Вы тут

Прыватызацыя жылля спыніцца летам


Тыя, хто не паспеў стаць уласнікам, стануць арандатарамі.

Мы жывём у непрыватызаванай кватэры ўжо больш як 30 гадоў. Атрымаў яе па чарзе ад завода муж, які там працуе і дагэтуль. Няўжо мы не можам без прыватызацыі лічыцца паўнавартаснымі ўласнікамі? Нашым суседзям, дарэчы, за прыватызацыю налічылі проста жахлівыя лічбы. Хіба абавязкова траціць столькі грошай, каб стаць уласнікам?

Вераніка Адамаўна, фельчар


На пытанне адказвае Надзея МАЎЧУН, намеснік начальніка ўпраўлення дзяржаўнага рэгулявання сацыяльнай дзейнасці дзяржавы галоўнага ўпраўлення нарматворчай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь:

— Уласнікам жылля, атрыманага грамадзянамі ад арганізацый, можна стаць толькі праз яго прыватызацыю. Раю абавязкова зрабіць гэта, таму што ў хуткім часе прыватызацыя будзе ўвогуле спынена, а кошт пражывання ў непрыватызаваным жыллі павялічыцца, бо яно зменіць статус.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 снежня 2013 г. № 563 «Аб некаторых пытаннях рэгулявання жыллёвых адносін», які ўступіў у законную сілу з 1 красавіка 2014 г. (далей — Указ № 563), істотна зменены склад дзяржаўнага жыллёвага фонду (жыллёвага дзяржфонду).

Пасля 1 красавіка 2014-га ў яго ўваходзіць толькі жыллё сацыяльнага карыстання, жыллё ў інтэрнатах, спецыяльныя жылыя памяшканні і жыллё камерцыйнага выкарыстання.

Службовае жыллё, памяшканні спецыяльнага службовага жыллёвага фонду і іншае жыллё дзяржфонду (без вызначэння катэгорыі) належала ўключыць у склад жылля камерцыйнага выкарыстання да ўступлення Указа № 563 у сілу. Тым не менш асобам, якія пражывалі ў жыллі дзяржфонду (без вызначэння катэгорыі), уключаным у склад жылля камерцыйнага выкарыстання, дадзены час, каб рэалізаваць сваё права на прыватызацыю займаемых імі жылых памяшканняў, да 1 ліпеня 2016 г.

Пасля наступлення ўказанай даты права на прыватызацыю будзе страчана і жыллё атрымае статус памяшкання камерцыйнага карыстання. Іншымі словамі — яно стане арэндным. У выніку яго жыхары будуць аплачваць не толькі жыллёва-камунальныя паслугі, але і сумы выплат за карыстанне жыллём дзяржфонду, памер якіх вызначаецца згодна з заканадаўчымі актамі. Таму я раю грамадзянам, якія плануюць прыватызаваць займанае жыллё, не адкладваць гэтую справу.

Каб набыць ва ўласнасць памяшканне жыллёвага дзяржфонду, яго наймальнік, паўналетнія члены яго сям'і, а таксама іншыя грамадзяне, за якімі, згодна з заканадаўствам, захоўваецца роўнае з наймальнікам права валодання і карыстання азначаным памяшканнем, падаюць заяву аб прыватызацыі ў адпаведныя органы. Заява аб прыватызацыі павінна быць падпісана ўсімі названымі грамадзянамі — як удзельнікамі прыватызацыі, так і асобамі, якія пражываюць у памяшканні, але не прымаюць удзел у яго прыватызацыі.

Рашэнне аб прыватызацыі прымаецца на працягу месяца са дня падачы заявы і дзейнічае адзін год са дня прыняцця. Адмову ў прыватызацыі можна абскардзіць у судовым парадку.

Дагаворы куплі-продажу памяшкання, якое прыватызуецца, неабходна натарыяльна засведчыць.

Кошт прыватызацыі можна змяніць. Прыватызацыя жылля праводзіцца па найменшым ацэначным або рыначным яго кошце. Кошт аб'ектаў прыватызацыі вызначаецца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, з улікам іх спажывецкіх якасцяў у цэнах, якія дзейнічаюць на дзень падачы асобай заявы аб прыватызацыі.

Рашэнне аб прыватызацыі жылога памяшкання на падставе артыкула 136 Жыллёвага кодэкса прымаецца камісіямі адпаведных органаў і арганізацый. Калі грамадзянін не згодзен з ацэначным коштам жылога памяшкання, якое прыватызуецца, вызначаным згодна з актамі жыллёвага заканадаўства ў цэнах, якія дзейнічаюць на дзень падачы заявы аб прыватызацыі, ён мае права звярнуцца па правядзенне незалежнай ацэнкі рыначнага кошту жылля ў адну з арганізацый, якія займаюцца ацэначнай дзейнасцю. Такая магчымасць даецца Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 лістапада 2014 г. № 524 «Аб прыватызацыі жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду». Зрабіць гэта трэба да прыняцця рашэння аб прыватызацыі, а таксама ў перыяд яго дзеяння, пакуль дагавор куплі-продажу жылога памяшкання натарыяльна не засведчаны.

Аплаціць кошт жылля можна ў растэрміноўку да 40 гадоў пры ўмове першапачатковага ўзносу памерам не менш за 10% рэшткавага кошту памяшканняў, які падлягае аплаце.

Пры нявыплаце на працягу года чарговых узносаў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган або арганізацыя, якія з'яўляюцца прадаўцом па дагаворы куплі-продажу жылога памяшкання, якое прыватызуецца, маюць права праз суд скасаваць дагавор.

Зрабіць адчужэнне набытага ў растэрміноўку жылля можна толькі пасля поўнага пагашэння яго кошту.

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sidarok@zviazda.by. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста мы будзем шукаць на іх адказы.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.