Вы тут

Сем'і ваеннаслужачых мінскага гарнізона атрымалі новыя кватэры


Больш за 130 сем'яў ваеннаслужачых мінскага гарнізона ўнутраных войскаў МУС атрымалі ключы ад кватэр ў новым 19-павярховым жылым доме. Аднымі з першых умовы жылля вайскоўцаў ацанілі карэспандэнты «Звязды».


Навасёлы Святлана і Дзмітрый ШЫЛЕЙКІ з дзецьмі Захарам, Сашам і маленькім Дамінікам. Фота БЕЛТА

У двары вежы-шматпавярховіка па адрасе Маякоўскага, 101а пакуль ціха, людзей няшмат. Але неўзабаве стаянку запоўняць грузавыя аўтамабілі, у кватэры пацягнуцца задаволеныя, заклапочаныя новымі, прыемнымі турботамі навасёлы, а новую гульнявую пляцоўку аблепяць дзеці.

Вось і Дзмітрый Шамаеў, начальнік майстэрні па рамонце ўзбраення і тэхнікі в/ч 5448, не ўтойвае сваіх эмоцый.

— У чарзе на жыллё стаяў даўно. Для нас засяленне ў новую кватэру — сапраўднае шчасце, — кажа Дзмітрый і адкрывае ключом дамафонныя дзверы. — Раней да працы прыходзілася дабірацца хвілін 25, а цяпер усё прасцей — да вайсковай часці лічаныя метры.

Мы падымаемся на другі паверх і заходзім за нашым суразмоўцам у кватэру. Трохпакаёўка адразу ўражвае памерамі. Як-ніяк 78 «квадратаў». Пакоі кватэры, як і ў астатніх, ужо адстроены. Гаспадарам застаецца толькі абсталяваць жытло мэбляй, бытавой тэхнікай. Зрэшты, Дзмітрый Шамаеў аб гэтым паклапаціўся загадзя і ўжо перавёз пральную машыну, кухонную мэблю, у дзіцячым пакоі паставіў два ложкі для сваіх дачок...

— Кватэры насамрэч добрыя, — далучаецца да размовы Дзмітрый Дрозд, намеснік камандзіра роты па тэхнічнай частцы, сябар Шамаева, які таксама будзе жыць у новым доме. — Аддзелачныя работы выканалі на належным узроўні. Жыллё камфортнае, усе вельмі задаволеныя, што атрымалі кватэры.

З ключамі — навасёл  Дзмітрый ШАМАЕЎ.

— З кім будзеце жыць па суседстве, ужо ведаеце?

— Безумоўна. Толькі з нашай часці засяляюцца 55 чалавек. Усе адно аднаго ведаюць. Можна сказаць, сябруем сем'ямі. А дзеці цяпер будуць наведваць адну школу і дзіцячы садок.

Тое, што жыллё з'яўляецца арэндным, не бянтэжыць навасёлаў. За іх, наадварот, можна толькі парадавацца. Усе ў адзін голас прызнаюць, лепш плаціць 500 тысяч у месяц за новую кватэру каля працы, чым 300 долараў за здымнае жыллё, якое часам аказваецца далёка не самай лепшай якасці.

На наступны дзень навасёлаў чакала свята. Наведаў іх і міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. Ну а першым праз парог запусцілі ката, каб прынёс жыхарам дома шчасце і ўдачу.

Ігар ШУНЕВІЧ, міністр унутраных спраў:

— Гэта не проста падзея, а свята. І я шчыра пазайздросціў тым шчасліўчыкам, якія атрымалі ключы. Бот такое здараецца нячаста. А ў афіцэра, магчыма, толькі аднойчы ў жыцці. Аднак гэта варта таго, каб служыць доўга, якасна, цалкам аддавацца службе. Гэта тая база, якая дазваляе афіцэру адчуваць сябе афіцэрам: запатрабаваным, патрэбным дзяржаве і людзям.

taras@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН.

Загаловак у газеце: Дом, які чакалі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».