Вы тут

Дзмітрый Дашчынскі — трэнер для спартсменаў і тата для сваіх сыноў


Пра тое, як адбыўся пераход праслаўленага фрыстайліста з акрабата ў настаўнікі, што чакае наш фрыстайл у будучыні і якую ацэнку даць сезону, які падышоў да завяршэння.


Цяпер — калегі: Мікалай КАЗЕКА і Дзмітрый ДАШЧЫНСКІ.

Спаборніцкі год для лятаючых лыжнікаў краіны скончыўся, а значыць, самы час падводзіць вынікі. Гаварыць ёсць пра што, бо ў гэтым сезоне Беларусь прымала шэраг міжнародных спаборніцтваў, а спартсмены заваёўвалі прэстыжныя ўзнагароды. Гэта мае асаблівую каштоўнасць для зборнай цяпер, калі вялікі спорт пакінулі алімпійскія чэмпіёны, а на змену ім прыйшла моладзь. Прыйшла і не згубілася ў сусветнай эліце: беларусы па-ранейшаму сярод лідараў у фрыстайле. Адзначым, што змены адбыліся не толькі ў складзе спартсменаў, але і сярод трэнераў.

Першы паўнавартасны сезон з юніёрскай камандай адпрацаваў вядомы ў недалёкім мінулым фрыстайліст Дзмітрый Дашчынскі. Сёння ён расказвае пра сваю новую працу, пра тое, як выстройвае адносіны ў камандзе, падводзіць вынікі сезона і дзеліцца планамі.

— Дзмітрый, сёлета Беларусь прыняла шэраг міжнародных спаборніцтваў па фрыстайле. Як ацэніце іх арганізацыю?

— Аб'ектыўна магу меркаваць пра гэта па водгуках удзельнікаў і гасцей з іншых краін: усё атрымалася добра. Калі казаць пра летні турнір у новым цэнтры «Фрыстайл», то там праблем не ўзнікла наогул. Цэнтр унікальны, таму з задавальненнем там заўсёды спартсмены і трэніруюцца, і выступаюць. Быў толькі адзін недахоп — невялікая колькасць удзельнікаў, спадзяваліся зрабіць турнір больш прадстаўнічым. Сёлета, у верасні, будзем выпраўляць сітуацыю, плануецца правесці сумесны турнір са Швейцарыяй: на адных выхадных спартсмены выступяць у Еўропе, а ўжо на наступных — у Беларусі. Гэта нашмат зручней, ды і так з'явіцца магчымасць прыцягнуць большую колькасць фрыстайлістаў, зрабіць турнір больш прадстаўнічым. Магчыма, прыедуць амерыканцы, канадцы, аўстралійцы.

— З зімнімі турнірамі справы ішлі куды больш праблематычна.

— Летась у нас ужо быў вопыт правядзення міжнародных спаборніцтваў у цяжкіх умовах надвор'я, таму сёлета было лягчэй. Усё атрымалася нармальна, ніякіх нараканняў не было, у наступным годзе, наколькі я ведаю, таксама плануем прымаць этап Кубка свету. Мы спрабуем удасканальвацца: гэтай зімой выкарыстоўвалі сухі лёд, плануецца купіць яшчэ металічны трамплін (ён больш просты ў выкарыстанні і падрыхтоўцы, але больш надзейны). Плюс зрабіць стацыянарную сістэму намарожвання, таму што сухі лёд — гэта ўсё ж часовае рашэнне, і нятаннае.

— Як ацэніце працу спартсменаў у сёлетнім сезоне?

— Нацыянальная каманда выступіла на добрым узроўні. Была перамога на Кубку свету ў Кітаі, шмат прызавых месцаў на іншых этапах, а галоўнае, я лічу, што на хатніх спаборніцтвах паказалі добрую форму — адразу два прызавыя месцы, даўно такога не было. Трэба памятаць, што практычна цалкам змяніўся склад каманды, таму гэта добры вынік.

— Вы працуеце з рэзервам, таму, напэўна, ведаеце, чаго чакаць заўзятарам у будучыні...

— Юніёры таксама прайшлі гэты год цалкам удала. У найбліжэйшым рэзерве ёсць пара чалавек, якія годна могуць прадстаўляць краіну ў далейшым. Тым больш выкарыстанне нашага новага воднага трампліна спрашчае падрыхтоўку і спартсменам, і трэнерам. Калі раней юніёры летам маглі выехаць на збор максімум 2 разы, то цяпер скакаць можна круглы год. Дзякуючы гэтаму мы зможам хутка дабавіць, палепшыць якасць скачкоў.

Раней у нас быў разрыў паміж асноўнай камандай і юніёрамі, дзесьці не хапала дапамогі з боку моладзі, а цяпер яны ўжо пачынаюць расці. Гэта адбываецца ў тым ліку дзякуючы падтрымцы з боку нацыянальнай каманды і асабіста Мікалая Іванавіча Казекі. Ён больш увагі стаў надаваць юніёрам, самых лепшых з іх прыцягвае на сумесныя зборы, разам скачуць, трэніруюцца, выступаюць — гэта дае вынік. Я, са свайго боку, працую са спартсменамі над базай, над якасцю скачкоў, якой недзе, напэўна, не хапала ім раней. Сёлета ўжо быў добры вынік: на юніёрскім чэмпіянаце свету другое месца Дзімы Мазуркевіча, на ўсіх этапах Кубка Еўропы ў нас былі прызавыя месцы, плюс наша каманда выйграла Кубак нацый. Адзначу, што на п'едэстале ў гэтым сезоне пабывалі ўсе члены юніёрскай зборнай: гэта сведчыць пра тое, што яны гатовыя змагацца і паказваць добры вынік. Думаю, і наперадзе нас чакаюць поспехі.

— Гэта ваш першы паўнавартасны год у ролі трэнера?

— Пачаў працаваць з камандай яшчэ ў мінулым сезоне, але афіцыйна трэнерам не быў, праца праходзіла больш спантанна, а сёлета больш грунтоўна ўзяліся, таму яго можна назваць больш паўнавартасным.

— Як ацэніце сваю працу?

— Асноўны паказчык — гэта вынікі маіх спартсменаў і тое, якая атмасфера, настрой у калектыве. На мой погляд, у нас усё добра, пакуль усё больш-менш атрымліваецца, ды і калектыў цудоўны.

— Вернемся да моманту, калі вам прапанавалі перайсці на трэнерскую працу. Былі сумненні або страхі на гэты конт?

— Каб баяцца, спачатку трэба паспрабаваць, таму нічога падобнага не адчуваў. Было цікава прымяніць свой вопыт, паспрабаваць нешта новае. Адна справа, калі ты спартсмен, заняты сам сабою і толькі сваімі вынікамі, а тут трэба кіраваць калектывам, думаць за ўсіх. Працы, вядома, значна больш, і яна зусім іншая. Было цікава, як я ўпішуся ў гэтую ролю, ці змагу перадаць свае веды спартсменам. Над прапановай асабліва не задумваўся, таму што ў нас ужо гадамі напрацаваны добры калектыў: можна сказаць, што я нікуды не сыходзіў, проста мая роля памянялася. У камандзе такога ўзроўню, як зборная Беларусі, працаваць для мяне за гонар, таму гэтую прапанову прыняў, не раздумваючы.

— Як адрэагавала сям'я на тое, што вы ўсё ж засталіся ў спорце?

— Нармальна. Цяпер дома бываю часцей, хоць зборы, паездкі ўсё роўна засталіся. Узімку, калі трэніруемся ў Раўбічах, можна спакойна ездзіць дадому, летам шмат часу праводзім у Мінску. Вядома, цяпер больш часу для сям'і: і ім добра, і мне. Хоць родным мяне заўсёды не хапае, колькі б я ні быў дома.

— Калі самі скакалі апошні раз?

— На апрабаванні воднага трампліна ў цэнтры «Фрыстайл».

— Не сумуеце?

— Першы час бывала, што хацелася самому паскакаць. Спартсменам словамі тлумачыш, тлумачыш, а здаецца, стаў бы сам на лыжы, скокнуў і паказаў. Гэта нашмат прасцей, чым на словах расказаць. З часам такое жаданне прайшло, ды і я разумею, што скачкі для мяне ўжо — рэч з пэўнай доляй рызыкі. Нейкія старыя траўмы могуць вылезці.

Мінулым летам я, проста скачучы ў басейн, зноў вывіхнуў плячо. Калі ўвесь час фізічную форму не падтрымліваеш, то скакаць небяспечна, тым больш цяпер у мяне ёсць адказнасць перад камандай і перад сям'ёй.

— Для вас складаней скакаць самому ці назіраць за выступленнем свайго вучня?

— Гэта зусім розныя адчуванні. Калі вы маеце на ўвазе хваляванне, то ў мяне яго няма. Я сам выступаў на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню, і ў апошні час маёй кар'еры ўзнікала такая праблема, што не хапала нейкага адрэналіну. Этапы Кубкаў свету сталі проста як трэніроўкі, стандартная праца, а не адметная падзея. Цяпер, калі мае вучні выступаюць на этапах Кубка Еўропы, для мяне гэта паняцце наогул не сур'ёзнае, але я разумею, што для юніёраў цяпер гэта максімум, гэта іх асноўныя спаборніцтвы. Яны адчуваюць велізарнае хваляванне, прыкладна як я на Алімпіядзе, таму даводзіцца неяк настройваць сябе. Ды і моцнае хваляванне з майго боку тут таксама не патрэбна. Калі ты трэнер, усё па-іншаму, узнікае шмат нюансаў (трэба прадумаць хуткасць, куды лепш стаць спартсмену, потым у паветры яму падказаць), а калі ты спартсмен, то думаеш толькі пра свой скачок.

— На ваш погляд, якімі якасцямі павінен валодаць добры трэнер?

— Гэта складанае пытанне, тут павінна быць шмат усяго. Побач са мной ёсць добры прыклад — Мікалай Іванавіч Казека. Чалавек, які перш за ўсё фанатычна ставіцца да сваёй справы. Ён гатовы ў любы момант усё кінуць і заняцца фрыстайлам. Іншых трэнераў заўсёды напружвае гэта, і шмат каму, я бачу, часам цяжка, бывае, што і адпачынкаў няма, і выхадных. А Мікалай Іванавіч заўсёды працуе, ён вылучаецца тым, што надае шмат увагі дробязям, здаецца, нейкім нязначным момантам у скачках, але менавіта дзякуючы гэтаму ў нас такая моцная каманда. Кожная дэталь адпрацавана «ад» і «да», усё зроблена ідэальна. Яшчэ важна, што ў яго ёсць прафесійны нюх: калі трэба прыняць важнае рашэнне, ён можа сумнявацца, мяняць думку, але ў выніку прымае менавіта тое рашэнне, якое аказваецца правільным. Таму, я лічу, у трэнерскай працы галоўнае — любоў да сваёй справы, прысвячэнне ўсяго часу, у тым ліку і свабоднага, спорту.

— Многія спартсмены прызнаюцца, што трэнер паступова становіцца другім бацькам. Вам ужо даводзілася адчуць гэта на сабе?

— У нас з маімі вучнямі вельмі добрыя адносіны: яны расказваюць мне нешта з жыцця па-за спортам, як правялі выхадныя, што нарабілі. Я стараюся спакойна да гэтага ставіцца, таму што прытрымліваюся таго пункту гледжання, што людзі самі павінны прымаць рашэнні. Усе мы ў такім узросце рабілі памылкі, я магу даць параду, сказаць, як лепш зрабіць, але не буду караць і настойваць на сваім. Яны павінны разумець, што выбар за імі і яны за яго ў адказе.

— Што для вас, як для трэнера, з'яўляецца найвышэйшай узнагародай?

— Трэнер са спартсменам працуюць у адной звязцы, на адзін вынік, таму для мяне асноўная ўзнагарода — гэта перамога на спаборніцтвах майго вучня. Плюс — калі хтосьці з юніёраў зможа трапіць у нацыянальную каманду і там дамагчыся высокіх вынікаў, гэта можна будзе таксама лічыць маім дасягненнем.

— У будучыні вы хацелі б кіраваць галоўнай камандай краіны?

— Вядома, такое жаданне ёсць. Ці змагу — гэта іншае пытанне, на яго адкажа час. Калі я быў спартсменам, то пабываў на самых прэстыжных турнірах. Хочацца спаборнічаць на такім жа максімальным узроўні і ў якасці трэнера, таму ў будучыні я спадзяюся, што змагу трэніраваць нацыянальную каманду, выступіць з ёй на Алімпійскіх гульнях — гэта ўсё ж асноўная мэта любога спартсмена і трэнера, які працуе з ім.

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Наперадзе нас чакаюць поспехі

Выбар рэдакцыі

Спорт

Марына Літвінчук і Вольга Худзенка сталі чэмпіёнкамі ІІ Еўрапейскіх гульняў

Марына Літвінчук і Вольга Худзенка сталі чэмпіёнкамі ІІ Еўрапейскіх гульняў

Сёння на вяслярным канале ў Заслаўі працягнуліся спаборніцтвы па веславанні на байдарках і каноэ.

Грамадства

Як без рызыкі адпачыць у спёку?

Як без рызыкі адпачыць у спёку?

Вадасховішча Дразды даўно стала ўлюбёным месцам адпачынку тысяч людзей.

Грамадства

Як не стаць ахвярай кіберзлачынцаў

Як не стаць ахвярай кіберзлачынцаў

Расказвае намеснік начальніка ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Уладзімір Зайцаў.

Грамадства

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

«Догляд займае не больш за хвіліну». Як правяраюць наведвальнікаў перад уваходам у фан-зону?

Пералік рэчаў, забароненых да праносу, змешчаны на ўваходзе ў кантрольна-прапускны пункт.