Вы тут

Уладзімір Пяткевіч: «Тутэйшая публіка заўсёды трымае нос па ветры»


У нас атрымалася хуліганская размова. Рэжысёру анімацыйнага кіно Уладзіміру Пяткевічу ўласцівыя прамалінейнасць і прастата. Убогі — значыць убогі. Абалдуй — значыць абалдуй. Лухта — значыць лухта. Прыемна, што да недасканаласці нашага свету ён ставіцца з іроніяй і нават нейкім разуменнем. «Мне без розніцы», — кажа ён часам, але гэтай абыякавасці не трэба давяраць да канца. Аўтар маляўнічых, яркіх сямейных мультфільмаў «Жыло-было дрэва», «Ёрш і верабей», «Як чарапаха заваявала павагу», «Як служыў жа я ў пана» і іншых прапісаўся на кінастудыі «Беларусьфільм» яшчэ ў 1990 годзе, а ўвогуле амаль без перапынку працуе з моманту заканчэння вышэйшых рэжысёрскіх курсаў у майстэрні Юрыя Нарштэйна. Гэта было ў 1981 годзе. А сёння, у 2016-м, праца ідзе над чарговым дзіцячым фільмам.


— Я падрадзіўся рабіць анімаваную беларускую азбуку, бо да гэтых часоў нічога падобнага мы не маем, а сённяшняе «караедскае» пакаленне патрабуе візуальнага ўвасаблення інфармацыі, яму трэба вылупліваць вочы. У Расіі, напрыклад, такога навалам, штук сто варыяцый, праўда, узровень убогі. Неблагі мультфільм я бачыў з англійскім алфавітам, але ён зроблены для дарослай публікі, бо англійскую мову вучыць хто заўгодна. У выніку я вырашыў паспрабаваць зрабіць на кожную з трыццаці дзвюх літар беларускага алфавіту кароткі сюжэт. Плануецца, што гэта будзе тры трынаццаціхвілінныя фільмы ў тэхніцы перакладкі. Зразумела, за сорак хвілін беларускай мове не навучыш, але, магчыма, гэты ажыўлены візуальны рад выкліча нейкую цікавасць. Кожны год тысячы дзяцей ідуць у першы клас, і хацелася б, каб яны атрымалі свой «супавы набор».

— Колькі часу зойме праца над трыма фільмамі?

— Прыкладна тры гады — у год па серыі. Раней казалі, дзесяціхвілінны фільм — што маляваны, што лялечны, што ў тэхніцы перакладкі — робіцца столькі ж, колькі ва ўлонні маці расце дзіця. У савецкія часы паміж працай над фільмамі хадзілі паўгода — пакуль сцэнарый скончыш, падрыхтуешся да наступных здымак і гэтак далей. Добры тэмп, лічылася. А сёння пасля заканчэння праекта перакантаваўся месяц-другі — і зноў пакаціў. Тэрмін працы над азбукай залежыць, зноў жа, ад фінансавання.

— І ад таго, ці адбудзецца рэарганізацыя кінастудыі.

— Прынамсі намер паадсякаць галовы быў, а наколькі паспяхова гэта ампутацыя можа прайсці, невядома. Безумоўна, эканамічнае становішча складанае, але я сябе свабодна адчуваю: азбука — такі праект, які, як ледакол, усё прабівае. Я бачыў шмат прыкладаў рэалізацыі ідэй: што ў англічан, што ў армян, што ў французаў падыход аднолькавы. Спачатку прадзюсар знаходзіць грошы ў арганізацыі, падобнай на наша Міністэрства культуры, і тады ўвесь кінарынак перад ім: можна «акучваць» тэлекампаніі, каб тыя згадзіліся паказаць гатовы фільм. А пакуль збіраецца пакецік гарантый, творчыя сілы гуляюць.

«Воўк і баран».

— Давайце параўнаем з тым, як робіцца ў нас.

— Як і ўсё астатняе. Спачатку мы робім гумовыя галёшы, а потым думаем, як іх прадаць. Хоць спачатку трэба было б прааналізаваць, варта іх рабіць ці не. У кіно ёсць пэўныя фарматы: поўнаметражнае, кароткаметражнае кіно і серыялы. Для таго, каб зрабіць поўнаметражку, у нас няма нічога. Серыялы ў нас не атрымліваюцца. Мультфільм «Ну, пачакай!» у свой час рабілі дваццаць гадоў, а серыялы трэба «выплёўваць». Стваральнікі фільма «Маша і мядзведзь» таксама спачатку наскрабалі на серыі, прадавалі за бясцэнак, пакуль не раскруціліся. Але гэта прыватная кантора, што значыць іншыя грошы, тэхніка і ўсё астатняе.

— Лепшыя?

— У кожнага свае задачы. Асветніцкія нікому не атрымлівалася вырашаць без дапамогі дзяржавы. А «Маша і мядзведзь» — камерцыйны праект. Як і цыкл фільмаў пра рускіх асілкаў, які, на мой погляд, з мастацкага пункту гледжання зроблены на нізкім узроўні. Я паглядзеў першы, з дыснееўскімі калькамі, дзе ўсё такое другаснае, і астатнія эпізоды ўжо не ўключаў. Нам застаецца апошняя ніша — аўтарскае кароткаметражнае кіно. Яно такое ж, як у часы маёй вучобы (хоць паступаў я на спецыяльнасць мастака-аніматара, на другі год мяне запісалі да Юрыя Нарштэйна. Да яго я пару разоў схадзіў, паслухаў рэжысёрскую балбатню — і далей вучыўся паралельна ў дзвюх майстэрнях. Бо перш за ўсё трэба ўмець працаваць рукамі). Я не ведаю, як мы сёння можам зарабіць на аўтарскіх карцінах, бо па вялікім рахунку ў нас нават поўнаметражным кіно не ўмеюць гандляваць.

— Продаж — гэта адно, фільмы ўвогуле складана даходзяць да гледача.

— Колькі я тут кантуюся, кінастудыя і беларускае тэлебачанне ніяк не могуць дамовіцца. А мне ўжо даўным-даўно ўсё па барабане. Я зразумеў, што гэта непрабіўная сістэма. Раней былі канторы — "Савэкспартфільм", "Савінтэрфэст", — якія паспяхова гандлявалі савецкімі фільмамі па ўсім свеце. Бывала, мне тэлефанавалі з Саюза кінематаграфістаў і паведамлялі, што маю карціну нехта купіў. Я маю на ўвазе, на анімацыйным кіно магчыма зарабіць. Сказаў бы дакладна, калі б сам узяў і зарабіў.

— Вы глядзіце сучасную анімацыю?

— Я ўвогуле кіно не гляджу. Сістэмна я рабіў гэта толькі на курсах, амаль трыццаць гадоў таму. Пасля гэтага ў кінатэатры дакладна не хадзіў. Тое, што паказваюць па "скрыні", можна глядзець максімум тры хвіліны, калі гэта не "Сафары-парк" пра кракадзілаў. Не так даўно паглядзеў фільм "Цуд". Нечакана для Арабава (Юрый Арабаў — сцэнарыст, вядомы супрацоўніцтвам з рэжысёрам Аляксандрам Сакуравым. — Аўт.), бо Сакурава цярпець не магу. Не разумею, чаму яго параўноўваюць з Таркоўскім. "Меланхолія" Ларса фон Трыера — гэткае еўрапейскае кіно з усімі эстэцкімі наваротамі. Я яго дагледзеў да канца, што рэдка бывае, але другі раз уключаць не буду. Затое дакументалістыка — адзінае, што можна глядзець.

— Ці ёсць у вашай фільмаграфіі праекты за межамі "Беларусьфільма"?

— Неяк знаёмыя запрасілі папрацаваць над фільмам да 850-годдзя Масквы. Штат у асноўным складаўся з расіян, але "паклікалі" туды і некалькі замежнікаў. Потым я рабіў "Казкі народаў свету" — сумесны міжнародны праект. Падыход да яго ў арганізатараў быў сур'ёзны: для нас з мастачкай арганізавалі сафары, пабачыў я тых леапардаў, ільвоў і антылоп з сурыкатамі. Уся гэтая праца — заказная: пан-гаспадар заказвае, а ты робіш тое, што ад цябе хочуць. Грошы перадалі — разбегліся. У выніку заказчыкі былі шчаслівыя, а я тым, што атрымалася, не вельмі задаволены.

— А на "Беларусьфільме", значыць, можна рэалізоўваць уласныя ідэі?

— Так было раней. Паўтара-два гады таму пачаўся... не сказаць, каб тэрор, але выказванне "пажаданняў". Гэта нічога: я, уласна кажучы, дысідэнцкімі рэчамі ніколі не захапляўся. За мяжой аўтарская мультыплікацыя даўно пераўтварылася ў паліткарэктную лухту, барацьбу за правы жанчын ці нешта яшчэ — у гэтых трэндах аніматары і плюхаюцца. А я раблю фільмы для сям'і. І калі дзіця нечага не разумее, бацька з маці змогуць яму патлумачыць. У маёй групе два-тры мастакі. Усю астатнюю банду, якую на Саюзмультфільме складае 6-7 чалавек не лічачы фанаўшчыкоў і заліўшчыкаў, — увасабляю я адзін, бо прафесійных работнікаў проста няма. Нашы вучэбныя ўстановы адпаведных спецыялістаў не рыхтуюць.

— Вы казалі, што ў нас нічога няма для стварэння поўнаметражнага фільма. Чаго нічога?

— Маляванае кіно сёння мала хто робіць, у асноўным выкарыстоўваецца 3D-анімацыя. Для такога фільма ў нас няма ні тэхнікі, ні людзей. Адзін з былых дырэктараў кінастудыі неяк спытаўся ў мяне: "Што трэба, каб зрабіць такі фільм, як "Кароль-леў"? За любыя грошы". "Ладна, — кажу, — трэба знайсці ўсіх, хто працаваў над гэтым праектам, загрузіць іх разам з тэхнікай і перавезці. Увогуле гэты фрагмент Амерыкі перабазіраваць — і тады ў нас атрымаецца". Базары ідуць пра тое, што трэба з нашай фанеры зрабіць такую ракету, якая б лётала хутчэй за жалезную амерыканскую.

— А маляваны поўнаметражны фільм?

— Ведаеце, колькі ў нас маляваных мультыплікатараў у Беларусі? Тры, і ўсім за пяцьдзесят. Пра што цвыркаць? Тут школы ніколі не было, але і тое, што было, ужо страчана. На Саюзмультфільме раней рабілі 35-45 фільмаў у год. Зараз ледзь-ледзь набіраюць дзесяць дзесяціхвілінных стужак. На Беларусьфільме — восем. Усё грохнулася, нічога не вярнуць. Мой знаёмы доўга мучыўся, каб знайсці мецэната для свайго мультфільма пра Снежную каралеву. У выніку яго нармальна прадалі, але чалавек на гэтым усё здароўе страціў.

— Ці значыць гэта, што ў студыі анімацыйнага кіно Беларусьфільма няма будучыні?

— У яе ёсць сучаснасць, і даволі неблагая. Але чакаць, што нешта «трах-бабах!» і здарыцца, не варта. З чаго? Адбылося поўнае перафармаціраванне культуры і ўсведамлення. Калі раней папса была справай сорамнай, то сёння стала самым папулярным трэндам... Я не адкрываю нічога новага. Высокая культура застаецца на рэзервацыі. Ну а наша мультстудыя трымаецца на нармальным узроўні. Так кажуць і замежныя крытыкі.

— Нашы крытыкі таксама высока цэняць беларускую анімацыю.

— У нас няма крытыкаў. Я меў справу з рознымі людзьмі за мяжой і бачыў, як яны праяўляюць сваю прынцыповасць. Ён так лічыць, значыць палезе на абардаж, каб выказаць сваё меркаванне. А наша краіна маленькая, местачковая. Тутэйшая публіка заўсёды трымае нос па ветры. Людзям трэба ўлічваць ўсю пераменлівую карціну вятроў. Выраз «хавайся ў бульбу» з'явіўся нездарма. Я вырас у Сібіры, дзе іншая ментальнасць. Тут, калі ты некага «накалоў», проста раз-два сходзіш у тайгу, а на трэці не вернешся. І ніхто пра цябе нічога не будзе ведаць, «ну знік і знік», прасторы вялікія, марозы моцныя, ваўкоў шмат. Чэхаў некалі правільна прыйшоў да высновы, што чалавек не лечыцца. І спадзявацца, што ў яго нешта перашчоўкне ад сотні разумных кніжак, не варта.

«Курачка Раба».

— Усё ж ці забяспечвае добрая сучаснасць мультстудыі такую ж будучыню?

— У маім доме сантэхнік нядаўна купіў трохпакаёвую кватэру. Год таму я ляжаў у бальніцы — справы сардэчныя — і пазнаёміўся з двума дактарамі навук. Адзін гісторык і філосаф, а другі фізік. Пачуў я пра заробак першага і зразумеў, што нават я больш атрымліваю. А другі ўвогуле сказаў, што завязаў з гэтай справай: лічыць, што лепш капусту вырошчваць. Таму я не ведаю, хто выйгравае ў гэтай шахматнай партыі. Дакладна не кіно. Людзі цікавяцца больш простымі рэчамі — ежа, шмоткі, машыны. (Таму ў мяне да сваёй працы асобны падыход — не важна, што кажуць крытыкі, чым узнагароджваюць фестывалі, галоўнае, каб самому не было сорамна. Спадзяюся, калі гэта так, то і дзеці заікацца ад маіх фільмаў не стануць.) Столькі кніжак панапісана — я зараз Буніна чытаю — і што? Людзі лепшымі не становяцца...

— Можа таму, што Буніна не чытаюць?

— Мая маці, напрыклад, таксама яго не чытала. Мае бацькі гадаваліся ў вёсках. І выхаванне там было іншае — не кніжнае, а паводзінска-пераймальнае. Мая амаль не пісьменная маці казала: «Людзі сумленне страцілі, Бога забылі, нічога з іх зараз не атрымаецца». У сваіх сем'ях яны ўставалі зрання і ўсе, апроч самых малых, ішлі працаваць. Хто курэй пакорміць, хто пашчыпае нешта ў агародзе. А калі нарэшце садзіліся за стол, бацька пытаўся: «Нінка, ты што рабіла? Пронька, ты што рабіла? Грушка, ты што рабіла?» І кожны даваў справаздачу, зарабляў на сваё снеданне. З гэтага характар складваўся.

— А сёння сумленне — актуальная катэгорыя?

— Па-мойму, большасць нават не ведае, што яно павінна быць. Я думаю, Бог кожнаму з нас дае канспектыўна-інтуітыўныя правілы, якіх нам — абалдуям — лепш трымацца. А калі ты і твае продкі іх вынішчаюць, механізм перастае дзейнічаць. Магчыма, мы ўжо даскакаліся да таго, што пры нараджэнні гэтых правілаў не атрымліваем.

katsyalovich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Уладзімір Пяткевіч:«Бог кожнаму дае канспектыўна-інтуітыўныя правілы, якіх лепш трымацца...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?