Вы тут

Айчынныя джынсы: ці хутка яны з'явяцца ў нашых магазінах?


Канцэрн «Беллегпрам» пачаў свой год з павелічэння экспарту прадукцыі. Тэмп росту паставак у студзені 2016-га склаў 109% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Сёння айчынныя вытворцы адзначаюць, што па якасці і па спажывецкіх характарыстыках наша прадукцыя ў многім не саступае сваім канкурэнтам на знешніх рынках. Усё часцей кампаніі канкурыруюць не тым, у каго больш якасная прадукцыя, а тым, у каго лепш працуе аддзел маркетынгу. Што тычыцца інавацый недалёкай будучыні, то ў канцэрне паабяцалі, што ў хуткім часе з'явяцца айчынныя джынсы.


У плане новыя рынкі

Экспарт канцэрна «Беллегпрам» на сусветны рынак летась ахапіў 56 краін. 73% паставак пайшлі ў Расію, 14% — у краіны Еўропы, 11% — на астатнія краіны СНД. Апошнія 2% падзяліліся паміж Афрыкай, Амерыкай і Азіяй. На наступную пяцігодку ў планах канцэрна пашырыць геаграфію экспарту. Як адзначыў старшыня «Беллегпрама» Мікалай Яфімчык, экспарт канцэрна на знешні рынак не змяніўся — як і раней, адгружаецца больш за палову выпушчанай прадукцыі. З улікам таго, што галіна імпартазалежная і сыравіна купляецца за валюту, экспарт павінен быць асноўным напрамкам дзейнасці, ад якога залежыць паспяховасць канцэрна. Паводле ацэнак «Беллегпрама», экспарт у наступныя 5 гадоў будзе павялічвацца ў сярэднім на 30 мільёнаў долараў штогод. Плануецца асвоіць новыя рынкі афрыканскага кантынента. Ужо цяпер з'яўляецца шэраг краін, з якімі раней справы не вяліся: нядаўна партыі тавару адгружалі ў Ізраіль. З'яўляецца магчымасць працаваць з ПАР, Канадай, Японіяй, Фінляндыяй, Нарвегіяй, Швецыяй.

Бліжэй да прыватніка

Адным з асноўных выйсцяў з бягучай сітуацыі з'яўляецца пастаяннае ўзаемадзеянне з суб'ектамі гандлю ўсіх формаў уласнасці, а таксама фарміраванне прымальных умоў працы з імі. Так, канцэрн «Беллегпрам» выступіў з прапановай да вытворцаў зрабіць для індывідуальных прадпрымальнікаў ільготныя ўмовы набыцця тавараў. Начальнік упраўлення арганізацыі гандлю канцэрна Святлана Кахро адзначыла, што шэраг прадпрыемстваў ужо перагледзелі ўмовы паставак прадукцыі. Гаворка ідзе аб адтэрміноўцы плацяжоў, а таксама магчымай замене тавараў. Паводле яе слоў, канцэрн сумесна з кіраўнікамі прадпрыемстваў, а таксама аблвыканкамамі праводзілі сустрэчы з ІП для наладжвання сумеснай працы.

«За студзень колькасць заключаных дагавораў павялічылася на 10%. І гэта нягледзячы на чакальную пазіцыю ў прадпрымальнікаў у гэтым месяцы. Усе тыя дагаворы, што дзейнічалі раней, былі перазаключаны», — патлумачыла Святлана Кахро.

Прыкладам удалай прыватнай і дзяржаўнай кааперацыі можа служыць работа кампаній «Палессе» і «Калінка». У канцы мінулага года яны адкрылі сумесна з ІП у рамках дагавора франчайзінгу пяць гандлёвых аб'ектаў, якія цяпер працуюць з прыбыткам.

Усяго ж за 2015 год канцэрн «Беллегпрам» адгрузіў прадукцыі для ІП на суму каля 290 млрд рублёў, што на 21% больш, чым годам раней. Старшыня «Беллегпрама» Мікалай Яфімчык патлумачыў, што з усімі вытворцамі ёсць дамоўленасць аб тым, што ніякіх абмежаванняў у дачыненні да індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб з прыватнай формай уласнасці не павінна быць. У сумарным выражэнні для ІП і юрасоб прададзена прадукцыі на суму каля 1,5 трлн рублёў, што складае практычна месячны аб'ём вытворчасці канцэрна.

Не толькі бавоўна, але і лён

У краіне неўзабаве з'явяцца джынсы айчыннай вытворчасці. Па словах Мікалая Яфімчыка, праект знаходзіцца ўжо на фінальнай стадыі. Адметнай рысай нашай прадукцыі з'яўляецца тое, што яна не будзе складацца толькі з бавоўны — канкурыраваць з вытворцамі баваўняных джынсаў вельмі цяжка. У тым жа Туркменістане кошт баваўнянай сыравіны значна ніжэйшы, чым у Беларусі. Тканіны для беларускіх джынсаў будуць змяшчаць як бавоўну, так і лён са спецыяльным аздабленнем. Асноўным выканаўцам праекта будзе Аршанскі льнокамбінат, прыме ўдзел і Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб'яднанне. У асартыменце запланаваны мужчынскія, жаночыя джынсы як для халоднага, так і летняга сезона. Партнёры з Туркменістана гатовыя супрацоўнічаць і забяспечыць дапамогу ў аздабленні прадукцыі.

Трэба скончыць пачатае

У планах «Беллегпрама» на 2016 год — завяршыць распачатую раней мадэрнізацыю прадпрыемстваў галіны. Як распавёў намеснік старшыні канцэрна Мікалай Рагожнік, перш за ўсё размова ідзе аб кампаніі «Камволь», Баранавіцкім вытворчым баваўняным аб'яднанні і Аршанскім ільнокамбінаце. Задачы па рэалізацыі новых глабальных праектаў не плануюцца. Паводле яго слоў, працэнт зносу абсталявання на прадпрыемствах «Беллегпрама» не самы высокі ў прамысловасці, таму неабходнасці сур'ёзна мадэрнізаваць вытворчыя магутнасці няма. Таксама ён адзначыў важнасць работы па развіцці фірменнай гандлёвай сеткі. Прадпрыемствы канцэрна ў 2015 годзе павялічылі колькасць аб'ектаў на 58. Усяго ж па краіне іх колькасць дасягае 600.

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Фота Сяргея Нікановіча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».