Вы тут

Скандальны вобраз ІVAN'а — нешта сярэдняе паміж эльфам і Мауглі


Дзіўная інфармацыйная кампанія разгарнулася апошнім часам вакол прадстаўніка Беларусі на «Еўрабачанні-2016» — Аляксандра Іванова, ён жа ІVAN. Замест творчых навінаў афіцыйны сайт выканаўцы выдае то паведамленне пра раман з папулярнай расійскай актрысай, то «жахлівы» расказ пра руку, якую спявак выпадкова прастрэліў на трэніроўках па стральбе з лука... Але сапраўднай бомбай, якая выбухнула ў інтэрнэце, стала публікацыя з загалоўкам «Беларускі канкурсант выступіць на «Еўрабачанні» аголеным і выведзе на сцэну жывых ваўкоў». Інфармацыя суправаджалася адпаведнымі кадрамі з фотасесіі спевака — сапраўды «ню» і з ваўкамі.


Фота: іvanmusіc.ru

Вытрымаўшы паўзу, каб шакаваць публіку як след, прадзюсар спевака Віктар Дробыш: запэўніў, што нічога па-за межамі прыстойнасці на еўравізійнай сцэне адбывацца не будзе. Маўляў, гэта проста адлюстраванне галоўнай ідэі нумара — паказаць у песні «Help You Fly» («Дапамагу табе паляцець») пэўных драпежных, небяспечных істот, якія тым не менш з дапамогай спевака атрымаюць надзею на лепшае і ў вобразным сэнсе ўздымуцца па-над сваімі хібамі... Многім такое тлумачэнне падалося, мякка кажучы, шытым белымі ніткамі. Ад сябе яшчэ дадам — у правілах 61-га песеннага конкурсу, апублікаваных на афіцыйным сайце www.eurovіsіon.tv, адназначна гаворыцца: «Прысутнасць жывых жывёлін на сцэне не дапускаецца» (пункт 1.2.2, патрабаванні да выступленняў і саміх артыстаў). Не вітаецца на «Еўрабачанні» і аголеная натура — у 2009 годзе міжнароднае журы катэгарычна абавязала ўдзельніцу з Германіі, знакамітую танцорку і зорку стрыптыз-шоу Дзіту фон Ціз прыкрыць грудзі, якія тая збіралася прадэманстраваць на сцэне.

Зыходзячы з усіх гэтых акалічнасцяў, можна меркаваць, што скандальны вобраз ІVAN'а — нешта сярэдняе паміж фэнтэзійнымі эльфамі, як іх паказвае кінематограф, паганскім жрацом і Мауглі — будзе значна скарэктаваны ў бок апранутасці. Што да ваўкоў, то яны, верагодна, суправаджаць спевака ўсё ж будуць — у выглядзе галаграм ці выяў на вялізным экране, які арганізатары зманціруюць для больш відовішчных выступленняў усіх канкурсантаў. Троххвіліннае шоу беларускага ўдзельніка ў выніку можа апынуцца вельмі цікавым, а спроба правакацыі, як кажуць, залічаная.

Зрэшты, у найбліжэйшым часе камандзе ІVAN'а будзе чым заняцца. Практычна адразу пасля здымак відэавізітоўкі спявак выступіць на шэрагу канцэртаў у падтрымку іншых канкурсантаў: 2 красавіка — у Рызе, 3 красавіка — у Маскве, 8-10 красавіка — на традыцыйнай прома-вечарынцы «Канцэрт Еўрабачання» ў Амстэрдаме, 11-13 красавіка — у Тэль-Авіве. А там і ўласна да конкурсу — нагадаем, ён пройдзе ў Швецыі з 10 па 14 мая — застанецца ўсяго нічога.

Яшчэ адна, безумоўна, вартая ўвагі навіна — аўстралійская тэлекампанія SBS падпісала з Еўрапейскім вяшчальным саюзам эксклюзіўнае пагадненне, якое дазваляе заснаваць азіяцкую версію конкурсу. Першы конкурс «Еўрабачанне Азія» з удзелам каля 20 краін з Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна плануецца правесці ў Аўстраліі ўжо ў 2017 годзе.

Загаловак у газеце: Скандал, якога... не будзе?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?