Вы тут

Вясновыя забавы ў лужыне


Прыйшла вясна. Давайце паглядзім вакол. Што мы бачым? Як правіла, знаёмую карціну: на дзіцячых пляцоўках малыя корпаюцца ў мокрым пяску, катаюцца на бруднаватай горцы, гушкаюцца на арэлях. А мамы ў гэты час сядзяць на бліжэйшых лаўках, занятыя размовай адна з адной, альбо па тэлефоне з сяброўкай. Усё, што яны робяць — гэта перыядычна пазіраюць у бок сваіх дзяцей, каб яны не зваліліся, не пабіліся, не наеліся пяску. Але ж роля бацькоў на прагулцы зводзіцца не толькі да таго, каб гарантаваць бяспеку. Вядома, дзіцяці неабходны нейкі час для самастойнага пазнання свету, але вельмі часта бывае так, што сумна гуляць аднаму ці з іншымі дзецьмі — дапамажыце яму, разнастайце ваш шпацыр, зрабіце яго пазнавальным і цікавым!


Схе­ма вы­ра­бу прос­та­га па­пя­ро­ва­га ка­раб­лі­ка.

Ні для кога не сакрэт, што ўсе дзеці вельмі любяць лужыны. Але, большасць матуль забараняюць нават блізка падыходзіць да іх, маўляў, «намочыш ногі», «вымурзаешся». Парадуйце сваю крывіначку, дайце атрымаць асалоду ад таго, што ўсім астатнім дзецям забаронена. Але для гэтага, вядома, паклапаціцеся загадзя пра непрамакальныя боцікі і кантралюйце дзеянні малога.

Самая папулярная вясновая гульня для маленькіх капітанаў дальняга плавання — гэта запускаць папяровыя караблікі ў раўчукі. Пры гэтым можна зладзіць спаборніцтва з суседскімі дзецьмі і іх бацькамі: чыё судна далей даплыве або даўжэй пратрымаецца і не перакуліцца. Тонкая папера хутка намакае, таму, калі плануеце спускаць караблі на ваду, складайце іх з фольгі ці калькі. Такі флот не тоне, яго можна выкарыстоўваць шматкроць.

Сярод бяспечных гульняў з вадой, можна вылучыць яшчэ некалькі.

«Мераць лужыны». Лужыны бываюць розныя. Доўгія і кароткія, мелкія і глыбокія. Даўжыню і шырыню лужыны можна мераць у кроках, у ботах (рухацца, ушчыльную прыстаўляючы ногі), у палках ды хоць у... папугаях, калі яны апынуцца пад рукой. Мераць іх можна і «дзецьмі», і «татамі», і «мамамі», і «бабулямі», а потым дзівіцца несупадзенню вынікаў: лужына ў «татах», відавочна, будзе меншай за лужыну ў «мурашках», напрыклад. Калі дзіця падрасце, увядзіце паняцце «аб'ём». Часта ў маленькай на выгляд, але глыбокай лужыне аб'ём вады бывае большым, чым у велізарнай, але плыткай. Для дзіцяці гэта — сапраўднае адкрыццё.

«Тоне — не тоне». Набярыце калекцыю розных дробных непатрэбных рэчаў і тапіце іх у лужыне. Пры гэтым загадзя пацікаўцеся ў дзіцяці: тоне гэты прадмет ці не. Тады разам з ім вы здзейсніце нямала дзіўных адкрыццяў. Напрыклад, плоская пясочная формачка, кінутая ў лужыну ўверх дном, тоне, а тая ж формачка, перавернутая ў выглядзе карабліка, плыве. Калі надзьмуць пакет паветрам, ён будзе плыць, а пакуначак з загорнутым у яго каменьчыкам патоне. Галоўнае, пагуляўшы, не забудзьцеся прыбраць за сабой.

«Падводны шукальнік скарбаў». Да гэтай гульні трэба падрыхтавацца загадзя. Знайсці цікавы прадмет, які не баіцца вады і тоне, загадзя пакласці яго ў лужыну. І даць заданне малечы знайсці скарб. Шукаць можна з дапамогай палак, грабелек з пясочнага набору, ну ці рукамі, калі мама дазволіць. Для старэйшых дзетак можна яшчэ і намаляваць карту, па якой трэба знайсці патрэбную лужыну.

Размалёўваем лужыны. Нам спатрэбяцца некалькі лужын недалёка ад дома і харчовыя фарбавальнікі. Падыдуць і фарбы для велікодных яек. Прапануеце дзіцяці акуратна высыпаць парашок у лужыну і размяшаць палачкай. Вам абаім будзе цікава назіраць, як лужыны афарбоўваюцца ў вясёлыя жыццярадасныя колеры.

Такім чынам, мы бачым, што лёгка можна разнастаіць вясновы шпацыр, каб ён быў цікавым, карысным і прыемным для ўсіх. А як вы бавіце час са сваімі дзеткамі? Пішыце, дзяліцеся сваім досведам.

Загаловак у газеце: Капітан дальняга плавання

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».