Вы тут

Рэгулярна і правільна мерайце ціск


Рэгулярна і правільна мерайце ціск і на ўсялякі выпадак запісвайце даныя ў дзённік, не спадзеючыся на сваю памяць. Гэтыя запісы пасля можна паказаць урачу.


Як выявіць?

Вымярэнне праводзіцца седзячы, пасля пяці хвілін адпачынку. Манжэтка танометра павінна знаходзіцца на ўзроўні сэрца. Не ўжывайце кавы ці моцнага чаю, не курыце цягам гадзіны. Памерайце ціск двойчы з інтэрвалам у 3-5 хвілін для атрымання дакладнага выніку.

— У норме ў падлеткаў артэрыяльны ціск складае 120/80 мм рт.сл., але ён можа мяняцца ў той ці іншы бок на 10-15 мм рт.сл. нават у здаровых людзей — пры хваляванні, фізічнай нагрузцы, пасля ўжывання кавы і г.д., — тлумачыць урач-кардыёлаг 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Людміла ВАСІЛЕВІЧ. — Калі ў вашага дзіцяці ці ў вас павышаны ціск, значыць, трэба пайсці да ўрача. Нярэдка прычынай артэрыяльнай гіпертэнзіі з'яўляюцца хваробы нырак, эндакрыннай сістэмы, нервовае напружанне, псіхічнае знясіленне, звужэнне аорты ці буйных артэрый. Аднак паставіць дыягназ і выявіць прычыну гіпертаніі павінен спецыяліст.

Як лячыць?

Напачатку для лячэння артэрыяльнай гіпертэнзіі выкарыстоўваюць масаж, іголкаўколванне, водныя працэдуры (кантрасны душ, саўна, ванны); лекавыя расліны (сардэчнік, рабіну, кроп, шыпшыну, брусніцы, чарніцы, мяту, корань валяр'яну), але з асцярожнасцю і ў належнай дазіроўцы.

Неабходна абавязкова наладзіць правільны рэжым, харчаванне, забяспечыць дастатковую рухальную актыўнасць.

Усё гэта цягам 4-6 месяцаў можа нармалізаваць артэрыяльны ціск. Калі ж паказчык не прыйшоў у норму, прызначаюць лекі для працяглага прыёму, нярэдка на ўсё жыццё, паколькі ўскладненнямі высокага ціску з'яўляюцца інфаркт міякарду і інсульт, а гэта можа прывесці да інваліднасці і нават гібелі.

Поспех у лячэнні залежыць ад перакананасці ў тым, што лячыцца будзе не доктар, а сам хворы, і гэта не кароткі эпізод, а доўгатэрміновая праграма.

Як прадухіліць?

Сачыце за вагой. Лішняя вага спрыяе павышэнню ціску. А таму, калі яна ёсць, неабходна...

  • Перагледзець свой рацыён.

У першую чаргу трэба знізіць каларыйнасць ежы за кошт змяншэння ўжывання салодкага, цукру, здобы, жывёльных тлушчаў, тлустых гатункаў мяса, сыру. Не ўжывайце моцнага чаю, кавы, тлустых рыбных і мясных булёнаў, салодкіх газіраваных напояў. Больш ужывайце расліннай ежы. Не забывайцеся пра багатыя на калій разынкі, чарнасліў, курагу, бульбу, арэхі, гародніну, крупы, нятлусты тварог і ўсё, што змяшчае магній, — бабовыя, зяленіва, моркву, шыпшыну, інжыр, фінікі, земляныя арэхі.

Рэкамендуюцца свежыя яблычны і грэйпфрутавы сокі. Агульны аб'ём вадкасці павінен складаць каля 1,5 л.

Прымаць ежу неабходна часта (4-5 разоў на дзень) і пакрысе, апошні прыём — не пазней за 19.00.

Перасольванне ежы адназначна павышае ціск. Майце на ўвазе, што не толькі селядзец ці кансерваваныя агуркі, але наогул вялікая колькасць гатовых прадуктаў у краме змяшчае павышаную колькасць солі. Таму імкніцеся гатаваць самі, саліце мінімальна.

  • Павялічыць фізічную актыўнасць.

Рэгулярныя фізічныя нагрузкі прыводзяць да зніжэння артэрыяльнага ціску. Асабліва карысныя ранішняя гімнастыка, штодзённая хада ў сярэднім тэмпе цягам 40-60 хвілін, плаванне 3-4 разы на тыдні, рытмічная гімнастыка, катанне на лыжах або веласіпедзе па роўнай мясцовасці.

Не рэкамендуецца паднімаць цяжары, хуткі бег, кросы, хада на лыжах або плаванне ў хуткім тэмпе, розныя віды барацьбы, спаборніцтвы.

  • Кінуць курыць тэрмінова.

Нікацін выклікае спазм сасудаў, зніжае іх эластычнасць, што вядзе да павышэння ціску. Адмова ад курэння можа нармалізаваць ціск — як і адмова ад любога алкаголю.

  • Навучыцца расслабляцца.

Вядома, што канфлікты, асабліва тыя, што не хочуць вырашацца працяглы час, таксама павышаюць ціск. Незалежна ад сітуацый неабходна мяняць сваё стаўленне да наваколля, праяўляць максімальную цярплівасць і добразычлівасць. Калі вы не ўмееце расслабляцца і кіраваць сваімі эмоцыямі, звярніцеся па дапамогу да псіхолага.

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Ціск... ненармальны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».