? Калі?» і заканчваючы «Музычным аўкцыёнам». Найбольш спадабалася першая — у ёй адказы на пытанні былі звязаны з назвамі твораў Святланы Алексіевіч. Мы хутка гэта зразумелі і адказалі на ўсе правільна.

Наогул, гаворыць Мадзіна, тэмы літаратуры і культуры — яе любімыя. Яшчэ ў яе добра атрымліваецца лагічна звязваць факты — вельмі карысны навык для інтэлектуальных гульняў. У камандзе няма строгага падзелу, хто на якой тэме спецыялізуецца. Праўда, на турнірах бывае складана, калі трапляюць пытанні, звязаныя з фізікай ці хіміяй. Паколькі ўсе ўдзельнікі — юрысты, базы ў тэхнічных навуках часам не хапае.

— Насамрэч пытанне, якое патрабуе ведання нейкага малавядомага факта, — дрэннае пытанне. Такія нікому не падабаюцца. А вось калі да адказу трэба дадумацца праз лагічныя сувязі — гэта больш каштоўна. Я лічу, што кожны чалавек з жывым розумам можа палюбіць «Што? Дзе? Калі?». Гэта «залатая жыла» для алімпіяднікаў. Каб адказваць на пытанні, не трэба чытаць вельмі складаную літаратуру па 20 гадзін у дзень. Мне падабаецца, што, маючы нейкі стандартны набор ведаў і ўжыўшы логіку, можна прыйсці да правільнага адказу. Вельмі добра развіваюцца аналітычнае мысленне і памяць. Калі ты адзін раз на тыдзень праводзіш вечар, спрабуючы разабрацца ў дастаткова складаных тэмах, пытанні, з якімі сутыкаешся ў штодзённай руціне, здаюцца больш простымі. Плюс, калі нешта не ведаеш, прыходзіш дадому, паглыбляешся ў гэтую тэму — і становішся больш «падкаваным» у ёй. Я магу прыгадаць не адзін прыклад, калі на экзамене ва ўніверсітэце ратавалася тым, што ў мяне ёсць запас ведаў, атрыманых падчас інтэлектуальных гульняў.

Надзея Анісовіч, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Фота Анастасіі Красічэнкі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.