Вы тут

Вайна за метр зямлі


У рэдакцыю прыйшло пісьмо. Скарга падрабязна выкладзена на чатырох старонках камп'ютарнага тэксту са схемамі, ілюстрацыямі і копіямі асобных дакументаў. Прычынай непаразумення пенсіянеркі з суседзямі і раённымі ўладамі стала зямельнае пытанне.


81-гадовая жанчына з невялікага палескага райцэнтра ў лісце паведамляе, што ўчастак пад будаўніцтва дома атрымаў яе муж-чыгуначнік яшчэ ў 1967 годзе. Тут яны і ўзвялі свой дом, тут вырасцілі дзяцей. На ўчастку знаходзіўся нічыйны склеп. У 2014 годзе гаспадыня рашыла яго ўзаконіць. Для гэтага звярнулася з заявай у райвыканкам. Неўзабаве выканаўчы камітэт прыняў адпаведную пастанову. Аказалася, што мяжа з суседнім участкам праходзіць акурат па сцяне таго самага склепа. У адным з нарматыўных дакументаў, які рэгламентуе землекарыстанне, ёсць спасылка на тое, што для абслугоўвання гаспадарчых пабудоў павінен быць хоць бы адзін метр зямлі. На гэта і націскае заяўніца.

Далей яна распавядае пра сваё блуканне па пакутах: пра звароты ў розныя інстанцыі, пра тое, як яе, напрыклад, не дапускаюць на прыём да губернатара. І многае іншае. Адразу ж уяўляецца карціна з бяздушнымі чыноўнікамі, якім няма справы да праблем і клопатаў людзей, сквапным суседам, што замахваецца на законны ўчастак пенсіянеркі, не дае падысці да ўласнага склепа. Карацей, трэба ехаць у камандзіроўку.

Скажу адразу, Марыя Пятроўна пры першай сустрэчы зрабіла станоўчае ўражанне. Даволі актыўная, да таго ж стройная, маладжавая жанчына, якой на выгляд ніяк не дасі 80 гадоў, з кіпай дакументаў напагатове зноў выкладае сваю гісторыю.

Але адразу ж нешта, мякка кажучы, не стыкуецца. Напрыклад, склеп аказаўся не зусім звычайным, якія паўсюль будавалі ў сельскай мясцовасці альбо ў прыватным сектары невялікіх гарадоў... Гэта нямецкі бункер часоў Першай сусветнай вайны. Пабудова, вядома, гістарычная, ды ў гаспадарчым сэнсе ўжо амаль бескарысная. Тоўстыя бетонныя сцены робяць названы бункер падобным на бамбасховішча. Але ў ім няма дзвярэй, ён даволі моцна разбураны на ўваходзе, і галоўнае, заліты вадой. Такім чынам, выкарыстоўваць абарончае збудаванне ў якасці звычайнага склепа немагчыма. Ды ён і непатрэбны Марыі Пятроўне. Яна кажа, што даўно разваліла б яго і зрабіла дадатковую граду. Толькі сцены бункера былі разлічаны на абарону ад бомбаў і снарадаў, разбурыць яго абыдзецца вельмі дорага. Яна і не ўтойвае, што зямля ёй патрэбная не для абслугоўвання, як гаворыцца ў скаргах, а дзеля дадатковага метра зямлі. Суседні ж участак быў аформлены ў 1997 годзе, і цяпер нарэзаць той злашчасны метр можна толькі, калі забраць яго ў суседзяў.

І яшчэ, паводле пісьма, зусім дзіўна выглядае карціна з так званым недапушчэннем на прыём да кіраўніка вобласці. Не раз бываючы на іх, на яго прамых лініях, я прыйшла да высновы, што ажыццявіць сваё канстытуцыйнае права грамадзянам Брэстчыны не вельмі складана, пры вялікім жаданні. А тут мае месца жаданне велізарнае, таму кіруюся ў райвыканкам з пытаннем, чаму яны не дапускаюць грамадзянку на прыём. Кіраўнік спраў дастае дакументы, з якіх відно, што наша гераіня была ў старшыні аблвыканкама, калі ён вёў прыём у гэтым райцэнтры. У выканкаме, дарэчы, перапіска з названай пенсіянеркай захоўваецца ў двух тамах — велізарных папках.

Вяртаюся назад, пытаю ў Марыі Пятроўны: «Як так? Вы ж былі на прыёме ў кіраўніка вобласці, а пішаце, што вас не дапускаюць». «Дык што ж гэта — адзін раз?» — разводзіць рукамі суразмоўца. Яна, відаць, хацела б камунікаваць з губернатарам часцей.

Тады я спытала, чаму аўтар скаргі не хоча пайсці ў суд, каб раз і назаўсёды вырашыць пытанне з тым злашчасным метрам зямлі. Жанчына адказала, што судовыя выдаткі вялікія, а ў яе малая пенсія. Тут яна мае рацыю, але, як заўсёды, крыху не дагаворвае. І дом, і ўчастак, за метр зямлі на якім яна так адчайна ваюе, даўно не яе. Яны з мужам перапісалі нерухомасць на дзяцей, ад іх імя па даверанасці дзейнічае жанчына. Дык вось гаспадарам (адзін з іх мае грамадзянства Расійскай Федэрацыі) аплаціць тыя судовыя пошліны, відаць, было б не вельмі складана. Іншы паварот, калі ты не ўпэўнены ў зыходзе судовай справы, бо надта ж многа закавык і непаразуменняў.

Усе, хто нейкім чынам сутыкаўся са зваротамі грамадзян, ведаюць, што зямельныя спрэчкі самыя цяжкія ў вырашэнні, самыя безнадзейныя ў любой спробе прымірыць бакі. І робіцца шкада гэтай жанчыны, якая столькі сіл, энергіі, сродкаў траціць на паходы, паездкі па інстанцыях. Яна расказвала, што вельмі часта выходзіць з дому а трэцяй гадзіне ночы, каб першым цягніком дабрацца ў Брэст да васьмі раніцы, потым ідзе ў выканкам альбо іншыя ўстановы. Ужо здаецца, усе яны абыдзены, уключаючы рэспубліканскія структуры. Але пенсіянерка не спыняецца, ідзе па другім, трэцім, пятым крузе. А не так даўно яна перажыла аперацыю на сэрцы. На шчасце, тая прайшла паспяхова, што не заўсёды і не з усімі бывае. Здавалася б, жыві і радуйся тым дням і гадам, што адпушчаны лёсам, а таксама падтрымлівай моцна хворага мужа. Ды кожны распараджаецца сваім жыццём згодна са сваім разуменнем.

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.