Вы тут

Разам — пісьменнікі краін Наўруза


Мусульманскі свет адзначае свята Наўруз. А ў Душанбэ з гэтай нагоды сабраліся пісьменнікі на Міжнародны сімпозіум літаратараў краін рэгіёна Наўруз.


Пачатак сустрэчам майстроў прыгожага пісьменства быў пакладзены ў мінулую суботу. На пленарным пасяджэнні выступілі паэты, празаікі, літаратуразнаўцы, публіцысты з Індыі, Пакістана, Афганістана, Ірана, Казахстана, Расіі і іншых краін свету. А ў нядзелю, 10 сакавіка, удзельнікаў сімпозіума разам з творчай інтэлігенцыяй краіны-гаспадыні вітаў прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон. Учора і сёння, а таксама ў наступныя дні (сімпозіум завяршае сваю работу 24 сакавіка) літаратары прымаюць удзел у мерапрыемствах міжнароднага свята Наўруз у абласцях і рэгіёнах Таджыкістана.

Мне давялося пагутарыць з пісьменнікамі Казахстана, Афганістана, Пакістана, Кыргызстана, Таджыкістана не толькі пра само свята, але і ўвогуле пра іх увагу да міжнародных літаратурных стасункаў. І вось што я пачуў у адказ ад гасцей з розных краін.

Акбар Рыскулаў, старшыня Нацыянальнага саюза пісьменнікаў Кыргызскай Рэспублікі:

— Мне давялося напрыканцы 1970-х гадоў удзельнічаць ва ўсесаюзным фестывалі маладых паэтаў, які праходзіў у Душанбэ. Столькі часу мінула з тых дзён, а мне і сёння помніцца атмасфера зацікаўленасці культурай, літаратурай. І вось — новая сустрэча з Душанбэ. І я чую ад прэзідэнта Таджыкістана Эмамалі Рахмона: «Люблю паэтаў...». Хочацца пажадаць усяму свету пранікнуцца любоўю і павагай да святла Паэзіі, да сапраўднага стваральнага мастацкага слова.

Галым Жайлыбай, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Казахстана, паэт:

— Наўруз — свята вясны, абуджэння прыроды і грамадства. Пабываўшы за гэтыя дні ў розных аўдыторыях, агледзеўшыся на вуліцах таджыкскай сталіцы, у іншых гарадах, паселішчах, я бачыў шмат усмешак, бачыў, як моладзь ставіцца да свята, з якой вялікай павагай шануе традыцыі народа. І літаральна ўсе чытаюць вершы пра Наўруз.

Саідрызо Мухамат, старшыня Саюза пісьменнікаў Афганістана:

— У нас недзе каля двух дзесяцігоддзяў не працаваў Саюз пісьменнікаў. Цяпер творчае аб'яднанне аднавілася. У саюз уваходзяць больш за тры тысячы паэтаў, празаікаў, драматургаў, крытыкаў, якія пішуць на шасці мовах — дары, пушту, узбекскай, бялуджы, туркменскай, пашаі. Прыехаўшы ў Душанбэ, я размаўляю з усімі на сваёй роднай мове — і мяне разумеюць усе таджыкі. Нас яднае прастора, нас яднае культура ва ўсіх яе гістарычных праявах, хіба гэтага мала?..

Муртазо Зайніддзінаў, літаратуразнаўца, загадчык кафедры тэорыі і найноўшай персідскай і таджыкскай літаратуры Таджыкскага нацыянальнага ўніверсітэта:

— Краіны рэгіёна Наўруза, літаратуры народаў, якія святкуюць Наўруз, — гэтая акалічнасць сабрала разам вядомых пісьменнікаў, большасць з якіх разумеюць адзін аднаго без перакладчыкаў. Ініцыятыву сімпозіума выклала на леташняй сустрэчы Эмамалі Рахмона з творчай інтэлігенцыяй наша славутая паэтэса Гулрухсор Сафіева.. І мне здаецца, што прастора для такога сімпозіума павінна пашырацца. Чаму б не запрашаць перакладчыкаў персідскай і таджыкскай літаратур? Вось прыехалі да нас на сёлетні Наўруз пісьменнікі з Расіі, Беларусі. А ўкраінцы, літоўцы, палякі?.. Расказваем жа мы таджыкскім студэнтам у сваіх спецкурсах па сусветнай літаратуры пра Янку Купалу, Адама Міцкевіча...

Нізом Касім, старшыня Саюза пісьменнікаў Таджыкістана, паэт, перакладчык:

— Нас, прадстаўнікоў розных, часам не такіх блізкіх, краін, паяднаў не толькі Наўруз. Нас яднаюць жаданні бачыць свет лепшым, чым ён з'яўляецца сёння. Мастацкае слова тады нечага вартае, калі яно вядзе да ідэальнага ўладкавання жыцця, вучыць, як абмінаць бязладдзе, многія і многія рыфы.

...Да сімпозіума, здаецца, падрыхтавалася ўся краіна. У Нацыянальный бібліятэцы Таджыкістана — адмысловыя кніжныя выстаўкі. Прадстаўлена там і Беларусь літаратурная. Выйшлі спецыяльныя нумары часопісаў на таджыкскай і рускай мовах. Да чытача прыйшлі новыя кнігі.

Сяргей ШЫЧКО, г. Душанбэ, Таджыкістан

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?