Вы тут

Магазінная: гісторыя адной вуліцы


Пацехі гімназістак, расстрэл дэманстрантаў і помста рабіна.

Сучасная сталічная вуліца Кірава раней была не адной, а некалькімі вуліцамі. Першы яе ўчастак, ад Віленскага чыгуначнага вакзала да Міхайлаўскага сквера, быў вуліцай Міхайлаўскай. Менавіта яна, а таксама аднайменны завулак, і далі назву скверу, разбітаму тут сто гадоў таму. А працягвала Міхайлаўскую вуліцу Магазінная. На ёй да нашых часоў захаваліся некаторыя будынкі і шматлікія таямніцы, пра якія нам расказаў экскурсавод Павел Дзюсекаў.


Суд Еў­ра­зій­скай эка­на­міч­най су­поль­нас­ці —  бы­лая гім­на­зія Рэй­ман.

Кулямёты на даху гімназіі

У прыгожым старажытным будынку з чырвонай цэглы, які стаіць на рагу Кірава і Міхайлаўскага завулка, цяпер месціцца Суд Еўразійскай эканамічнай супольнасці. А сто гадоў таму тут была жаночая гімназія Рэйман.

Аляксееўская прыватная васьмікласная жаночая гімназія Е.Д. Рэйман была заснавана 21 чэрвеня 1910 года. Спачатку ёй належаў будынак па адрасе Койданаўская, 22 (цяпер Рэвалюцыйная, 24). У 1913-м камяніцу на Міхайлаўскай выкупілі, перабудавалі, і ўстанова пераехала сюды, дзе і знаходзілася да 1917 года. Экскурсавод расказвае, што дзяўчаты, якія вучыліся тут, прыдумалі сабе пацеху. У Міхайлаўскім скверы праходзіў Віленскі кірмаш.
І пакуль ішлі заняткі, вучаніцы, папярэдне прыхапіўшы адзін на ўсіх тэатральны манокль, асцярожна пры яго дапамозе прыглядалі сабе тавары. А калі пачынаўся перапынак, выходзілі і куплялі іх.

У 1905 годзе, калі гімназіі ў гэтым будынку яшчэ не было, на яго даху размясцілі кулямёты, з якіх расстрэльвалі ўдзельнікаў дэманстрацыі на Прывакзальнай плошчы. Падзеі таго дня, 18 кастрычніка 1905 года, увайшлі ў гісторыю як «крывавая нядзеля», ці Курлоўскі расстрэл.

— У краіне рэвалюцыя. У Мінску на той час жылі 90 тысяч чалавек. З іх на маніфестацыю выйшлі 20 тысяч, — малюе сітуацыю Павел Дзюсекаў. — Справа ў тым, што быў анансаваны (а пасля выдадзены) царскі маніфест аб рэлігійных свабодах і вызваленні палітычных вязняў. Калі той маніфест прачыталі, людзі пайшлі да дома губернатара Курлова на сучасную плошчу Свабоды з патрабаваннем выпусціць палітзняволеных. Губернатар даў такі дазвол, і ўвесь натоўп накіраваўся да турэмнага Пішчалаўскага замка (цяпер турма на Валадарскага), дзе сустрэў вязняў.

Быццам бы мэты мітынгоўцаў былі выкананы, і можна было разыходзіцца па дамах. Але сярод натоўпу аказаліся крымінальнікі, з падачы якіх было вырашана браць штурмам вакзал. Аднак жа гэта быў стратэгічны аб'ект, які ахоўвалі вайскоўцы. Пабачыўшы, што натоўп рабочых пачынае абяззбройваць каравул, яны атрымалі загад страляць. Загінулі падчас той трагедыі ад 80 да 300 чалавек...

Яшчэ на фотаздымках 1930-х гадоў можна ўбачыць, што на Прывакзальнай плошчы стаяў помнік ахвярам Курлоўскага расстрэлу. Цяпер мы яго тут не знойдзем.

У пасляваенны час па ўсім Саюзе набіраюць моц антысеміцкія хвалі, а калі паглядзець на спіс загінулых, то становіцца відавочна, што з 80 забітых 60 былі яўрэямі. Але ж напамін пра тыя падзеі мы можам бачыць кожны раз, калі на станцыі метро «Плошча Леніна» выходзім з вагона і ідзём у бок чыгуначнага вакзала. Падымаючыся па лесвіцы ад платформы да турнікетаў, мы праходзім каля ўмураванага ў сцяну барэльефа — гэта і ёсць сучасны помнік тым, хто загінуў падчас «крывавай нядзелі».

Праспект, які не ўдаўся, і містычны стадыён

Колішняя вуліца Магазінная пачынаецца ад сучаснага дома на Кірава, 7 і цягнецца да вуліцы Янкі Купалы. Гуляючы тут, нехта можа падумаць, што раней на Магазіннай месцілася шмат крам, што і паспрыяла такому тапоніму. Але ж не. Магазінамі раней называлі склады, гаворачы сучаснай мовай, гэта быў «лагістычны цэнтр» таго часу. Менавіта склады і далі назву вуліцы.

Будынак, на які звяртае ўвагу Павел на былой Магазіннай, — даходны дом Кастравіцкай. На першым паверсе тут стала размяшчалася кіраўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі, а астатнія кватэры здаваліся. Да нашых дзён дом захаваўся цалкам, хіба толькі страціў вежачку. Цяпер яго адрас — Кірава, 11. Цікава, як у кожнай вандроўцы ў мінулае ўзнікае постаць фундатара касцёла ў гонар святых Сымона і Алены і старшыні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі Эдварда Вайніловіча. Вось і ўладальніца даходнага дома Ядзвіга Кастравіцкая даводзілася яму роднай сястрой.

Ужо пазней, пасля рэвалюцыі, у гэтым доме жыў чалавек, імя якога мала што скажа абывацелям — Мікола Шчакаціхін. Між тым ён — заснавальнік беларускага мастацтвазнаўства, які ўвёў ва ўжытак такія азначэнні, як «беларускае Адраджэнне», «беларуская готыка», «беларускае барока»... Лёс яго склаўся трагічна: арышты 1930-х не абмінулі беларускага інтэлігента. У 1940 годзе Мікола Шчакаціхін памёр у Белябеі ад сухотаў, якія ён набыў пасля чарговага «прафілактычнага» арышту. Цяпер пра навукоўца і мастацтвазнаўца нагадвае мемарыяльная шыльда, што вісіць на доме Кастравіцкай.

Большасць жа старадаўніх будынкаў на Магазіннай адышлі ў нябыт. У 1920-я гады частку вулічнай забудовы заняў толькі што створаны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Услед за гэтай падзеяй вуліцу перайменавалі ва Універсітэцкую. Эпоха 1930-х запомнілася маштабнымі будоўлямі. У 1934 годзе тут адкрыўся стадыён «Дынама», а чатырма гадамі пазней — гасцініца «Беларусь». Тады ж вуліцу назвалі ў гонар сакратара камуністычнай партыі Сяргея Кірава.

Як правіла, падарожнік трапляў на гэтую вуліцу з вакзала — праз «браму горада». Увогуле, раней ёй надавалі больш важкае значэнне: гэта была не проста «брама Мінска», а «брама краіны Саветаў» (бо Беларусь была самай заходняй з рэспублік СССР). Пасля вайны галоўная гарадская вуліца Савецкая (сучасны праспект Незалежнасці) была моцна разбураная. Таму распрацавалі і нават пачалі рэалізоўваць праект, паводле якога цэнтральным праспектам Мінска планавалася якраз вуліца Кірава.

Нездарма менавіта тут узвялі ўжо згаданую гасцініцу «Беларусь», якая павінна была стаць самай шыкоўнай у горадзе. Пазней яе перайменавалі ў «Свіслач», а ў нашы дні выкупілі туркі і назвалі Crown Plaza.

Не можа не прыцягваць увагу ўпрыгожаны пазалочанымі калонамі будынак Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Гэтае збудаванне ў стылі сталінскага ампіру з'явілася тут у 1953 годзе.

Пры­клад­на так  вы­гля­даў бу­ды­нак  Ві­лен­ска­га чы­гу­нач­на­га  вак­за­ла ў Мін­ску  пад­час  Кур­лоў­ска­га рас­стрэ­лу.

Далей праходзім каля будынка былога абкама партыі. З ім звязана цікавая гісторыя. Будаваць гэты дом пачыналі яшчэ пры Сталіне, і, паводле праекта, вянчаў будынак вялікі шпіль. Аднак калі да ўлады прыйшоў Хрушчоў, ён выдаў славутую пастанову «Аб празмернасцях у архітэктуры», якая прадугледжвала адмову ад шыкоўнага аздаблення будынкаў, у тым ліку і ў мэтах эканоміі сродкаў. Таму гэты самы шпіль, які ўпрыгожваў абкам партыі, знішчылі. Праўда, што такім чынам атрымалася сэканоміць, так і засталося загадкай...

На супрацьлеглым баку вуліцы — сапраўды культавы аб'ект: стадыён «Дынама», які ўсё ніяк не скончаць рэканструяваць. На адкрыцці гэтай спартыўнай пляцоўкі ў 1934 годзе прысутнічаў сам наркам дзяржбяспекі БССР Лаўрэнцій Цанава. Яго не засмучала, што футбольны стадыён пабудаваны на старажытных і самых вялікіх у горадзе яўрэйскіх могілках.

— У 1950-я гады здарылася гісторыя: падчас матча на месцы адной з магіл прасела зямля, акурат туды і праваліўся футбаліст, — ці то жартам, ці то сур'ёзна расказвае экскурсавод.

Невядома, ці правальваліся ў магілы футбалісты, але тое, што гарадскія вуліцы і фасады дамоў абліцоўвалі шліфаванымі надмагільнымі плітамі адсюль, — факт.

Ёсць яшчэ адна таямнічая гісторыя, звязаная з яўрэйскім некропалем. Недалёка ад 3-й бальніцы стаяла грабніца Ехеля Гальперына — рабіна, які жыў у Мінску ў далёкім XVІІІ стагоддзі. Імя гэтага чалавека вядома на ўвесь свет: ён адзін склаў гісторыю яўрэяў ад пачатку свету да свайго часу. Прычым яго праца, якая называецца «Храналогія пакаленняў», па сённяшні дзень вывучаецца ў іўдзейскіх універсітэтах.

— Апроч таго, што Гальперын быў вядомым гісторыкам і рабінам, ён быў яшчэ і кабалістам. І тут пачынаецца наша гарадская легенда, — інтрыгуе Павел. — Калі збіраліся зруйнаваць яго пахавальню, два рабочыя палезлі на дах і на вачах начальніка будоўлі сарваліся з яго: адзін памёр, другі зламаў нагу. Начальнік, каб паказаць, што патаемныя сілы, якія нібыта ахоўваюць пахаванне, — лухта, бярэ ў рукі лом, разбягаецца, каб ударыць ім па сцяне, але інструмент адскоквае ад яе і наскрозь прабівае яму галаву. Пасля гэтага паўгода па ўсім Мінску не маглі знайсці смелага чалавека, які б пафарбаваў гэтую пахавальню і напісаў, што тут спачывае славуты гісторык. Аднак ужо ў 1950-я магільны склеп не вытрымаў наступу бульдозера...

Напрыканцы вандроўкі завітваем па яшчэ адным «яўрэйскім» адрасе на вуліцы Магазіннай, цяпер Кірава, 21: тут захаваўся будынак колішняй рэальнай вучэльні Хайкіна. Пасля тут размяшчалася яшчэ адна навучальная ўстанова: Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Цяпер, гледзячы на будынак, складана ўгадаць яго прызначэнне, але галоўнае, што ён захаваўся і, магчыма, калі-небудзь адкрые для нас свае таямніцы.

seradzyuk@zvіazda.by

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.