Вы тут

Калі мы не будзем нічога мяняць, то апынемся ў фінансавай прорве


З кожным годам пенсіянераў становіцца ўсё больш, а тых, хто працуе, — усё менш. Згодна з вынікамі даследаванняў, цяпер у нас на 10 чалавек працоўнага ўзросту прыходзіцца 4 пенсіянеры, але бліжэй да 2036 года гэтыя суадносіны будуць ужо, як 6 да 10. Зноў жа, не ўсе людзі працаздольнага ўзросту працуюць.


Кацярына Барнукова, вядучы даследчык Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра, упэўнена: пара мяняць стэрэатыпы пра людзей узроставай катэгорыі «50+» як пра бездапаможных.

— Калі паглядзець на «дэмаграфічнае дрэва» Беларусі, то можна ўбачыць, якія праблемы і выклікі нас чакаюць у будучыні, — кажа яна.

Эксперт звяртае ўвагу, што аснова «дрэва» — моладзь — дастаткова «вузкая». У самых шырокіх яго частках — узроставая катэгорыя, у якую ўваходзяць людзі 50-59 гадоў. Яны ў хуткім часе збіраюцца на пенсію, а замяшчаць на рынку працы іх будзе складана... Дыяграма, па сутнасці, прадказвае нам, якая рабочая сіла будзе даступна для нашай дзяржавы ў наступныя 20 гадоў.

— Гэтыя працэсы старэння будуць уяўляць выклікі для аховы здароўя, адукацыі, грамадства ў цэлым, — канстатуе спецыяліст, маючы на ўвазе працэсы старэння насельніцтва. — Нам усім трэба прывыкаць да таго, што людзі старэйшыя за 50 гадоў — гэта не бездапаможныя, якім патрэбна апека, а паўнавартасныя, шчаслівыя члены грамадства, якія могуць атрымліваць задавальненне ад працы, ад самарэалізацыі.

Нялішнім будзе пазнаёміцца з вопытам іншых краін, лічаць эксперты. Прынамсі, у параўнанні з імі ў нас вельмі ранні ўзрост выхаду на пенсію. Гэтакі ж у нашым рэгіёне захаваўся толькі ў Расіі.

— Мы ўзялі дэмаграфічны прагноз Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, які супадае з прагнозам Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі, і пабудавалі мадэль, якая ўлічвае ўзаемадзеянне пенсійнай сістэмы і ВУП, — расказала Кацярына Барнукова. — Мы ўлічвалі і змены ў працоўнай сіле, і змены колькасці людзей пенсійнага ўзросту. Такім чынам, мы паглядзелі, што з часам у нас будзе і з ВУП, і з пенсійным фондам.

Даследчыкі вылічылі, што калі ў нас не назіралася б старэння насельніцтва, то да 2050 года наш ВУП стаў бы на 15% большым за той, які прагназуецца. Праз тое, што працаздольнага насельніцтва становіцца ўсё менш, мы будзем губляць вельмі сур'ёзную долю валавога прадукту.

— Мы вырашылі паглядзець, што будзе, калі падняць пенсійны ўзрост толькі для жанчын, — рассказала эксперт. — Потым мы паглядзелі другі варыянт, калі спачатку павышаем пенсійны ўзрост жанчынам, а пасля ўжо для абодвух палоў — да 65 гадоў.

Калі пакінуць сістэму некранутай і не павышаць пенсійны ўзрост, то да 2055 года доля пенсійнага фонду дойдзе амаль да 9% ад ВУП! Калі павышаць пенсійны ўзрост толькі жанчынам, то нейкі час гэта дазволіць трымаць дэфіцыт у памеры каля 1% ад ВУП, што, па меркаванні эксперта, у прынцыпе, магчыма. Але ў доўгатэрміновым перыядзе — пасля 2035-га — павышэння пенсійнага ўзросту толькі для жанчын становіцца недастаткова. Па словах Кацярыны Барнуковай, калі ж павышаць пенсійны ўзрост да 65 гадоў для жанчын і мужчын, то ў фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва нават некаторы час будзе ўтварацца прафіцыт.

— Відавочна, што калі мы не будзем нічога мяняць, то апынёмся ў фінансавай прорве, — упэўнена яна. — Проста з фінансавага пункту гледжання неабходны рэформы. Адзіная даступная рэформа ў рамках размеркавальнай сістэмы — павышэнне пенсійнага ўзросту.

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?