Вы тут

Роўна сто гадоў таму пачалася Нарачанская аперацыя


Роўна сто гадоў таму, 18 сакавіка 1916 года, пачалася адна з самых кровапралітных бітваў Першай сусветнай вайны на Усходнім фронце — Нарачанская аперацыя. Падчас яе правядзення агульныя страты бакоў склалі, паводле звестак нямецкіх крыніц, сто тысяч рускіх і дваццаць тысяч германскіх салдат, паводле расійскіх звестак, семдзесят восем тысяч і сорак тысяч адпаведна.


Мо­гіл­кі рус­кіх сал­дат пад Па­ста­ва­мі.

Расійская армія не планавала ніякіх баявых дзеянняў у раёне возера Нарач раней за сярэдзіну мая. Але абстаноўка, якая ўскладнілася на Заходнім фронце, прымусіла фарсіраваць падрыхтоўку наступлення на гэтым участку. 21 лютага нямецкія войскі пачалі масіраваныя атакі на Вердэн. Гэты невялікі гарадок, размешчаны за дзвесце кіламетраў ад Парыжа, меў велізарнае стратэгічнае значэнне. Тут знаходзіліся асноўныя сілы французскай арміі, і ў выпадку іх разгрому праціўнік перарэзаў бы найважнейшыя транспартныя камунікацыі і атрымваў практычна бесперашкодны шлях да сталіцы. Францыя магла б капітуляваць. Для ажыццяўлення паспяховага прарыву нямецкае камандаванне задзейнічала шматлікі рэзерв. Германія з вялікай эфектыўнасцю выкарыстала чыгуначныя зносіны для маланкавай перакідкі войскаў і боепрыпасаў з аднаго ўчастка фронту на іншы. Ужо да канца лютага, пасля жорсткіх баёў, становішча французскай арміі стала крытычным. Баючыся перакідкі дадатковых часцей з Усходняга фронту, 3 сакавіка Францыя звярнулася да саюзнай Расіі з просьбай пачаць наступленне на нямецкія пазіцыі.

Раз­бі­тая царк­ва ў вёс­цы Бліз­ні­кі.

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор'я і недахоп часу на падрыхтоўку, расійская армія была вымушана пачаць наступленне. Баявыя дзеянні разгарнуліся на ўчастку фронту працягласцю каля ста кіламетраў: ад Вішнеўскага возера на паўднёвым флангу да горада Дзвінска (Даўгаўпілса) на паўночным. У выпадку паспяховага правядзення аперацыі расійская армія не толькі б дапамагла саюзніку, але і заняла б стратэгічна важную пазіцыю па лініі Коўна — Вільня. 18 сакавіка пасля масіраванай артпадрыхтоўкі рускія палкі пайшлі ў атаку. Іх асноўныя ўдары былі накіраваны на нямецкія пазіцыі: у раёне вёсак Блізнікі (цяпер не існуе), Занарач, Стахоўцы каля возера Нарач; паміж Вілейтамі і Ярэвам на паўночны захад ад Пастаў; каля мястэчка Відзы і каля возера Дрысвяты. У пачатку наступлення рускім салдатам у некаторых месцах удалося прарваць першую лінію абароны, але ў наступныя дні іх атакі не мелі значных поспехаў. 21 сакавіка стала вырашальным днём усёй Нарачанскай аперацыі. Рускія люта штурмавалі германскія пазіцыі, немцы жорстка абараняліся. Але нягледзячы на вялізныя страты, расійскім войскам не ўдалося ні авалодаць стратэгічна важнай вышынёй «Фердынандаў нос» каля возера Нарач, ні разбіць немцаў у «лесе Гіндэнбурга» пад Паставамі, ні заняць мястэчка Відзы. Баявыя дзеянні яшчэ працягваліся аж да 28 сакавіка, але не мелі ўжо вялікага значэння. Пасля іх завяршэння было заключана перамір'е, каб была магчымасць сабраць загінуўшых для пахавання.

Раз­бу­ра­ныя ня­мец­кія блін­да­жы ў «ле­се Гін­дэн­бур­га».

Ня­мец­кія ўма­ца­ван­ні ка­ля во­зе­ра На­рач.

Праявіўшы мужнасць і гераізм, страціўшы вялікую колькасць забітымі і параненымі, рускія салдаты не змаглі прарваць нямецкую абарону. Але іх ахвяра не была марнай. Падчас правядзення Нарачанскай аперацыі націск на Вердэн аслабеў, немцы не атрымалі падмацаванне з Усходняга фронту, французы, скарыстаўшыся перадышкай, змаглі падцягнуць рэзервы. Германія не дасягнула пастаўленай мэты, Францыя пазбегла магчымай капітуляцыі.

Уладзімір ЛІХАДЗЕДАЎ

Фота з калекцыі аўтара

Загаловак у газеце: Нарачанская аперацыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».