Вы тут

Мэты дасягнутыя, мэты невыканальныя


Безумоўна, галоўная палітычная сенсацыя мінулага тыдня — абвешчаны пачатак вываду расійскіх войскаў з Сірыі. Эксперты сталі агучваць гіпотэзы пра тое, чаму Расія нечакана для Захаду распачала вывад сваіх войскаў, нягледзячы на тое, што задачы прэзідэнта Асада па вяртанні кантролю над тэрыторыяй краіны ні ў якай ступені нельга назваць вырашанымі. З майго пункту гледжання, важкімі прычынамі з'яўляюцца наступныя.


Па-першае, галоўнай прычынай уводу войскаў было жаданне Масквы прадэманстраваць Захаду неабходнасць добрых адносін з Расіяй, якая ўсё яшчэ застаецца важным геапалітычным гульцом. У ідэале сірыйская аперацыя павінна была прывесці да адмены санкцый Захаду супраць Расіі. На жаль, у сакавіку 2016-га было прынята рашэнне аб працягу санкцый супраць Масквы ўсімі буйнымі краінамі Захаду. У выніку гэтага галоўная мэта знаходжання Расіі ў Сірыі аказалася невыканальнай і страціла сваё значэнне.

Другой мэтай Уладзіміра Пуціна ў верасні 2015 года было прадэманстраваць ЗША здольнасць Расіі рабіць амерыканцам нечаканыя сюрпрызы ў важных для іх рэгіёнах свету, далёка ад расійскіх межаў, павялічваючы кошт санкцый супраць Расіі. Гэтая мэта даўно ўжо выканана, больш за тое, нечаканы для ЗША вывад войскаў таксама стаў дадатковай дэманстрацыяй стратэгічнага патэнцыялу Расіі.

Наступнай прычынай было зразумелае жаданне вывесці войскі з Сірыі, пакуль ваенныя страты расійскага кантынгенту вельмі нізкія, што з'яўляецца дэманстрацыяй баяздольнасці расійскай арміі. З кожным днём знаходжання кантынгенту павышалася рызыка маштабных страт сярод расійскіх вайскоўцаў. Гэтая задача таксама выканана, Расія цяпер можа ганарыцца малымі стратамі пры вырашэнні такой важнай ваеннай задачы за межамі сваёй тэрыторыі.

Нарэшце, прысутнасць расійскага кантынгенту зрабіла магчымым перамір'е і правядзенне перамоў па Сірыі з удзелам сірыйскага прэзідэнта. Гэта таксама знешнепалітычная перамога Расіі.

У Казахстане прайшлі пазачарговыя выбары ў парламент і мясцовыя прадстаўнічыя органы.

Як і чакалася, кіруючая партыя «Нур Атан», згодна з вынікамі агульнанацыянальнага экзітпола, набрала 82 працэнты галасоў выбаршчыкаў. На другім і трэцім месцах знаходзяцца партыі «Ак жол» і Камуністычная народная партыя Казахстана, кожная з якіх набрала, паводле папярэдніх звестак, больш як 7 працэнтаў. Правядзенне пазачарговых выбараў на некалькі месяцаў раней за намечаны тэрмін можна растлумачыць жаданнем казахстанскіх улад у няпростай эканамічнай сітуацыі 2016 года заручыцца мандатам даверу ад выбаршчыкаў на правядзенне неабходных для палягчэння сітуацыі рэформаў.

Прэзідэнт ЗША Барак Абама прыбыў з першым за 88 гадоў дзяржаўным візітам у сталіцу Кубы Гавану.

У 2014 годзе на фоне рэзкага зніжэння прэстыжу ЗША як эфектыўнага знешнепалітычнага гульца (краіны Еўразіі і Афрыкі, у якіх ЗША дапамаглі памяняць уладу ў імя дэмакратыі, апусціліся ў хаос тэрарызму і сталі праблемай для ўсяго кантынента) Барак Абама прыняў рашэнне спыніць блакаду супраць Кубы, якая доўжылася больш як паўстагоддзя, каб мець хоць што-небудзь станоўчае ў сваім актыве на знешнепалітычным напрамку перад заканчэннем другога прэзідэнцкага тэрміну. Гэта важна і для кандыдата ад дэмакратычнай партыі на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША, якія ўжо блізка. Паляпшэнне адносін з Лацінскай Амерыкай станоўча ўспрымаецца электаратам, што належыць да лацінасаў, колькасць і ўплыў якіх у ЗША імкліва расце.

У межах кампаніі па выбары кандыдатаў у прэзідэнты ад найбуйнейшых партый ЗША Хілары Клінтан за мінулы тыдзень умацавала свае пазіцыі на фоне другога кандыдата ад дэмакратаў Берні Сандэрса.

У той жа самы час кандыдат ад рэспубліканцаў Дональд Трамп, які лідзіруе, можа сутыкнуцца з непрыемнай сітуацыяй. Цалкам магчыма, што на фінальны з'езд рэспубліканскай партыі па выбары кандыдата ў прэзідэнты ён прыйдзе з недахопам галасоў для аўтаматычнай перамогі. У гэтым выпадку ён можа стаць ахвярай інтрыг з боку рэспубліканскага істэблішменту, які яму адкрыта не сімпатызуе.

На пачатку тыдня міністры замежных спраў Еўрапейскага саюза анансавалі пяць прынцыпаў, на якіх Еўрасаюз будзе выбудоўваць адносіны з Расіяй.

ЕС патрабуе поўнага выканання Мінскіх пагадненняў для змянення бягучай палітыкі ЕС да Расіі; дэкларуецца прыярытэт палітыкі ЕС у дачыненні да іншых постсавецкіх краін у прымяненні яго стратэгіі па Расіі, уключаючы краіны Усходняга партнёрства; будзе праводзіцца палітыка па зніжэнні залежнасці ад расійскіх рэсурсаў; уводзіцца прынцып селектыўнага ўзаемадзеяння з Расіяй па тых пытаннях, дзе існуе аб'ектыўны інтарэс з боку ЕС; дэкларуецца ўзмацненне падтрымкі расійскай грамадзянскай супольнасці.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?