Вы тут

Не проста Марыя


Якая яна, Марыя Марчук, лепшая з лепшых, пераможца рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года — 2015», у чым сакрэт перамогі і што змянілася пасля яго ў жыцці дзяўчыны?


Удзель­ні­ча­ю­чы ў кон­кур­сах, Ма­рыя не го­ніц­ца за пе­ра­мо­гай, але ста­ра­ец­ца пра­ца­ваць на ўсю моц.

— У мяне творчая сям'я, — з усмешкай пачынае гутарку Марыя. — Маці — настаўніца сальфеджыа і музычнай літаратуры, старэйшая сястра Дар'я вучыцца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па класе альта, малодшая Варвара — у 4 класе і «гарыць» танцамі. Магчыма, і я ў «творчасць» падалася б. Але ў школе захапілі матэматыка, фізіка і англійская мова. Нават некаторы час думала паступаць на перакладчыка. Ды вырашыла, што гэтага для мяне будзе мала, таму цяпер я студэнтка лепшага тэхнічнага ўніверсітэта — БДУІРа, факультэта камп'ютарных сістэм і сетак, спецыяльнасці «Інфарматыка і тэхналогіі праграмавання»! Даводзіцца шмат працаваць з англамоўнай дакументацыяй, таму добрае веданне замежных моў мне спатрэбілася! Шчыра кажучы, вучыцца ў нас складана, але калі бачу вынік працы, то зараджаюся пазітыўным, баявым духам на далейшыя «подзвігі» ў вучобе.

— Але і творчасць прысутнічае ў студэнцкім жыцці?

— Канешне! Паўдзельнічала ў шматлікіх конкурсах, канцэртах і канферэнцыях. Зараз многія з іх і не ўспомню. Галоўнае ж тое, што яны мне прынеслі ў плане развіцця. Добра памятаю толькі сваю першую ўніверсітэцкую перамогу ў намінацыі «Першакурснік, які валодае найбольшым творчым патэнцыялам» на «Студэнцкім дэбюце», дзе я выйшла ў «абліччы» Астапа Бэндэра. Дарэчы, гэты вобраз стаў выйгрышным і на «Студэнце года». Падчас конкурсу прамоўніцкага майстэрства распавяла пра сваю спецыяльнасць і працу ў вобразе Астапа — актыўнага хлопца з жалезнай хваткай, што, на мой погляд, з'яўляецца галоўным стрыжнем паспяховага чалавека. Акрамя таго, гэта мужчынскі вобраз — а я вучуся ў адным з самых «мужчынскіх» універсітэтаў краіны.

Яшчэ люблю спяваць і захапляюся тэатрам. Зараз іграю ў тэатральным калектыве свайго факультэта «Пункт гледжання». Калі выканала на «Студэнце года» перакладзеную на беларускую мову песню «Іt's my lіfe» Bon Jovі, Святлана Стацэнка (адзін з членаў журы) параіла мне паўдзельнічаць у адборы на «Еўрабачанне». Я ж не прывыкла ацэньваць свой вакал з прафесійнага боку, таму такая пахвала ўсцешыла.

— А як ты трапіла на спаборніцтвы лепшых з лепшых?

— Даўно хацела трапіць на рэспубліканскі конкурс «Студэнт года», але не хапала нейкага фінальнага штуршка... За два тыдні да конкурсу мне, трэцякурсніцы, прапанавалі прадстаўляць свой універсітэт на гарадскім этапе. Вядома, гэта была авантура, але я пагадзілася.

І пусцілася ў неймаверную гонку па падрыхтоўцы разам з БРСМ, маладзёжным тэлебачаннем БДУІРа, а таксама прафкамам студэнтаў. Задача перад намі стаяла няпростая: зрабіць прэзентацыйны ролік на тэму «Я — студэнт», партфоліа, якое б расказвала пра маё прафесійнае, грамадскае і творчае жыццё, прадставіць у друкаваным выглядзе маладзёжны праект, візітоўку і творчы нумар. Працавалі фактычна дзень і ноч. Праўда, не ўсё на гарадскім этапе праходзіла гладка, таму сумняваліся, ці зможам прайсці далей, але мы справіліся і... апынуліся ў фінале. Да папярэдніх конкурсных выпрабаванняў дадаліся стэндавая абарона праекта і конкурс аратарскага майстэрства. Мне даўно хацелася, каб наша ўніверсітэцкае тэлебачанне выйшла на новы ўзровень, таму я і прадстаўляла праект «Маладзёжнае тэлебачанне». Пры стэндавай абароне мы выкарыстоўвалі вялікую колькасць прома-прадукцыі: буклеты, значкі «БДУІР за Машу», «БРСМ за Машу», «Прафкам за Машу», печыва з лагатыпам праекта і нават ляльку-мядзведзя ў майцы «Міша за Машу». Але гэта ўсё было б нічым, калі б сам праект быў «пустым». Мы вялі фота- і відэаздымку таго, што адбывалася, на месцы раздрукоўвалі фатаграфіі, праводзілі інтэрв'ю сярод гледачоў... Мая творчая каманда вельмі грунтоўна падышла да конкурсу, і мы прадставілі БДУІР і мяне як свайго роду брэнд. Было прыемна, што падчас конкурсу і доўгі час пасля да мяне звярталіся няйначай як «Наша Маша». Значыць, піяр-кампанія мела поспех. А ў прэзентацыйным роліку «Я — студэнт» мы візуалізавалі вобраз БДУІРа як маладога чалавека і паказалі нашы ўзаемаадносіны на працягу мінулых двух гадоў. За гэты час было шмат і перамог, і расчараванняў, і, на жаль, страчаных магчымасцяў...

— Але ў фінале «Студэнт года» ты свой шанц не ўпусціла...

— Мяркую, менавіта тая шматграннасць, што прасочвалася ў конкурсных выпрабаваннях, і прынесла перамогу. Для мяне важным было заставацца самой сабой. Вось і выйшла, што нумары вельмі розныя, але ўсе яны ў выніку паказалі мяне сапраўдную.

Звычайна, удзельнічаючы ў конкурсах, я не разлічваю на перамогу, але стараюся працаваць на ўсю моц. Так выйшла і тут. Неверагодная эйфарыя! Я ведала — гэта вынік велізарнай і каманднай, і маёй працы, таму перамога сапраўды заслужаная. Неверагодна гучалі словы, што я стала пераможцай, ды яшчэ і ў трох намінацыях («Студэнт года», «Студэнт года ОNLІNЕ» і «Прыз глядацкіх сімпатый»). Адразу ж падумала пра тое, як мне хочацца аддзячыць усім, хто працаваў разам са мной. Мы зрабілі гэта разам!

 На­ват ляль­ка-мядз­ведзь «хва­рэў» за «На­шу Ма­шу»!

— Змянілася штосьці ў жыцці пасля такога грандыёзнага трыумфу?

— Вельмі здзівіла, што на наступны дзень пасля конкурсу мне патэлефанавалі і прапанавалі працу ў кампаніі, дзе я стажыравалася падчас летніх канікул. Тады не было вакансіі, а адразу пасля конкурсу неверагодным чынам з'явілася! Аднак мне давялося адмовіцца, бо я ўжо працую ў кампаніі па распрацоўцы банкаўскага праграмнага забеспячэння.

Дарэчы, для мяне званне «Студэнт года» — гэта не візітная картка, якая павінна адчыняць усе дзверы. Хутчэй, адказнае званне, якое трэба пастаянна апраўдваць.

Я — чалавек вельмі патрабавальны, і мне няпроста паверыць, што я раблю нешта па-сапраўднаму добра, а конкурс даў мне велізарную ўпэўненасць у сабе, у сваіх сілах. Цяпер жа ведаю, што не трэба баяцца праяўляць ініцыятыву — яна будзе падтрымана. Упэўнена, што ў мяне ўсё атрымаецца, і не баюся брацца за новую працу, укладваючы ўсе сілы.

— Можа, падзелішся планамі на будучыню?

— О-о-о! Яны вялікія! Мне вельмі-вельмі падабаецца мая цяперашняя праца адміністратарам баз даных, і я збіраюся развівацца ў гэтым кірунку, узбіраючыся на новыя вышыні.

Хачу хутчэй адправіцца ў паездку ў Стакгольм (гэта адзін з падарункаў ад арганізатараў конкурсу). Я ніколі не была ў Швецыі, таму, думаю, краіна стане для мяне вялікім адкрыццём.

Хацелася б у наступным годзе з'ездзіць на стажыроўку за мяжу, добра, што БДУІР дае такую магчымасць. Яшчэ мару паўдзельнічаць у конкурсе курсавых праектаў «Course Battle», які праводзіцца на маім факультэце. Там студэнты дэманструюць свае працы не толькі дэканату і загадчыкам выпускаючай кафедры факультэта, але і прадстаўнікам розных ІТ-кампаній.

— Марыя, а што б ты сказала пра саму сябе, якая ты?

— Сумленная, патрабавальная і строгая найперш да сябе. Негатыўна стаўлюся да інтрыг, сварак і скандалаў як у працы, так і ў паўсядзённым жыцці. Імкнуся быць гуманным чалавекам, цаню дапамогу і сама дапамагаю іншым, наколькі гэта ў маіх сілах. Мне здаецца, не залежна ад прафесіі і статусу, для чалавека галоўнае — заставацца чалавечным і імкнуцца быць карысным. Менавіта гэтаму вучыць нас любімая матуля. Важна ўсяго дабівацца самастойна. Па жыцці я іду з дэвізам, што пераняла ад яе: «Калі хочаш быць шчаслівым — будзь!»

Юлія БУКЕЛЬ, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Як нават Міша быў за Машу

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.