Вы тут

Падатак, большы за зарплату


Колькі пералічваюць у дзяржказну за мяжой.

У нас любяць паспрачацца з памерам падаткаў, але пры гэтым мала цікавяцца, колькі аддаюць у казну грамадзяне замежных краін. Зараз падатак у нашай краіне ад заробку складае 13%, паглядзім, колькі плацяць за мяжой. Калі параўнаць, то мы аддаем дзяржаве не так шмат. Прынамсі, у некаторых краінах гэта лічба перавышае ажно 60%!


Роўнасць па-шведску

Сітуацыя, калі падатак забірае большую палову зарплаты, склалася ў Швецыі, якая ўспрымаецца як узор сацыяльнай дзяржавы. І, відаць, гэта падабаецца большасці шведаў: дзякуючы высокім падаткам у краіне забяспечваецца адзін з самых высокіх узроўняў жыцця ў свеце.

У Швецыі вельмі своеасаблівая сістэма падаткаабкладання – некаторыя ўвесь свой заробак пакінуць сабе, іншым жа трэба будзе заплаціць падаткаў больш чым на 60%. Так, падаткі не плаціць студэнт, які падпрацоўвае і зарабляе на месяц некалькі тысяч крон (1 шведская крона роўная 9,5 еўра). Але прыбіральшчыца, якая зарабляе прыкладна 18000 крон (трошкі менш за 1900 еўра) аддасць 30% ад гэтай сумы дзяржаве. Дробны чыноўнік з зарплатай у 70000 крон (каля 7300 еўра) заплаціць 45% падатку, а нейкі бізнесмен, што зарабляе на месяц 2000000 і больш крон аддасць падатковым службам большую частку гэтай сумы – 62%. Такім чынам, чым больш багаты чалавек, тым большую суму ад свайго дахода ён ахвяруе дзяржаве. Па гэтай прычыне ў шведаў няма вялікай розніцы паміж даходамі.

Увогуле, у гэтай скандынаўскай краіне паняцце “даходы” – вельмі шырокае. Прадалі шалік, што звязалі самастойна ў вольны час? Заплаціце падатак: у Швецыі ім абкладаюцца і даходы ад хобі. Вы атрымалі грошы за пэўныя работы, выкананыя для другога чалавека нават калі ён не з’яўляецца вашым афіцыйным працадаўцам? Заплаціце падатак – частка ад даходу за падзённыя працы таксама належыць дзяржаве.  

Калісьці ў 70-я Астрыд Лінгрэн з сумам пажартавала, што падатак, якія яна павінна заплаціць, перавышае яе даходы.

Пра тое, каб знізіць падаткі, размовы ў Швецыі ідуць пастаянна – гэтая задача часта становіцца адпаведным пунктам у выбарчых праграмах апазіцыйных партый. Але як толькі апазіцыя прыходзіць да ўлады, яе пункт гледжання на падатковую палітыку рэзка змяняецца. Сапраўды, падаткі можна знізіць, але тады рэзка ўпадзе ўзровень медыцынскай падтрымкі, адукацыйных паслуг, дапамогі пажылым людзям і інвалідам.

Не рабіся ворагам

У “краіне эмігрантаў” Злучаных Штатах не заплаціць падатак – вельмі сур’ёзнае злачынства. Калі чалавек проста забыўся (або сказаў, што забыўся) пра гэта, то яго яшчэ зразумеюць, але калі ён не заплаціў спецыяльна – гэта проста невыбачальна! Кожны грамадзянін ЗША штогод падае падатковую дэкларацыю самастойна незалежна ад таго, колькі ў яго было даходу. Нявыплата падаткаў жорстка караецца: гучныя працэсы над асуджанымі за гэта знакамітасцямі – адна з пастаянных тэм для амерыканскіх сродкаў масавай інфармацыі. Выслоўе пра “дзве рэчы, якіх у жыцці не пазбегнуць ніяк – смерць і падаткі” прыйшло менавіта са Злучаных Штатаў, і аўтар яго – не хто іншы, як Бэнджамін Франклін, адзін з аўтараў Дэкларацыі незалежнасці і Канстытуцыі ЗША.

Згодна з законамі гэтай краіны, падаткі мае права ўстанаўліваць не толькі федэральны ўрад, але і урад штата, мясцовыя органы ў гарадах і акругах. Калі федэральны падатак адзіны і абавязковы для ўсіх грамадзян краіны, мясцовыя падаткі адрозніваюцца.

Пра нешта сярэдняе ў гэтым выпадку складана казаць, але паспрабуем палічыць, колькі плаціць ў год сярэдні амерыканец. Так, любы грамадзянін ЗША абавязаны заплаціць федэральны падаходны падатак. У сярэднім ён роўны 18% ад падаткаабкладаемай сумы. Другім падаткам, які трэба заплаціць у гэтай краіне, з’яўляецца падаходны падатак Штата, ён розны ў розных раёнах краіны. Што цікава, у шэрагу штатаў ён увогуле адсутнічае. Сярод апошніх – Тэхас, Аляска, Фларыда, Невада, Паўднёвая Дакота, Вашынгтон, Ваёмінг. Далей кожны амерыканец рэгулярна робіць адлічэнні ў медыцынскі (1,45% ад гадавой зарплаты) і сацыяльны (4,2%) фонды. Што маем у выніку? Штогод кожны амерыканец пералічвае ў дзяржаўную казну прыкладна 24% ад заробку.

Але мы не ўлічылі яшчэ некаторыя падаткі, што ўстанаўліваюцца ў асобных гарадах і акругах. Менавіта яны часта пападаюць у інфармацыйныя паведамленні не самага сур’ёзнага характару. Так, у горадзе Дарэм, што ў Штаце Паўночная Караліна, ёсць падатак на хатніх жывёл. 10 долараў вы заплаціце, калі жывёла стэрыльная, і цэлых 75 – калі не. Штат Нью-Мексіка  імкнецца праводзіць больш лаяльную падатковую палітыку: калі чалавек дажывае да 100-гадовага ўзросту, то ён мае поўнае права назаўжды забыць пра падаткі. У штатах Мэрыленд і Вірджынія ёсць падатак у памеры 30 долараў на спуск вады ва ўнітазе. Гучыць смешна, але так ўлады стымулююць людзей эканоміць воду. У штаце Канзас – радзіме герояў казачнага цыкла “Чараўнік Ізумруднага горада” – збіраюць падатак за… газу ў паветраным шары. Аргументуецца гэта самым стандартным у гэтым выпадку чынам: газа “стварае рызыку таго, что вы можаце адляцець у невядомым накірунку”. Можа, у казачную краіну?

Ажаніся, і падаткі зменшацца

Па такой схеме функцыянуе падатковая сістэма ў Германіі. Як вядома, у гэтай краіне беспрацоўныя, пажылыя, непрацаздольныя грамадзяне могуць дастаткова бязбедна жыць на сацыяльную дапамогу. Але ж для гэтага патрэбна, каб былі грошы на яе выплату.

Стаўка падатку ў Германіі залежыць ад таго, адзінокі чалавек ці мае ўласную сям’ю. Максімальныя падаткі плаціць адзінокі мужчына без дзяцей, мінімальныя – жанаты, у якогда жонка не працуе, і яны разам выхоўваюць некалькі дзяцей.

Стаўка падаходнага падатку ў Германіі вагаецца ад 15 да 42%. Чым большыя падаткі ў чалавека і чым менш людзей знаходзіцца на яго ўтрыманні, тым большую суму ў казну дзяржавы ён пералічыць.

 Акрамя гэтага кожны працуючы немец істотную частку свайго заробку аддае на медыцынскую страхоўку, без якой ён не зможа атрымаць дапамогу ўрача, а таксама на адлічэнні ў пенсійны фонд. Кожны працуючы плаціць страхоўку на той выпадак, калі яго зволяць падчас скарачэння штата прадпрыемства, і трохі больш за 2% аддае на страхоўну на выпадак прафесійнай непрацаздольнасці. Абавязковым з’яўляецца і падатак на ўтрыманне аўтамабіля. Калі чалавек з’яўляецца членам рэлігійнай абшчыны, то ён плаціць і царкоўны падатак.

У сярэднім выходзіць, што, калі сярэдні працуючы немец атрымлівае ў месяц 3,5 – 4 тысячы еўра, то дзяржаве ён пералічыць каля паловы свайго заробку. Менавіта такая цана сацыяльнай падтрымкі ў адной з самых развітых краін Заходняй Еўропы.

За што яшчэ збіраюць даніну?

У Францыі збіраюць так званы “падатак на дождж” у памеры 1 еўра з квадратнага метра. Грошы ідуць на спецыяльныя інжынерныя збудаванні для рэгуляцыі стоку дажджавой вады. Так французы “страхуюцца” ад наваднення.

Штогод жыхары Велікабрытаніі, якія сярод хатняй бытавой тэхнікі маюць і тэлевізар, плацяць 49 фунтаў стэрлінгаў за чорна-белы і 145 фунтаў за каляровы прыёмнік. Падатак ідзе на фінансаванне тэлекарпарацыі ВВС.

У Гвінеі – дзяржаве ў Заходняй Афрыцы – збіраюць так званы падатак “за мір”. За кожны год без вайны яе грамадзяне абавязаны заплаціць прыкладна 700 еўра. І гэта пры тым, што большая частка насельніцтва краіны знаходзіцца за рысай беднасці, а кілаграм кавы там можна набыць менш, чым за еўра.

У кітайскім горадзе Цяньцзін існуе падатак на незарэгістраваны шлюб. Калі ў многіх краінах гэта лічыцца абсалютна нармальнай з’явай, там падобныя тэндэнцыі ўспрымаюцца як небяспечныя для маральнага здароўя гараджан. З сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў вышэйназваным горадзе ўвялі падатак на так званы грамадзянскі шлюб – ён складае 1000 юаней на год. Як даведваюцца падатковыя інспектары пра такія пары? Вельмі проста: праз паведамленні ад суседзяў.

Яшчэ адзін падатак з катэгорыі этычных збіраюць у некаторых гарадах Германіі за заняткі прастытуцыяй. Гэта можа быць як аднаразовы збор за праца працаваць такім чынам, так і пэўная штомесячная фіксаваная плата.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».