Вы тут

«Інкубатар»... ідэй


На Гродзеншчыне ствараецца першы ў краіне аграпрамысловы парк дзеля развіцця фермерства.

Прэзідэнцкім Указам «Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь» ставіцца задача паскоранага развіцця малога і сярэдняга бізнесу, уключэння яго ў экспартную дзейнасць і імпартазамяшчэнне, у тым ліку з прыцягненнем замежнага капіталу. Адзін з праектаў у гэтым кірунку нядаўна стартаваў на Гродзеншчыне: ствараецца першы ў краіне аграпрамысловы парк з мэтай падтрымкі прыватных сельгасвытворцаў рэгіёна.


Тац­ця­на і Мі­ха­іл Чыс­ця­ко­вы:  «Ве­рым, што гэ­ты пра­ект бу­дзе па­спя­хо­вым!»

Карэспандэнт «Звязды» пабываў у фермерскай гаспадарцы «Райская даліна», на базе якой ажыццяўляецца гэты праект ЮНІДА. Разам з ёй у стварэнні аграпрамысловага парка ўдзельнічаюць Гродзенскі аблвыканкам, Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт і абласная асацыяцыя фермераў. На першапачатковым этапе інвестыцыі складуць 980 тысяч долараў.

Грыбы... на дзень нараджэння

Гаспадары «Райскай даліны» Таццяна і Міхаіл ЧЫСЦЯКОВЫ пазнаёміліся, а затым стварылі сям'ю дзякуючы захапленню спортам — грэбляй на байдарках і каноэ. А жаданне зрабіць сямейнам бізнесам фермерства ўзнікла ў іх даволі нечакана.

— Муж на дзень нараджэння ў лютым падарыў мне... грыбы, якія сам вырасціў у падвале. З гэтага і пачалося, — кажа Таццяна Чысцякова.

З Чысцяковымі мы сустрэліся непадалёк ад вёскі Зарыца, што літаральна побач з абласным цэнтрам. Тут у распараджэнні «Райскай даліны» два гектары зямлі, а яшчэ дзесяць — на тэрыторыі Азёрскага сельсавета. Кірункаў дзейнасці ў фермерскай гаспадаркі зараз некалькі. Асноўны — вырошчванне трусоў, прычым не ў клетках, а вальерным спосабам. Летась рэалізавалі тону мяса, сёлета пагалоўе будзе нарошчвацца.

Акрамя таго, у «Райскай даліне» зацікавіліся аграэкатурызмам, а таксама стварылі на яе базе разам з абласной асацыяцыяй фермераў Цэнтр фермерскіх ініцыятыў Гродзеншчыны, які скіраваны на абмен цікавым вопытам, «круглыя сталы» па пытаннях экалагічнага земляробства, здаровага харчавання і іншых надзённых тэмах, заняткі па камп'ютарнай грамаце. Пры гэтым, дарэчы, скарысталіся фінансаваннем у рамках праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Тым самым даказаўшы, што нярэдка бракуе не грашовых сродкаў, а ідэй, якія вартыя інвестыцый. Калі ж ёсць цікавая ініцыятыва і жаданне атрымаць падтрымку, то гэта цалкам рэальна.

— А як жа грыбны бізнес? — цікаўлюся ў Чысцяковых наступствамі вышэйзгаданага падарунка Міхаіла Таццяне.

Аказваецца, яны ўжо даўно займаюцца вырошчваннем грыбнога міцэлію, аднак задуму наладзіць вытворчасць грыбоў (вёшанак і шыітаке) пакуль не ажыццявілі. І, дарэчы, менавіта гэтая ідэя ўвасобілася ў праект аграпрамысловага парка.

— Спачатку мы падалі заяўку ў ЮНІДА, шукаючы фінансавую падтрымку стварэнню грыбной вытворчасці. Ёй зацікавіліся, аднак у значна больш шырокім выглядзе — аграпрамысловага парка з удзелам і іншых фермераў, якія займаюцца вырошчваннем сельскагаспадарчай прадукцыі, — расказвае Таццяна Чысцякова.

Канкрэтныя задачы па стварэнні аграпрамысловага парка нядаўна абмяркоўваліся на сустрэчы кіраўніцтва Гродзенскага аблвыканкама з начальнікам аддзела падтрымкі малых і сярэдніх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў ЮНІДА, міжнародным каардынатарам гэтага праекта Карлам ШАБЕСТАМ. А ўпершыню ён прыехаў з Вены на Гродзеншчыну, каб разгледзець шэраг праектаў, у 2007 годзе. Заяўкі разглядаліся на конкурснай аснове і найбольшую колькасць балаў набрала фермерская гаспадарка «Райская даліна». Праўда, старт праекту далі зусім не адразу. Можна было ўжо пра яго і забыць, аднак у 2014 годзе Чысцяковым патэлефанавалі з Міністэрства замежных спраў Беларусі і пацікавіліся, ці застаецца для іх актуальнай ідэя стварэння аграпрамысловага парка. І распачалася падрыхтоўка неабходных дакументаў.

UNІDO (ЮНІДА) — спецыялізаваная ўстанова ў сістэме Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, якая створана ў 1966 годзе са штаб-кватэрай у Вене (Аўстрыя) дзеля падтрымкі краін, што развіваюцца. Асноўная мэта арганізацыі — садзейнічанне прамысловаму развіццю шляхам аказання тэхнічнай дапамогі ў ажыццяўленні канкрэтных праектаў, распрацоўкі рэгіянальных доўгатэрміновых стратэгій развіцця гэтых краін, правядзення адпаведных даследаванняў. Прыярытэты ЮНІДА — дасягненне грамадскага дабрабыту, развіццё эканамічнай канкурэнтаздольнасці, ахова навакольнага асяроддзя. У арганізацыю ўваходзяць 170 дзяржаў, Рэспубліка Беларусь удзельнічае ў ёй з 1985 года.

Праекту — падтрымка ўлады

— Стварэнне аграпрамысловага парка для нашай вобласці вельмі важнае. Мы зацікаўлены ў развіцці фермерства і гатовы аказаць гэтаму праекту ўсебаковую падтрымку, — зазначыў на сустрэчы з прадстаўнікамі ЮНІДА старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір КРАЎЦОЎ.

Кіраўнік вобласці даручыў стварыць рабочую групу і падрыхтаваць план мерапрыемстваў (дарожную карту) па рэалізацыі праекта, а таксама накіраваць дэлегацыю ў Польшчу для вывучэння адпаведнага вопыту. У прыватнасці, трэба вызначыцца і ўзгадніць з ЮНІДА найбольш мэтазгодныя кірункі перапрацоўчай вытворчасці ў аграпрамысловым парку. Прычым з улікам не толькі наяўных магутнасцяў на Гродзеншчыне, але і перспектыў экспарту прадукцыі. У фермераў можа з'явіцца магчымасць продажу не проста сыравіны, а, што больш выгадна, прадуктаў яе перапрацоўкі.

— Разлічваем, што аграпрамысловы парк аб'яднае вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, перапрацоўшчыкаў і гандаль, — кажа генеральны дырэктар Гродзенскай абласной асацыяцыі фермераў Уладзімір УШКЕВІЧ.

На думку першага намесніка старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама Сяргея ШЭЎЧЫКА, аграпрамысловы парк можа аказваць паслугі не толькі фермерам, але і асабістым падсобным гаспадаркам, садоўніцкім таварыствам. Мажліва, сваю «нішу» знойдуць там і сельгаскааператывы, прадпрыемствы па перапрацоўцы садавіны і агародніны.

— Пры гэтым стварэнне аграпрамысловага парка дапаможа нам адаптавацца да агульнаеўрапейскіх стандартаў і выпускаць такую прадукцыю, якая можа быць сертыфікавана у Еўрасаюзе, — лічыць Сяргей Шэўчык.

Зрэшты, задачы праекта не толькі чыста эканамічныя. У далейшым, калі аграпрамысловы парк будзе створаны, сюды змогуць прыйсці на практыку студэнты Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. А можа, і працаўладкавацца.

prakopchіk!@zvіazda.by

Фо­та Яра­сла­ва ВА­НЮ­КЕ­ВІ­ЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?