Вы тут

Эксперыментуйце — і выйгравайце


Штогод вы распачынаеце дачны сезон з думкамі: ну, калі сёлета нічога не вырасце, кіну дурное? Вашы градкі нагадваюць поле бою, на якім вы прайграяце? Зімой вы пад расадай «гнаілі падаконнікі», вясной раскашэльваліся на плёнку, усё лета палолі-падвязвалі-пасынкавалі-палівалі, а сабралі ўсяго з паўвядра зялёных памідораў, і гэта яшчэ калі пашанцавала, што іх не «пабіла» фітафторай? Вы закупіліся добрай расадай капусты, але не змаглі ўправіцца з цэлай арміяй шкоднікаў, якія яе знішчылі? Цыбуля пагніла, морква пакруцілася, бульба не завязалася. Размову пра нашы дачныя беды можна працягваць... Але ж у суседзяў расце! І ў той час, пакуль мы скардзімся, нехта забівае склеп разнастайнымі нарыхтоўкамі са свайго агарода...

Значыць, вопыт удачлівых агароднікаў не менш каштоўны за тыя «правераныя і дзейсныя» метады, якімі даўно карыстаецеся вы. Давайце дзяліцца сваімі сакрэтамі і збіраць добрыя ўраджаі.


Сёння сваімі парадамі наконт вырошчвання таматаў дзеліцца мінчанка Алена Дробава, якая мае лецішча ў Лагойскім раёне.

Сеем рана. Звычайна агароднікі не раяць сеяць памідоры на расаду вельмі рана — маўляў, кусцікі, перарастуць, выцягнуцца. Але я не раз парушала такое правіла і ў цяпліцу высаджвала расаду з кветкамі і нават першай завяззю. Я заўважыла, што з пераросткамі няма праблем, калі іх правільна сяліць у парнікі: абрываць лісточкі, укладваць у баразну і прысыпаць так, каб над зямлёй была толькі верхавіна. Не пужайцеся, што расада так «скарацілася». Вы заўважыце, як хутка яна ўвойдзе ў моц. А без развітай каранёвай сістэмы не сабраць вялікага ўраджаю.

Калі возіцеся з раслінамі, паспрабуйце ўявіць, як бы яны сябе паводзілі ў дзікай прыродзе. Доўгія галінкі гнуцца да зямлі і прарастаюць. І чаму б гэта не скарыстаць? Так, калі расада ўжо вялікая, а вывозіць яе на дачу яшчэ рана — проста перасаджвайце яе ў большыя ёмістасці (гэта могуць быць нават вялікія поліэтыленавыя пакеты) і падсыпайце да сцябла зямлі. У выніку яшчэ да перасадкі ў парнік вы атрымаеце дарослую расліну з магутнай каранёвай сістэмай і першыя чырвоныя памідорчыкі выспеюць менавіта ў вашым агародзе. На працягу ўсяго сезона падсыпайце да кожнага куста свежую зямлю (можна спецыяльна на вашым надзеле пакінуць невялікі ўчастак-донар). Сцябло будзе выпускаць у яе карэньчыкі і больш якасна падсілкоўваць вялікі куст, і ён парадуе вас ураджаем.

Густа. Люблю сеяць густа не толькі памідоры, але і перцы. Апошнія перасадкі не любяць, таму іх раяць адразу садзіць у персанальныя «дамкі». Але дзе расстаўляць такую колькасць скрыначак, тым больш што для прарастання насення іх трэба размяшчаць побач з батарэямі? Я не чакаю, як прынята, пакуль на расадзе з'явяцца першыя 2-3 сапраўдныя лісты. Размяшчаю кусты па персанальных скрынках, як толькі яны ўзыходзяць. Нават далікатным перчыкам такая аперацыя не страшная. Іх карэньчыкі яшчэ маленькія і не пашкоджваюцца падчас перасялення. Акрамя таго, падобная ранняя перасадка — выдатны сродак прафілактыкі захворвання расады.

Спяшаемся з наваселлем. Вы не спрабавалі высаджваць расаду ў парнікі раней, чым гэта звычайна раяць рабіць? Апошнія два гады я частку расады сяліла ў парнікі яшчэ ў красавіку. І заўважыла: кусты, высаджаныя раней, нават, калі яны былі пашкоджаныя майскімі замаразкамі, абганялі ў росце сваіх больш позніх здаровых суседзяў. Добра, калі вы з пачаткам агароднага сезона можаце перабрацца на дачу і дапамагаць сваім раслінам штодзень, пры раптоўных замаразках дадаткова накрываць у парніку расаду на ноч. А калі не? Можна прыдумаць розныя спосабы, як захаваць цяпло — прысыпаць да бартоў парніка больш зямлі, каб ніадкуль не задувала, ды яшчэ засцяліць чорнай плёнкай, якая прыцягвае цяпло. Гэтай жа плёнкай можна пакрыць зямлю ўнутры парніка. Я высцілаю паміж кустамі сена, альбо свежаскошаную траву. Між іншым, травяная посцілка дапамагае захаваць зямлю і ад перасыхання, сэканоміць на паліве.

Абрываем кветкі. Памідорнае шчасце моцна залежыць ад надвор'я. Толькі ваш парнік заквітнеў — а тут моцная спякота, пры якой плады не завязваюцца. Ды і падчас працяглых дажджлівых дзён кветачкі могуць ападаць. Надвор'е наладжваецца — ды толькі вашы кусты ўжо адквітнелі і засталіся вы без ураджаю. Таму ўважліва назірайце за пасадкамі і шукайце гатункі, якія растуць і квітнеюць усё лета. Дарэчы, пры спрыяльных умовах за сезон вы можаце атрымаць з іх нават не адзін ураджай. У пахмурныя дні, мая сваячка многа корпаецца ў парніку — абрывае кветкі. Адквітнеюць расліны — і яна здымае з іх падвялыя «жоўтыя спаднічкі», каб тыя не загніліся і не пашкодзілі завязь.

Пужаем расліну. Мы цешымся з таго, што кусты абвешаны зялёнымі памідоркамі, а вось што зрабіць, каб яны хутчэй выспелі, тым больш, калі на дварэ ўжо жнівень, ночы халодныя, а пойдуць дажджы ды туманы — яшчэ і фітафтора нападзе. Самае простае — абрываць лістоту, выдаляць пасынкі, каб на плады свяціла больш сонейка. Акрамя таго, расліна, відаць, «пужаецца», што нашы здзекі не закончацца, і сама спяшаецца хутчэй вырасціць насенне.

Заўважыла: калі абрываць частку ўраджаю зялёным — астатнія плады хутка пачынаюць чырванець. Як быццам, расліна скінула цяжар і ачуняла, але яна не толькі хутчэй сваіх «дзетак» росціць, можа нават заквітнець і паспець парадаваць вас новым, познім ураджаем. Некаторыя агароднікі раяць зялёныя памідоркі, каб хутчэй спелі, адразу на кустах абвязваць пакетамі. Паспрабавала я і рэцэпт суседзяў (у іх адных з першых у нашай вёсцы чырванеюць таматы). Яны выстаўляюць па ўсім парніку адкрытыя бутэлечкі з ёдам (можна таксама пры паліве на вядро вады даваць некалькі кропель ёду). Можа, рэзкі пах таксама пужае расліну і яна задумваецца, ці не перашкодзіць ён вырасціць насенне.

У кожнага з нас свой шлях да ўраджаю. А чаму б нам не крочыць разам? Чакаем вашых лістоў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?