Вы тут

Будні інспектара ДПС


Атрымліваць задавальненне ад таго, што робіш; не баяцца шукаць сябе і заўсёды памятаць пра паважлівае стаўленне да людзей. Такімі прынцыпамі ў жыцці і на працы кіруецца малады інспектар ДПС, з якім нам удалося трапіць на дзяжурства.


Тваё і не тваё

— Сядайце хуценька, працы шмат. Нас ужо чакаюць, — акідваючы мяне позіркам, кажа лейтэнант Максім Какоеў, інспектар ДПС АДАІ Цэнтральнага РУУС г. Мінска.

Каму мы так былі патрэбныя, стала зразумела праз некалькі хвілін: невялікае ДТЗ у двары дома па вуліцы Заслаўскай.

— Тут заўсёды раніцай раз'ехацца проста немагчыма! Побач дзіцячы садок і школа. І кожны сваё дзіця пад самыя дзверы падвезці хоча, — пачынае апраўдвацца віноўнік.

Максім выслухоўвае адзін бок, другі. Затым пачынае афармляць ДТЗ, просіць ва ўладальнікаў аўтамабіляў запоўніць і падпісаць усе неабходныя дакументы.

Малады інспектар трымаецца так упэўнена і прафесійна, што здаецца — за яго плячыма дзясяткі гадоў службы.

— Інспектарам ДПС я працую ўсяго два гады, але гэтага часу хапіла, каб зразумець, як трэба паводзіць сябе з людзьмі. Галоўнае — паважлівае стаўленне. Чалавек павінен адчуць, што, выконваючы свае службовыя абавязкі, ты хочаш дапамагчы, — расказвае Максім па дарозе на другі выклік.

Да пагонаў хлопец «прыйшоў» не адразу. У школьныя гады ўвогуле хацеў звязаць сваё жыццё са спортам. Каля васьмі гадоў сур'ёзна займаўся фехтаваннем. Па парадзе трэнера паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Размеркаванне адпрацаваў у спартыўным клубе «Армія», але зразумеў, што хоча чагосьці іншага.

— Толькі спрабуючы, можна вызначыць, што тваё, а што дакладна прызначана для іншых. Я, напрыклад, зразумеў, што выкладанне — гэта не мой шлях, — дадае Максім.

У той жа час малады інспектар прызнаецца, што прафесія педагога вельмі дапамагае яму цяпер на службе. Зразумела, псіхалогія дзяцей, з якімі ён працаваў дагэтуль, і дарослых розная, але база адна.

Спорт лішнім не бывае

Экіпаж ДПС звычайна складаецца з двух інспектараў. Пра тое, ці цяжка спрацавацца з напарнікам, Максім адказвае адразу — не.

— Мы робім агульную справу, якія могуць быць рознагалоссі? — тлумачыць хлопец. — Увогуле, на нашай працы няма калі адносіны высвятляць ці на кагосьці коса глядзець.

Як расказаў Максім, шчыльны працоўны графік і вялікія нагрузкі ні сіл, ні часу не пакідаюць на фехтаванне. Але спорт лішнім не бывае.

— Спорт загартоўвае. Робіць цябе мацнейшым як фізічна, так і маральна. А гэта на службе заўсёды спатрэбіцца, — лічыць інспектар.

На штрафстаянку за сваёй машынай мужчына гадоў сарака прыехаў, відаць, не ў настроі. Яго можна зразумець: ён спазняецца на вельмі важную сустрэчу... Але паркаваць аўто ў забароненым месцы ніхто яго не прымушаў. Менавіта такога пункту гледжання прытрымліваецца інспектар ДПС.

Максім запаўняе ўсе неабходныя дакументы і кажа, што як толькі прыступіў да службы, гэта было самае цяжкае. Цяпер з закрытымі вачыма можа сказаць, што і ў якім кутку трэба пісаць, а спачатку ўсё было куды складаней.

— Права на памылку, можна сказаць, няма. Закрэсліваць альбо замазваць нешта нельга, — кажа хлопец.

«Гісторыі» ад кіроўцаў

— Хрысціна Міхайлаўна, чаму за рулём па мабільным тэлефоне размаўляем? — трымаючы ў руках правы бялявай жанчыны, пытаецца Максім.

— Мне муж патэлефанаваў! Сын захварэў, дык ён пытаўся, якія лекі яму даць, — адказвае парушальніца.

Максім гаворыць, што якіх толькі гісторый за час працы інспектарам ДПС не наслухаўся ад кіроўцаў! Зразумела, што ёсць у гэтым «спісе апраўданняў» і праўда, але хвалюе яна мала. Кожнага не пашкадуеш, а парадак на дарозе падтрымліваць трэба.

— Успрымаюць кіроўцы нас па-рознаму. Адны разумеюць, што мы робім сваю справу, іншыя нават слухаць не хочуць. Аднак я ўсё ж такі думаю, што ўдзячных нам людзей больш, — гаворыць інспектар ДПС.

Максім расказвае, што яму больш падабаюцца начныя дзяжурствы. Лёгкімі іх не назавеш, але прыцягвае тое, што горад пачынае «дыхаць» неяк па-новаму. Хлопец прызнаецца, што па прычыне пастаяннай занятасці вельмі рэдка ездзіць на сваю малую радзіму ў Віцебскую вобласць.

— Вядома, хацелася б дома бываць часцей, але я разумею, што менавіта цяпер той час, калі трэба працаваць над сабой. Закладваць падмурак на будучыню, удасканальвацца ў тым, што ты робіш, — дзеліцца малады інспектар ДПС.

У голасе і інтанацыях Максіма на працягу ўсёй нашай, хай і нядоўгай, размовы адчувалася задавальненне ад таго, чым ён займаецца. Магчыма, яшчэ эмацыянальна не выгараў? Ці чалавек проста знайшоў сваю справу.

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Парадак на дарозе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».