Вы тут

Выклік тэрору: тэрміновыя і філасофскія пытанні


Падзеі гэтага тыдня ў сталіцы Бельгіі ўскалыхнулі ўвесь свет. Гэта, на жаль, ужо далёка не першы вялікі тэракт, але ж да такога немагчыма прыстасавацца, з нялюдскасцю немагчыма звыкнуцца. Усё новыя краіны і гарады сутыкаюцца з гэтай жудаснай з'явай. Кожны новы тэракт, як абухом па галаве, ударае па гуманістычных каштоўнасцях і чалавечай любві.


Вось і Бельгія ўжо не ў першы раз становіцца аб'ектам тэрарызму. Але гэта самая вялікая адначасовая страта чалавечых жыццяў. Згодна з дадзенымі Glоbаl Tеrrоrіsm Dаtаbаsе, з 1970 па 2014 год з-за тэрарызму ў Бельгіі загінула меней людзей, чым за адзін трагічны дзень 22 сакавіка 2016 года.

Бельгія, Еўрапейскі саюз, ды і ўвесь цывілізаваны свет — у шоку і жалобе. Але, нягледзячы на велізарны боль і шок ад страты, знаходзіцца ў дэпрэсіі і роспачы такія сітуацыі не дазваляюць.

Неабходна захоўваць цвярозы розум і хутка шукаць адказы на вялікую колькасць надзвычай цяжкіх пытанняў. Нават тым, хто гэтым разам апынуўся далёка ад эпіцэнтру тэрарыстычнай пагрозы.

У самым агульным выглядзе гэтыя пытанні можна падзяліць на дзве катэгорыі: аператыўныя, то бок тыя, якія патрабуюць адказу тут і цяпер, і больш філасофскія, якія тычацца асноў жыцця грамадства і сістэмы міжнародных адносін.

Сёння ў СМІ і сацыяльных сетках, натуральна, з'явілася шмат суддзяў і "экспертаў", якія абвінавачваюць бельгійскія і еўрапейскія спецслужбы ў непрафесіяналізме і даюць ім свае карысныя парады па барацьбе з тэрарызмам. Калі здарыліся такія жудасныя падзеі, то адказныя за іх прадухіленне спецслужбы, сапраўды, сур'ёзна недапрацавалі і павінны тэрмінова рабіць высновы. Гэтаксама як урады і ўсе тыя, хто маюць дачыненне да дзяржаўнага кіравання. Але ж не ўсё, на жаль, так проста, як часам падаецца шматлікім камп'ютарным "аналітыкам". Таму тым больш важна як мага хутчэй шукаць адказы на ўздымаемыя тэрарыстычнай заразай пытанні як на прафесійным, так і на грамадскім узроўнях.

У першую чаргу на парадку дня менавіта прафесійныя пытанні. Важна высветліць рэальны стан функцыянальнай тэрарыстычнай інфраструктуры і яе прысутнасці на тэрыторыі еўрапейскіх краін.

Сёння шмат кажуць пра раскінутыя па ўсім ЕС "спячыя" ячэйкі, але што насамрэч яны сабой уяўляюць? Як фінансуюцца і праз якія каналы камунікуюць з той жа ІДЗІЛ ці іншымі сеткавымі тэрарыстычнымі арганізацыямі? У якіх адносінах знаходзяцца з дыяспарамі? Усё гэта — вузкапрафесійныя пытанні для спецслужбаў, якія валодаюць тэхнічнымі, тэхналагічнымі і кадравымі рэсурсамі, каб даць на іх адказы на нацыянальных і міжнародным узроўнях. Узяць усе праявы тэрарызму пад кантроль, зразумела, немагчыма. Цалкам выкарчаваць любыя яго формы нерэальна. Але ж відавочна, што прастора для ўдасканалення тут вялікая.

Шэраг тэрміновых пытанняў мае палітычны характар. Напрыклад, як у святле брусельскіх падзей вырашаць міграцыйны крызіс у Еўропе? Нядаўнія дамоўленасці паміж ЕС і Турцыяй па зніжэнню патокаў бежанцаў і мігрантаў (так званая схема "аднаго на аднаго", то бок прыняцце краінамі ЕС аднаго бежанца ў абмен на вяртанне аднаго мігранта на турэцкую тэрыторыю) і так выклікалі велізарную крытыку і абгрунтаваныя сумненні ў жыццяздольнасці. Цяпер жа можна чакаць яшчэ больш сур'ёзных нараканняў з-за непазбежнай неабходнасці больш старанна правяраць кожнага бежанца.

Яшчэ адно палітычнае пытанне: ці трэба актывізаваць удзел узброеных сіл краін ЕС ў баявых дзеяннях на Бліжнім Усходзе?

Менавіта гэта адбылося пасля тэрактаў у Парыжы ў лістападзе мінулага года. І, здавалася б, адказ відавочны: трэба змесці ІДЗІЛ і іншыя падобныя арганізацыі з твару зямлі. Але ж адначасова ёсць пагроза таго, што такі крок надалей павысіць узровень тэрарыстычнай пагрозы.

Яшчэ больш сур'ёзны і філасофскі пласт пытанняў сёння паўстае, бадай, перад грамадствамі, і не толькі краін-удзельнікаў ЕС.

Перш за ўсё, гэта этычныя пытанні. Як мы ведаем, на фоне такіх трагедый, як брусельская, аргументы, датычныя бяспекі, заўсёды адцяняюць усё іншае. Так было, напрыклад, і пасля тэрактаў 11 верасня 2001 года ў ЗША. Тады адміністрацыя Джорджа Буша-малодшага хутка правяла праз Кангрэс пакет антытэрарыстычных законаў, якія абмяжоўвалі правы грамадзян і адначасова значна пашыралі правы спецслужбаў. Гэта выглядала цалкам лагічным і патрэбным крокам.

Але ж грамадства не можа ўвесь час жыць пад дыктат страху і жорсткіх патрэб бяспекі, бо яны душаць індывідуальныя і калектыўныя свабоды, без якіх немагчыма паўнавартаснае развіццё чалавека і дзяржавы.

Больш за тое, у такія часы нярэдка ўзнікае спакуса з боку асобных палітыкаў і прадстаўнікоў спецслужб скарыстацца такім станам рэчаў дзеля сваіх карыслівых мэт. Таму вельмі важна нават у самыя эмацыянальна цяжкія і небяспечныя часы захоўваць баланс паміж бяспекай і свабодным жыццём грамадства. Інакш чалавецтва якраз і патрапіць у пастку тэрарыстаў, якія менавіта гэтага і дамагаюцца: татальнага страху і спынення нармальнага жыцця ў грамадстве.

Казаць, безумоўна, лёгка. На практыцы ўсё значна складаней. Але менавіта таму людзі маюць розум, а грамадствы пляцоўкі для дыскусій, каб імі карыстацца. І сёння грамадскі інтэлект як ніколі важны, бо акрамя надзвычай цяжкіх выклікаў тэрарызму, трэба яшчэ заставацца цвярозымі ў дачыненні да шматлікіх радыкалаў-папулістаў. То з левага, то з правага флангаў яны, бы грыбы пасля дажджу, з'яўляюцца на еўрапейскім палітычным полі. На фоне сённяшніх цяжкасцяў іх простыя адказы на складаныя пытанні маюць сур'ёзны электаральны патэнцыял. Чым гэта можа потым абярнуцца — мы з еўрапейскай гісторыі таксама ведаем.

Нарэшце, жудасныя брусельскія і парыжскія тэракты, а таксама стан псіхалагічнага напружання, які яны выклікалі, уздымаюць самыя базавыя пытанні тэорыі і практыкі міжнародных адносін. Напрыклад, пра суадносіны сістэмы міжнароднай палітыкі і асобных яе актараў (дзяржаў, міжнародных арганізацый, недзяржаўных актараў), пра асновы міжнароднага супрацоўніцтва, пра дзяржаўны суверэнітэт і адказнасць міжнароднай супольнасці перад усім чалавецтвам. Усе гэтыя пытанні і так сталіся актуальнымі ў кантэксце падзей ва Украіне і геапалітычнага напружання паміж Расіяй і Захадам, а таксама саперніцтва ў рэгіёне Паўднёва-Усходняй Азіі паміж ЗША і Кітаем. Сусветны ж тэрарызм робіць іх надзвычайнымі.

Хутчэй за ўсё, на такім фоне міжнародныя адносіны будуць усё больш адпавядаць прынцыпу палітычнага рэалізму. То бок парадак дня будзе фарміравацца, перш за ўсё, меркаваннямі дзяржаўнай бяспекі, а пытанні агульначалавечых каштоўнасцяў адыдуць на другі план.

Дзяржавы будуць кіравацца ўласнымі і добра пралічанымі інтарэсамі бяспекі, што мусіць зрабіць іх адносіны крыху больш прагматычнымі. Гэта, дарэчы, дае надзею, што перад выклікам сусветнага тэрарызму міжнародная супольнасць зможа пазбегнуць далейшай эскалацыі геапалітычнай напружанасці ў розных рэгіёнах свету. Хаця пакуль гэта толькі надзея. Каб яна стала рэальнасцю, яшчэ мусяць скласціся шмат якія пазлы.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.