Вы тут

Унікальны ліст XVІІ стагоддзя


346 гадоў таму бацька напісаў сыну ліст, тэкст якога актуальны і ў век інтэрнэту. Аказваецца, і тады дарослыя дзеці прасілі бацькоў дапамагчы грашыма. Апошнія, проста як цяпер, маглі і «адправіць далёка». Маўляў, сам зарабляй...

Унікальны дакумент знаходзіцца сярод захаваных актавых кніг полацкага магістрата ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Яго адшукаў і пераклаў з польскай мовы старшы навуковы супрацоўнік навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Палітэхнік» Максім Макараў.

Навуковец прадставіў чытачам «Звязды» магчымасць першымі прачытаць ліст. Але спачатку пра тых, хто пісаў і каму...

Спачатку адмовіў...


— Тое, што будзе ніжэй, пасля маіх каментарыяў, гэта ўстаўка прыватнага ліста ў полацкія магістрацкія кнігі. Выпадак унікальны, а для полацкай дакументальнай спадчыны адзінкавы... Падчас вайны 1654—1667 гадоў значная частка полацкага мяшчанства пакінула горад і перасялілася ў заходнюю частку ВКЛ. «Перасяленцы» аселі, у прыватнасці ў Вільні і Коўні (цяперашні Каўнас). Сярод іх быў Андрэй Казловіч. Ён пасля вайны пражываў у Коўне, — каментуе знаходку Максім Макараў.

Пра яго сына можна сказаць наступнае. Максім Андрэевіч Казловіч (Maxіm Andrzeіewіcz Kozlowіcz) згадваецца як полацкі лаўнік (прысяжны засядацель). У 1670 годзе ён піша ліст да бацькі з просьбай аб матэрыяльнай дапамозе. Атрымлівае адказ. Бацька так раз'юшыўся, што нават ужыў у дачыненні да сваіх дзяцей ненарматыўную лексіку. Але пасля ачуняў і вырашыў дапамагчы дзіцяці, — распавядае навуковец.

Бацька адмовіўся дапамагчы сыну грашыма. Але дазволіў яму прадаць частку сямейнай полацкай нерухомасці і выкарыстаць сродкі на ўласную патрэбу. Ён не перадаў адпаведнага натарыяльна засведчанага акта на нерухомасць праз чужога чалавека. Дарогі ў пасляваенны час былі вельмі небяспечнымі. Абяцаў даць адпаведны дакумент у выпадку асабістай сустрэчы.

— Таму, калі Максім быў вымушаны ў 1676 годзе прадаваць нешта з названай нерухомасці, яму была патрэбна дакументальная падстава — зафіксаванае на паперы права. І ён быў вымушаны размясціць у полацкіх магістрацкіх кнігах такі з'едлівы ў дачыненні да сябе ліст, — працягвае даследчык.

Дарэчы, пра Максіма Казловіча «Звязда» аднойчы паведамляла ў артыкуле, прысвечаным арганізацыі і дзейнасці полацкага магістрата. публікаваўся і роспіс малодшага Казловіча (на сценах Спаскай царквы ў Полацку). Паводле слоў Максіма Макарава, яго цёзка, магчыма, калі гэта накрэмзаў, быў падлеткам. А мо і вучыўся ў езуіцкім калегіуме. вядома, што Максім Казловіч памёр да 1682 года.

Прасіў 100 талераў і каня

Ліст быў упісаны ў актавыя кнігі 11 сакавіка 1676 года ў сераду. Упэўнены, што скарачаць тэкст не трэба. Бо дзе і калі яшчэ прачытаеце такое?

«Мой мілы пан сын, пан Максім. Добрага здароўя і ўсякага дабра ад Пана Бога Вашмосці (скарот ад Ваша міласць. — М. Макараў) і ўсей сям'і зычу як сабе самому. Атрымаў ліст праз пасланца Вашмосці, з якога зразумеў, што Вашмосць моцна настаўлены супраць людзей, што Вашмосці перашкоды чыняць. Як жа мне гэтаму даць рады? Не магу ў гэта ўмяшацца, і застаецца пакінуць гэта ўсё на Пана Бога. Пішаш да мяне, Вашмосць, просячы сто талераў і каня. Сам Пан Бог бачыць, што я стары, манеты рабіць не здольны, меніцы (манетнага двара. — М. Макараў) не маю, табуна коней не маю, адкуль іх браць. Да Вашмосці не маю чаго дасылаць.

А ці ж даўно гэта было, што Вашмосць у мяне два разы быў, без сына і з сынам? Атрымаў у мяне розных рэчаў і наяўных грошай больш чым на 500 злотых. Ці ўжо гэта глотка ўсё зжэрла?! А хто ж за вамі, п'яніцамі, угоніцца?! Двух вас зладзеяў-п'яніц маю, як цябе, старэйшага, так і гэтага скур**сына (скарочана рэдакцыяй) малодшага! Таму дай, таму дай, а трэці просіць! А што я маю даваць? Ці падданыя мне плацяць, ці, тым больш, спадчына якая на мяне звалілася? Штогод, штогод мушу Вашмосцям даваць! А сам на старасць пад акно з торбай? А хто Вашмосці парадзіў з такімі будынкамі звязвацца? Разумеў, што не збыць таго, што Пан Бог даў. Пачакай жа, мілы сын, пакуль абзавядуся ўласнай мяніцай, каб рабіць талеры. Як нараблю іх дастаткова, так Вашмосці і дашлю.

А цяпер, бо неадкладна патрабуеш грошай, дарую табе і дазваляю прадаць наступнае: месца крамнае, дзе пабудаваў краму; другое месца ў ятках (мясніцкія рады.  — М. Макараў) паўтары сажні, дзе Арэфа мяснік сядзеў; а таксама два месцы, тры сажні, за крамамі пана Павуковіча і за месцкай крамай у самым канцы; агарод, што на Малай вуліцы, палова пляца, дзе сад быў; пляц цэлы сенажаці каля Святога Пятра (царква.  — М. Макараў). Гэта ўсё прадай і сродкамі карыстайся. А я сабе на старасць, пакуль Пан Бог смерць дапусціць, пакідаю дамавы пляц, паўтрэці чвэрці; агарод на Вялікай вуліцы; два крамныя месцы, усяго чатыры сялібы. А калі хочаш прадаць дом, то сабе прадавай будынак, а зямля мая ўласная, нікому не прызнаная аж да смерці маёй. А па смерці гэтыя чатыры сялібы каму захачу, таму і адпішу. А што Вашмосць учыніў згадку пра месца крамнае, што каля пана райцы, на абмен, я гэтым мяняцца не жадаю. Няхай у маёй уласнасці застаецца да адпаведнага часу, бо ні ў кога хлеба не просіць. А што я павінен быў яшчэ напісаць, тое вусна пераказаў пасланцу Вашмосці, як мусіш сабе паводзіць і своечасова пра свае справы дбаць. За гэтым перадаю вас пад Боскую апеку. Дата з Коўна дваццатага красавіка 1670 года. Вам усякага дабра зычлівы бацька Андрэй Казловіч уласнай рукою».

А потым у тым жа лісце збоку і ніжэй пасля подпісу, той жа самай рукой пана Андрэя Казловіча тымі словамі напісана: «Вашмосці пану сыну перадаю пяць сяліб, а сабе пакідаю чатыры. Гэтым і павінен задаволіцца, а да тых ніякай найменшай справы не май. Права на гэтыя нерухомасці Вашмосці зараз не дасылаю, з-за небяспечнасці ў дарозе, каб не згубіў. Сам, калі ў мяне будзеш, то вам самому аддам».

— Як бачым, гумар жыхароў Беларусі другой паловы XVІІ і пачатку XXІ стагоддзяў дастаткова падобны. Напрыклад, «як з'явіцца ў мяне машынка для вырабу грошаў, надрукую і табе дашлю», — такое і сёння чуецца часта, — канстатуе навукоўца.

pukshanski@zviazda.by

Фота з асабістага архіва Максіма Макарава

Загаловак у газеце: Унікальны ліст XVІІ стагоддзя, або Рэакцыя бацькі на просьбу сына дапамагчы грашыма

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.