Вы тут

Беларусь і Польшча могуць адыграць значную ролю ў Еўропе


Такую думку выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам замежных спраў Польшчы Вітальдам Вашчыкоўскім.


«Жывём побач, гісторыя, здаецца, адна і тая ж, часта перажываем адны і тыя ж праблемы, у кагосьці іх больш, у кагосьці менш, а шлях міністра з Варшавы ў Мінск аказаўся такім доўгім», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, бакам ёсць пра што пагаварыць. «Не скажу, што ёсць праблемы, якія нам цяжка ацаніць. Нават не скажу, што гэтыя праблемы або пытанні цяжка вырашальныя. Пры наяўнасці волі з двух бакоў мы іх можам вырашыць, прытым любыя. Галоўнае — дамовіцца аб крытэрыях. І тут, я думаю, праблем не будзе», — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што беларускі бок стане зыходзіць з тых крытэрыяў выстройвання адносін, на якіх грунтуецца польская знешняя палітыка. «Як вы абараняеце свой суверэнітэт і незалежнасць, так і мы будзем абараняць. Тут у нас абсалютна няма разыходжанняў. Нават часам падглядаем у вас, як гэта рабіць. Як вы ажыццяўляеце сацыяльна-эканамічную палітыку ўнутры краіны, так і мы будзем рабіць. Пры гэтым будзем старацца рабіць так, каб ніхто нас ніколі не папракнуў у малой дэмакратыі, у адсутнасці яе. Мы будзем так рабіць, каб яе было не менш, чым у Польшчы», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў польскаму боку за тое, што там бачаць Беларусь суверэннай і незалежнай. «Калі партнёры, з якімі мы вядзём дыялог, будуць настойваць на тым, вы з Усходам ці з Захадам — выбірайце, гэта значыць вы з Расіяй ці Еўрасаюзам, ставіць нас перад такім выбарам, нам такая пазіцыя не падыходзіць. Я абсалютна ўпэўнены, што і вам яна сёння не патрэбна. Думаю, што Польшча больш, чым хто-небудзь, зацікаўлена, каб Беларусь была не толькі незалежнай дзяржавай, але і стабільнай», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

«Разам з вамі мы можам адыграць значную ролю, знаходзячыся ў эпіцэнтры еўрапейскага кантынента. І разам мы можам значна паўплываць на многія працэсы, якія тут адбываюцца. У нашых інтарэсах, у інтарэсах Польшчы і Беларусі, але ні ў якім разе не на шкоду нашым суседзям», — падкрэсліў Прэзідэнт. «Але і свайго мы не аддадзім. Гэта ваша пазіцыя, гэта і наша пазіцыя», — дадаў беларускі лідар.

Кіраўнік нашай дзяржавы выказаў надзею, што пасля візіту польскага міністра ў Беларусь краіны будуць больш інтэнсіўна развіваць двухбаковыя адносіны. «Нядобра нам глядзець адзін на аднаго праз агароджу, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы заўсёды знаходзілі агульную мову. Хацелася б, каб так было і цяпер».

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь гатова на самае цеснае супрацоўніцтва з Польшчай.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што краіны маюць агульную гісторыю, шмат этнічных беларусаў жыве ў Польшчы, як і палякаў у Беларусі. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што людзі ўсіх нацыянальнасцяў у Беларусі карыстаюцца роўнымі правамі і ён асабіста надае гэтаму шмат увагі. «Я павінен усё зрабіць для таго, каб яны нармальна жылі. Гэта пазіцыя непахісная, мяне ніхто не пераканае ў адваротным», — падкрэсліў Прэзідэнт. Што датычыцца рэлігійных пытанняў, то Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што і тут беларускую ўладу няма ў чым папракнуць, паколькі ніхто не перашкаджае наведваць чалавеку той храм, які ён лічыць патрэбным. «Я вельмі роўна да ўсіх стаўлюся. Так будзе і ў далейшым», — падкрэсліў беларускі лідар.

Калі Польшча вітае такія падыходы, то бакі хутка вырашаць пытанні, якія ёсць сёння на парадку дня або з'явяцца ў будучыні, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу, Вітальд Вашчыкоўскі падкрэсліў, што новы польскі ўрад лічыць ненармальнай сітуацыю, калі на працягу многіх гадоў суседнія краіны не размаўлялі. «Таму мы вырашылі без усялякіх папярэдніх умоў пачаць дыялог і ўрэгуляваць усе суседскія адносіны, якія можна будзе вырашыць у найбліжэйшы час», — сказаў ён.

На сустрэчы быў абмеркаваны шырокі спектр пытанняў двухбаковых адносін, міжнароднага парадку дня, у тым ліку рэгіянальнай бяспекі. Шмат увагі бакі ўдзялілі разгляду пытанняў эканамічнага супрацоўніцтва, адзначыўшы вялікі патэнцыял у рэалізацыі інтэграцыйных праектаў з улікам транзітнага становішча Беларусі і Польшчы.

Загаловак у газеце: Пры наяўнасці волі з двух бакоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».