Вы тут

Чаму досвед даражэйшы за грошы


Распаўсюджанае меркаванне аб тым, што маладыя спецыялісты, якія трапляюць на прадпрыемствы, могуць займацца толькі найменш адказнай працай, справядлівае далёка не заўсёды. Напрыклад, для 23-гадовага інжынера-энергетыка папяровай фабрыкі ў Добрушы Яўгена КРУЦІКАВА прыезд на працу ў невялікі горад абярнуўся неверагодна імклівым кар'ерным ростам. Пра свае прафесійныя поспехі ён расказаў карэспандэнтам «Чырвонкі. Чырвонай змены».


Мы сустракаемся з Яўгенам у адным з памяшканняў славутай Добрушскай папяровай фабрыкі «Герой працы». Хлопец родам з Гомеля, летась скончыў тамтэйшы дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В. Сухога па спецыяльнасці «інжынер-энергетык». Калі паўстаў выбар, куды ехаць па размеркаванні, адразу звярнуў увагу на папяровую фабрыку — чатыры вольныя месцы для маладых спецыялістаў рабілі яе найбольш прыцягальнай з усіх варыянтаў. Усё ж такі, ехаць у чужы горад з сябрамі і прасцей, і весялей.

— Загадчык кафедры таксама адразу параіў мне выбраць менавіта Добруш, — успамінае хлопец. — Ён як у ваду глядзеў, кажучы, што ў невялікім горадзе прасцей паказаць сябе і зарабіць патрэбны досвед. Таму ўжо на наступны дзень пасля размеркавання мы ў поўным складзе прыехалі на прадпрыемства. У прынцыпе, умовы нам спадабаліся. Вытворчасць вялікая, да Гомеля ехаць усяго паўгадзіны... Акрамя таго, нам ужо тады сказалі, што хутка пабудуюць яшчэ і новую кардонную фабрыку з самым сучасным абсталяваннем, дзе будзе магчымасць для працаўладкавання.

Дарэчы, з чатырох чалавек, якія прыехалі ў Добруш па размеркаванні, — дзве дзяўчыны, яны таксама інжынеры-энергетыкі па спецыяльнасці.

Пакуль уся «каманда» працуе на старым прадпрыемстве, займаецца абслугоўваннем ЦЭЦ. Але са з'яўленнем у горадзе самай вялікай у СНД кардоннай фабрыкі, якую цяпер будуе буйная кітайская кампанія, энергазабеспячэнне будзе цалкам пераведзена на новы комплекс. Чакаць яго здачы засталося ўжо менш за год.

— Спачатку я прыйшоў на пасаду інжынера-энергетыка, — кажа Яўген. — Праз чатыры месяцы мяне перавялі ў аддзел галоўнага энергетыка, дзе ўжо праз два тыдні я пачаў выконваць яго абавязкі. Справа ў тым, што чалавек, які займаў гэтую пасаду, сышоў у адпачынак, а я нядрэнна сябе зарэкамендаваў. Вось так, фактычна праз чатыры з паловай месяцы я часова стаў галоўным спецыялістам па энергетыцы ўсяго прадпрыемства.

На новай кардоннай фабрыцы ўжо займаюцца падрыхтоўкай спецыялістаў, хоць пуск абсталявання запланаваны толькі на снежань. Яўген, напрыклад, напісаў заяву на перавод у новы комплекс на кіруючую пасаду. У перспектыве адміністрацыя разглядае хлопца ў якасці намесніка начальніка энергетычнага цэха новага комплексу.

У чым жа заключаецца праца інжынера-энергетыка? На старой ЦЭЦ ён у асноўным сочыць за работай усяго цэха, за станам абсталявання, у прыватнасці, катлоў. Усяго на прадпрыемстве іх два, кожны спажывае 35 тон паліва за гадзіну. Падключаная да іх турбіна выпрацоўвае тры мегаваты з магчымых шасці — сказваецца ўзрост тэхнікі. На новым комплексе, дзе Яўген ужо рыхтуецца да прыёмкі, ён сочыць за манціраваннем усяго энергетычнага абсталявання.

— Безумоўна, спачатку працаваць было цяжка, хоць прынялі нас вельмі добра, — кажа Яўген. — Калектыў падабаецца. Вельмі ўразіла, што да нас адразу паставіліся сур'ёзна, не было такога: «Ты малады, таму слухаць цябе ніхто не будзе». Наадварот, ёсць аператары, якія працуюць тут 20 і больш гадоў, але яны цікавяцца нашым меркаваннем і самі дапамагаюць, калі нешта не разумеем мы. Усё, што выкладаецца ва ўніверсітэце, — гэта, хутчэй, для агульнага развіцця. Я сказаў бы, што 80 працэнтаў патрэбных ведаў я атрымаў ужо на месцы дзякуючы сваім калегам.

Размаўляем пра заробкі на фабрыцы. Па прызнанні Яўгена, аклады тут невялікія, каля трох мільёнаў. Асобна работнікам выдаюць даведкі на харчаванне на суму 500 тысяч, можна адразу «забіраць» гэтыя грошы прадуктамі. Акрамя таго, прыезджым спецыялістам дапамагаюць з арэндай кватэры. Так, Яўгену плацяць пяць базавых (крыху больш за мільён) штомесячна, гэта цалкам пакрывае кошт арэнды зімой, а летам нават застаецца лішак грошай. Хлопец мяркуе, што з пускам кардоннай фабрыкі заробкі могуць павялічыцца.

Па словах спецыяліста, галоўная складанасць для маладых у Добрушы — арганізаваць цікавы адпачынак. Але блізкасць другога па велічыні горада Беларусі яе практычна нівеліруе. Кожныя выхадныя Яўген ездзіць дадому. Там жа ў асноўным і адпачывае.

— Я цяпер магу параўноўваць сваю сітуацыю з сітуацыяй аднакурснікаў, — кажа хлопец, — і прыходжу да высновы, што зрабіў правільны выбар. Няхай сабе многія атрымліваюць больш — і пяць, і шэсць, і сем мільёнаў, — але яны пачалі, што называецца, «з самых нізоў». Працуюць майстрамі і нават на ніжэйшых пасадах. Я ж пачаў з інжынера, што ўжо нядрэнна. Акрамя гэтага, цяпер атрымліваю неверагодны досвед дзякуючы будаўніцтву кардоннага завода. Магчымасць бачыць разабраны кацёл (а гэта бывае толькі адзін раз за яго «жыццё») — тое, што не купіш за грошы.

lyskavets@zvіazda.by

Мінск — Добруш — Мінск

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Турбіна для кар'еры

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.