Вы тут

Сёння — 73-я гадавіна хатынскай трагедыі


З гэтай нагоды ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь быў падрыхтаваны і прэзентаваны зборнік дакументаў і матэрыялаў «Хатынская Сцяна памяці». Кніга стала чацвёртым выданнем серыі «Архіў. Гісторыя. Памяць».


У новым зборніку дакументаў прадстаўленыя матэрыялы з Нацыянальнага архіва Беларусі, Цэнтральнага архіва КДБ, архіваў Гомельскай і Брэсцкай абласцей, Барысаўскага краязнаўчага музея, Музея гісторыі і культуры яўрэяў. Выданне пабачыла свет пры падтрымцы расійскага фонду садзеяння актуальным гістарычным даследаванням «Гістарычная памяць».

— Першапачаткова мы выдалі зборнік дакументаў «Хатынь. Трагедыя і памяць», ён пабачыў свет у 2009 годзе. І здавалася б, што новага можна даведацца пра Хатынь, калі ўсе дакументы, прысвечаныя мемарыялу, ужо тады былі прадстаўленыя ў выданні. Нават больш, многія дакументы з Цэнтральнага архіва КДБ рассакрэчваліся спецыяльна для гэтай кнігі, — расказаў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Беларусі Уладзімір Адамушка. — Потым склаўся зборнік «Хатынскі некропаль», рыхтуючы які, мы мелі на мэце не толькі паказаць могілкі 186 вёсак, якія не былі адноўленыя пасля вайны, але ў дакументах аднавіць гісторыю кожнай трагедыі.

Затым увагу архівістаў прыцягнула сімвалічнае Дрэва жыцця, дзе прадстаўленыя 433 спаленыя і адноўленыя пасля вайны вёскі. Дакументы, што распавядаюць іх гісторыю, склалі кнігу «Хатынь. Дрэва жыцця».

— Новы зборнік дакументаў «Хатынская Сцяна памяці» акцэнтуе ўвагу на мемарыяле Сцяна памяці, — кажа ўкладальнік зборніка, галоўны архівіст Нацыянальнага архіва Вячаслаў Селяменеў. — Яна змяшчае 66 ніш, дзе ўвекавечаныя лагеры і месцы масавага знішчэння людзей у гады вайны. Зборнік дакументаў расказвае пра кожную з ніш. Тут ёсць звесткі пра вядомы лагер Трасцянец, Мінскае гета, у той жа час у зборнік увайшлі і дакументы пра малавядомыя месцы знішчэння людзей, увекавечаныя ў хатынскім мемарыяле. Тут прадстаўленыя і лагеры савецкіх ваеннапалонных. Гэта і Масюкоўшчына, і шталаг у Баранавічах на станцыі Лясная, лагер у Магілёве.

Як кажуць, усе, нават гісторыкі, могуць супакоіцца і спыніць даследаванні, але архівісты не стамляюцца ніколі. Таму думаецца, што гэта не апошняя кніга архіўнай серыі, прысвечанай Хатыні, і ў хуткім часе даследчыкі і чытачы атрымаюць новы зборнік — матэрыял для глыбокіх даследаванняў, роздумаў і памяці.

vеsіаluhа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Сотні, сотні Хатыняў...

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.