Вы тут

Як тлушч забівае печань


Добра вядома, што ў таго, хто злоўжывае алкаголем, печань не можа быць у парадку. Аднак нават калі вы не ўжываеце спіртныя напоі наогул, гэта яшчэ не гарантыя таго, што печань будзе здаровай. Што ж яшчэ можа нашкодзіць гэтаму органу і таксама прывесці да цырозу? Лішнія кілаграмы! Чым далей наша вага ад нормы, тым прасцей печані выйсці са строю. Пра асаблівасці гэтай праблемы расказвае дацэнт 2-й кафедры ўнутраных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук, урач-гастраэнтэролаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Мікалай КАПРАЛАЎ.


— У сусветнай практыцы ўрачы-тэрапеўты і ўрачы агульнай практыкі выяўляюць падчас сваіх прыёмаў немалую колькасць пацыентаў з неалкагольнай тлушчавай хваробай печані. Такое захворванне сустракаецца ў 300 пацыентаў з 1000! У групе рызыкі — людзі з лішняй вагой. Сучасны чалавек абавязкова павінен ведаць свой індэкс масы цела. Разлічваецца ён па формуле: вагу (кг) дзелім на рост (м) у квадраце.

Індэкс у межах 18,5-25 — гэта норма, 25-30 — гэта ўжо лішняя вага, 30-35 — атлусценне 1 ступені, 35-40 — 2-й ступені, звыш 40 — 3-й ступені. Існуе і больш просты спосаб вызначэння лішніх кілаграмаў — дастаткова памераць аб'ём таліі. У мужчын гэты паказчык не павінен перавышаць 94 см, у жанчын — 80 см. Чым больш лішняй вагі, чым большая ступень атлусцення, тым хутчэй развіваецца паталогія і хутчэй праходзіць усе стадыі.

Сёння неалкагольная тлушчавая хвароба становіцца пандэміяй. Амерыканскія даследчыкі сцвярджаюць, што колькасць людзей з лішняй вагой прырастае на планеце на 2-2,5 працэнта за год. Адпаведна, такімі ж тэмпамі расце колькасць хворых з пашкоджаннем печані.

— Значыць, можна не сумнявацца, што ў цябе ёсць неалкагольная тлушчавая хвароба печані, калі вага перавышае норму?

— Менавіта так. Іншая рэч, гэта захворванне мае некалькі стадый. Напачатку гэта будзе тлушчавы стэатоз, калі пячоначная клетка перанасычаецца тлушчам. Калі мы не прымаем ніякіх захадаў, развіваецца неалкагольны стэатагепатыт, калі ў выніку перанасычэння тлушчам ужо ўзнік запаленчы працэс, пры якім частка клетак пачала гінуць. Наступны цяжкі этап — разрастанне злучальнай тканкі ў печані, дэфармацыя ўнутрыпячоначных пратокаў і сасудаў, што на чацвёртай стадыі захворвання пераходзіць ужо ў цыроз, поўнае парушэнне работы органа.

— І ва ўсім вінаваты тлушч, які назапасіўся на баках?

— Так, галоўная прычына развіцця неалкагольнай тлушчавай хваробы — менавіта атлусценне. Аднак у шэрагу выпадкаў трэба мець на ўвазе наяўнасць цукровага дыябету 2 тыпу або парушэнне абмену халестэрыну з павышэннем канцэнтрацыі ліпідаў нізкай шчыльнасці — «шкоднага» халестэрыну. Ліпіды высокай шчыльнасці, наадварот, абараняюць пячоначныя клеткі.

— Якім чынам тлушч перашкаджае печані?

— Лішняя вага, высокі «шкодны» халестэрын і цукровы дыябет 2 тыпу спрыяюць таму, што ў крыві павышаецца колькасць свабодных тлустых кіслот і трыгліцэрыдаў, а пячоначная тканка вельмі адчувальная да іх, яна іх прыцягвае, каб «утылізаваць», пазбавіць арганізм лішку ліпідаў. Наша печань — унікальны орган, выконвае ў арганізме столькі задач, колькі не выконваюць ні сэрца, ні лёгкія, і мы зараз гаворым толькі пра адну з яе функцый.

Аднак не толькі тлушч ва ўсім вінаваты. Захворванне могуць абумовіць і лекі з гепататаксічным эфектам, напрыклад, глюкакортыкастэроіды (прэднізалон, гідракартызон), нестэроідныя супрацьзапаленчыя прэпараты (ібуфен, ібупрафен, аспірын), некаторыя антыбіётыкі (тэтрацыкліны).

Аднак тут важным будзе не ўжыванне гэтых лекаў у прынцыпе, бо калі б кожная таблетка была настолькі таксічнай, іх бы проста не выпускалі... Трэба мець на ўвазе індывідуальную адчувальнасць пячоначнай тканкі да пералічаных прэпаратаў. Некаторым людзям дастаткова некалькі разоў ужыць тэтрацыклін, як у іх ужо выяўляецца першая стадыя пашкоджання печані — стэатоз, а калі праблема не была выяўлена адразу, то будуць развівацца і наступныя стадыі.

Яшчэ адзін важны момант — хуткае зніжэнне вагі. Гэта катастрофа для печані. Дастаткова двух тыдняў галадання, як орган будзе пашкоджаны. Маса цела павінна зніжацца не больш як на 1 кг цягам тыдня, або на 4 кг за месяц.

Мне давялося кансультаваць не так даўно пацыентку з дыягназам анарэксія. Дзяўчына імкліва страчвала вагу і ўрэшце важыла ўсяго 24 кг. На момант агляду ў яе былі жоўтыя склеры, жоўтая скура, павялічаная печань, паказчыкі ўсіх пячоначных ферментаў павышаныя ў некалькі разоў. Гэта ўжо стэатагепатыт. Пры зніжэнні вагі тлушч ператвараецца ў свабодныя тлустыя кіслоты, іх становіцца шмат, печань не спраўляецца іх утылізаваць і вялікая іх колькасць застаецца ў яе тканцы.

— Што прапануецца ў якасці лячэння на розных стадыях захворвання?

— Гепатоз, першая стадыя хваробы, — гэта яшчэ зваротная сітуацыя. Пры хуткім прыняцці мер печань можна ўратаваць. Стэатагепатыт — сітуацыя больш складаная. Мы можам зняць запаленне, але аднавіць клеткі, якія загінулі — на жаль, не... Іншая рэч, печань будзе намагацца кампенсаваць сваю работу той колькасцю клетак, што засталіся.

Важна прыняць меры на стадыі гепатозу. І галоўнай мерай будзе здаровы лад жыцця.

Трэба не толькі знізіць вагу, але не набіраць яе зноў, не злоўжываць алкаголем і г.д. Хворым на цукровы дыябет неабходна дабівацца стабільнага паказчыку глюкозы. Лекавая тэрапія калі і будзе прызначана, то ў якасці дапаможнага захаду. Змена ладу жыцця паспрыяе вылечванню на першай стадыі хваробы, а на другой стане істотнай кампенсацыяй.

Звычайна лекі патрабуюцца на стадыі стэатагепатыту. Трэба сказаць, што самастойна, без абследавання і агляду ўрача, нельга прымаць прэпараты, якія прымяняюцца ў гепаталогіі. У кожнага прэпарата — свой механізм дзеяння. Напрыклад, эсэнцыяльныя фосфаліпіды, якія паляпшаюць працэс аднаўлення клетак печані, прызначаюцца на другой стадыі захворвання, а ў іншым выпадку такое ўжыванне немэтазгоднае.

Пры невялікім павелічэнні паказчыкаў АСТ і АЛТ могуць выкарыстоўвацца і раслінныя прэпараты на аснове растаропшы. А на аснове гарбуза ў Расіі нават пачалі выраб прэпарата «тыквеол», які таксама паказаны для лячэння стэатозу і стэатагепатыту. Рэкамендуецца пры парушэнні работы печані і ўжыванне страў з гарбуза.

— Якія скаргі могуць з'явіцца ў хворага?

— Сама печань ніколі не баліць — там проста няма болевых канчаткаў. Аднак хворы можа адчуваць цяжар у правым падрабрынні. Таму што капсула печані ў выніку змен пачынае расцягвацца і ціснуць на іншыя тканкі і органы. Зніжаецца працаздольнасць, парушаецца сон — гэта класічныя сімптомы. Аднак у большасці хворых пры гепатозе няма ніякіх сімптомаў.

Праблему дапаможа выявіць біяхімічны аналіз крыві — перавышэнне ў 2-4 разы ўзроўню такіх ферментаў, як АСТ і АЛТ, прычым узровень АЛТ заўсёды большы, чым АСТ. Значна радзей павышаецца білірубін (звыш 20,5 мкмоль/л). У некаторых з'яўляецца затрымка жоўці, аб чым будзе сведчыць павышэнне шчолачнай фасфатазы.

Наогул дыягностыка павінна ўключаць фізічнае і лабараторнае абследаванне, ультрагукавое даследаванне, падчас якога выяўляюць павелічэнне эхагеннасці печані. Для ўдакладнення могуць прызначацца і камп'ютарная або магнітна-рэзанансная тамаграфія, радыеізатопнае сканаванне, вельмі рэдка — біяпсія.

Харчаванне з абмежаваннем

Для зніжэння вагі неабходна не толькі павялічыць фізічную актыўнасць (штодня выконвайце любыя практыкаванні цягам гадзіны, хадзіце пешшу па 4-6 км), але і знізіць каларыйнасць харчавання.

Пры любой паталогіі печані рэкамендуецца спецыяльны дыетычны стол.

1. Усе стравы гатуюцца на пары або варацца.

2. Рэкамендуюцца: хлеб учарашняй выпечкі; любыя крупы; супы з гародніны, крупяныя, малочныя, боршч, капуста; нятлустае мяса, птушка, рыба; малочныя прадукты невысокай тлустасці; агародніна, садавіна, ягады.

3. Не ўжываць: свежы хлеб, здобу, крэмавыя вырабы; наварыстыя мясныя, рыбныя і грыбныя булёны, халаднік, салёную капусту; тлустае мяса, сала, маргарын; вяршкі і малако 6-працэнтнай тлустасці; бабовыя, шчаўе, радыску, зялёную цыбулю, часнок, марынады; вэнджанае і кансервы; шакалад, чорную каву, какаву; алкаголь.

4. Абмежаваць: масла і алей.

Нашы даследаванні

Пры абследаванні 280 хворых з неалкагольнай тлушчавай хваробай печані ў 62 працэнтаў было выяўлена атлусценне, у 20 працэнтаў — цукровы дыябет 2 тыпу, у 13 працэнтаў — выражанае парушэнне халестэрынавага абмену, 2 працэнты ўжывалі гепататаксічныя прэпараты...

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».