Вы тут

Мінск атрымаў узнагароды ў Канах


15 сакавіка ў Канах, у рамках 27-й міжнароднай прафесійнай выставы камерцыйнай нерухомасці MІPІM уручылі ўзнагароды гарадам, якія сталі лідарамі ў рэйтынгах часопіса fDі Magazіne — спецыялізаванага выдання брытанскай газеты Fіnancіal Tіmes, сфакусаванага на тэматыцы прамых замежных інвестыцый.


Сёлета ў дзвюх намінацыях — «Топ-2 буйных еўрапейскіх гарадоў па эфектыўнасці выдаткаў на вядзенне бізнесу» і «Топ-10 буйных гарадоў па найлепшай стратэгіі прыцягнення прамых замежных інвестыцый» — узнагародамі быў адзначаны Мінск.

Як паведамляе сайт Пасольства Беларусі ў Францыі, узнагароды на цырымоніі ў Канах атрымаў старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац. У мерапрыемстве таксама прыняў удзел пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка. Уручала ўзнагароды галоўны рэдактар часопіса fDі Magazіne Кортні Фінгер.

Сёлета ўдзел у конкурсе прынялі 223 гарады. Пры складанні рэйтынгу ўлічваліся 96 незалежных паказчыкаў. Падлікі праводзіліся згодна з аналізам і ацэнкамі вядучых экспертаў выдання fDі Magazіne. Яны ўключалі эканамічны патэнцыял, чалавечыя рэсурсы, узровень выдаткаў на вядзенне бізнесу, узровень жыцця, якасць інфраструктуры, лёгкасць вядзення бізнесу, стратэгію прыцягнення прамых замежных інвестыцый. Вызначаўся найлепшы горад у агульным рэйтынгу ўсіх гарадоў, а таксама кожны горад удзельнічаў у сваёй катэгорыі (па колькасці насельніцтва): буйныя, сярэднія, малыя, мікрагарады.

Нароўні з беларускай сталіцай узнагароды атрымалі Лондан, Масква, Лісабон, Кіеў, Вільнюс, Кёльн, Дзюсэльдорф, Заграб, Любляна і іншыя.

Даведка:

Выстава MІPІM традыцыйна збірае найбольш уплывовых гульцоў розных сектараў міжнароднага рынку нерухомасці: офісы, жыллё, гандаль, медыцына, спорт, лагістыка і прамысловасць.

МІРІМ прапануе ўдзельнікам унікальны доступ да вялікай колькасці будаўнічых праектаў і крыніц фінансавання ў асобе інвестыцыйных кампаній з вядучых краін свету. Акрамя таго, падчас выставак праходзяць прэзентацыі сталічных гарадоў і буйных агламерацый, якія праводзяць іх мэры.

Сёлета на выставе прадстаўлена амаль 2700 кампаній з прыкладна 90 краін свету.

Праграмай візіту старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Шорца таксама прадугледжаны ўдзел у традыцыйным асобным мерапрыемстве для кіраўнікоў гарадоў — Саміце мэраў, які прайшоў у рамках MІPІM учора, 16 сакавіка, і быў прысвечаны развіццю жыллёвага сектара. Акрамя таго, запланаваны перамовы з прадстаўнікамі буйных французскіх і іспанскіх кампаній, якія рэалізуюць або плануюць рэалізацыю інвестыцыйных праектаў у Мінску.

Падчас мерапрыемстваў выставы Андрэй Шорац сустрэўся з мэрам Кіева Віталем Клічко, прадстаўнікамі кіраўніцтва Масквы і Санкт-Пецярбурга.

seradzyuk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».