Код як кот...


Код як кот...

Дзядзька Васіль, хоць і ўдавец, але мужчына вясёлы. Праўда, быў... Ва ўсякім разе некалі яго часта бачылі ў «раёне» сельмага. Любіў ён пагаманіць з вяскоўцамі. Прычым не толькі ў самой краме, але яшчэ і... за ёю, распіваючы бутэльку-другую.

Апошнім часам кінуў ён гэты дурны занятак: у магазін заходзіць выключна па справе, гутарку з іншымі мужчынамі амаль не падтрымлівае. А каб чарку ўзяць, — дык нават не заікайся! «Няўжо закадзіраваўся?» — гадае вёска.

Але ж не, прычына, ведаю, у іншым.

Рэч у тым, што адзін з сыноў Васіля — Анатоль досыць высока ўзышоў па службовай лесвіцы: у суседняй краіне генералам стаў. Мінулым летам на новенькім «БМВ» прыязджаў на радзіму. Пахадзіў там па сваім падворку, агледзеў хату, сказаў:

— Слухай, бацька, а табе не здаецца, што ў нас дах хутка ляжа?

— Здаецца, Толік... Старая хата. Цябе на свеце не было, калі яе ставілі. Пагніло ўсё... Але ж на мой век хопіць, а на твой... Думай, сын.

У той прыезд часу на думкі генерал не меў. Пасадзіў ён бацьку за стол, дастаў з кішэні партманет і, няспешна адлічыўшы грошы, сказаў:

— Трымай... Тут тры тысячы долараў. Назад у Маскву я іх не павязу. У цябе няхай будуць. Трэба маміну магілку да толку давесці, дах памяняць, падрамантаваць хату... Прыеду наступным летам і ўсё зробім з табой — не зломкі ж... Ва ўсякім разе я не хачу, каб чужыя людзі ўладкоўвалі магілу... Ды і нашу хаціну...

З тым Анатоль і з'ехаў. Бацька — застаўся. Першае, што зрабіў, — разоў колькі пералічыў тыя 30 хрусткіх паперак, потым паклаў іх у шафу пад пасцельную бялізну.

Надвячоркам лёг спаць — не спіцца. Адкрыў шафу, памацаў грошы. Здаецца, усе на месцы. Вярнуўся ў ложак — ляжыць, а думкі плывуць — далёка-далёка. У нейкай бабкі, казалі, усе зберажэнні мышы паелі.

Падхапіўся Васіль, пачаў шукаць слоік. Склаў грошы туды, закруціў металічнай накрыўкай, зноў схаваў у шафу. Яшчэ раз лёг, але тут жа ўстаў, бо ўспомніў, як некалі цыганы ў суседняй вёсцы падманулі пенсіянерку...

Карацей — страціў Васіль спакой: доўгіх гутарак ні з кім не заводзіць, хату — амаль не пакідае, нейкім падазроным стаў. Клічуць мужчыны: пайшлі, маўляў, зробім па сто грамаў... Ён і слухаць не хоча — бяжыць дадому. Не п'е зусім, бо раптам які зламыснік скарыстаецца тым, што ён нецвярозы?

— Закадзіравалі сыны Васіля! Ну далібог! — гамоняць вяскоўцы. — А казаў, што яму не трэба, што ён ніколі не згодзіцца! А бач ты — угаварылі!.. Даведацца б, у якога доктара код такі моцны? Каторы месяц трымаецца...

І ніхто пры гэтым не ведае, што «код» — як кот. Усяго і розніцы, што адзін у шафе ляжыць, а другі — з печы пазірае.

Аляксандр ГОРБАЧ. г. Брэст.


Які пастух, такая і чарада

З аднаго боку глянуць, дык гэта гісторыя адбылася даўно, а з іншага — дык зусім нядаўна.

Я тады сакратаром партыйнай арганізацыі стаў і адначасова намеснікам старшыні калгаса. Сам старшыня быў старэйшы за мяне на чатыры гады, справу сваю ведаў, меў адукацыю, досвед, прыемную знешнасць... Але і недахопы, вядома ж, таксама, і галоўны з іх — слабасць да дзевак. А паспрабуй што пра гэта скажы, — дык ён цэлую тэорыю разаўе: маўляў, бацька яго — акурат такі ж быў. Значыць, сын, як быццам, не вінаваты, бо слабіну ж атрымаў у спадчыну, на генным узроўні.

Тэорыя, трэба сказаць, нічога не вартая. Ну хоць бы таму, што ў нашым жа мястэчку жыў старэйшы брат старшыні і нічым падобным не вызначаўся. А вось малодшы...

Карацей — жонцы яго добразычліўцы не раз падказвалі: маўляў, глядзі, Міхайлаўна — твой тую і тую некуды павёз, а вось гэтую — аднекуль прывёз...

Называлі, вядома ж, і канкрэтныя імёны, адрасы, гадзіны спатканняў... Але старшыня на сямейных допытах трымаўся цвёрда і ўсе гэтыя «плёткі» досыць пераканаўча абвяргаў. Калі вазіў, маўляў, то, па справах; калі прывозіў, то падабраў па дарозе — галасавала, бедная, прасілася, каб падвёз...

Урэшце цярпенне ў жонкі лопнула: напісала яна заяву, прычым не абы куды, а ў райкам партыі, першаму сакратару, галоўнаму ў той час раённаму начальніку!

Выходзіць, трэба яму разбірацца, трэба меры прымаць. А найперш — запрасіць да сябе старшыню.

Мабільнай сувязі тады, вядома ж, не было, але цэнтральная дыспетчарская ў нашым калгасе ўжо працавала. Гэта значыць, што для аператыўнай сувязі з тым ці іншым спецыялістам у кожнай службовай машыне была рацыя.

Якраз па ёй дыспетчар і перадаў загад: «З'явіцца ў райкам — асабіста і тэрмінова». Перадаў, трэба сказаць, у «добры» час, бо старшыня якраз на лясную палянку збочыў... З чарговай пасіяй... І на табе! Прыйшлося (што крыўдна — на самым цікавым месцы!) «згарнуць» любошчы, сесці за руль. «Што здарылася? — думаў бядак па дарозе да райцэнтра. — Адкуль такая тэрміновасць? Апошнія паказчыкі, як быццам, нядрэнныя, надоі малака — і наогул вышэй за сярэднія па раёне?»

Разгадка адкрылася ў кабінеце: гаспадар яго адразу ж паказаў жончын ліст, спытаў:

— Што ты на гэта скажаш?

А што мог сказаць старшыня? Паклёп, маўляў, няпраўда... Усё гэта — злыя языкі...

Хлусіць, карацей, але ж яшчэ чырванее... Да таго ж дзень — летні, у кабінеце горача, а тут яшчэ гэты допыт... Спацеў старшыня. Палез у кішэню, дастаў насоўку — каб выцерці лоб і... Навобмацак адчуў, што ў руцэ нешта не тое. Ва ўсе вочы глядзеў і галоўны партыец:

— Што ў ця-бе ў ру-цэ? — па складах, ва ўсё горла пракрычаў ён.

«Усё — правал», — сказаў бы ў гэтым месцы Шцірліц, а старшыня маўчаў, бо ўбачыў, што ў руцэ ў яго не што іншае, як... ліфчык — невялічкі, шаўковы, ружовы... Рэчавы доказ ні даць ні ўзяць! А значыць, усё, гэта — канец! Зараз паложыць на стол партбілет, заўтра звольняць з работы... І болей не будзе ў яго ні грошай, ні службовай машыны, ні прыслужнікаў, ні каханак...

— Гэта, твая, — паказваючы на ліфчык, пачаў сакратар райкама, — хоць маладая?

— Так.

— А прыгожая?

— Вельмі!

— Любіш яе?

— Люблю, — прызнаецца старшыня, — але ж не сказаць, каб моцна...

— Значыць, сям'ю разбураць не будзеш?

— Ды што вы?!. Хіба здурнеўшы!

— Тады чаму твая жонка піша ў райкам?

— Не ведаю...

— А трэба — каб ты гэта ведаў! І каб яна — не пісала... Усё зразумеў?

— Усё.

...Як склаўся далейшы лёс таго старшыні я, на жаль, расказаць не магу, бо хутка яго адправілі на... павышэнне ў адзін раён, а мяне — у другі.

В.М., Бабруйскі раён.


У кожнага кавалера свае манеры

Некалі на слыху было слова таварыш... А бач ты — знікае, цяпер яго рэдка чуваць. Не ведаю, як вам, а мне дык шкада. Раскажу чаму.

Значыць, неяк раз адправілі мяне ў аднадзённую камандзіроўку ў горад Масты, што на Гарадзеншчыне. З Мінска выехаў вечарам, так званым начным цягніком. У купэ зайшоў першым і спачатку сядзеў адзін. Потым — укаціўся нейкі начальнік: у дарагім плашчы, у капелюшы, у дыхтоўных туфлях, пад гальштукам... Важны, карацей, пузаты — без фігі не да носа, як той казаў! Месца сваё заняў, паперы з папкі выцягнуў і чытае — ні з кім не гаворыць...

Можна падумаць, што мне гэта трэба было. Не, я газет у дарогу набраў.

Але ж не лёс быў чытаць: у купэ яшчэ двое хлопцаў зайшлі. Адзін з іх — дэмбель-дэсантнік — у заліхвацкай форме, з усімі наваротамі... Другі, як высветлілася, — брат яго, ён спецыяльна ў часць паехаў, каб «малога» адтуль забраць і дадому даставіць. Суправаджае, значыць... Настрой у абодвух прыўзняты, языкі развязаны, сумка поўная... Цягнік яшчэ хуткасць не набраў, а яны ўжо стол накрываюць. І без нейкіх залішніх цырымоній, па-простаму так:

— Эй, дзядзькі, вы ж з намі вып'еце?! Трэба ж адзначыць дэмбель?

Мы, шчыра кажучы, рабіць гэта не збіраліся (а тым больш ноччу, перад адказным камандзіровачным днём). Але ў купэ так смачна запахла «пальцам піханай» каўбасой, першаком і салёнымі агуркамі, так зацікаўлена загучала «А вы самі служылі?», «А калі?», «А які род войск?», што мы ўступілі такі ў размову і праз колькі хвілін, усёй чацвёркай ужо гаманілі пра армію: дэсантнік пра сваю, яго брат — пра сваю, ну а мы з тым начальнікам — пра нашу. Праўда, мала паспелі, бо хлопцам недалёка ехаць было. Мы з імі як з роднымі развіталіся...

Потым папрасілі правадніцу, каб пабудзіла нас на пад'ездзе да Мастоў, і забурыліся спаць.

А гарэлка ж, мусіць, моцная была? Ці мы слабыя, бо размарыла. Ва ўсякім разе правадніца, відаць, доўга трэсла нас за плечукі ды крычала, што стаім толькі тры хвіліны...

Факт, што мы з суседам яшчэ раз армейскую службу ўспомнілі: па-салдацку хутка адзяваліся, збіралі свае рэчы...

Але ж новага спадарожніка, што спаў на ніжняй паліцы, яшчэ ўгледзелі — вясковец нейкі, дзядок — у шапцы аблавушцы, у латанай ватоўцы... Ён далей паехаў, мы ж пад наказ правадніцы «Піць трэба меней!», ледзь паспелі выскачыць з вагона. А далей...

Далей — як я думаў, — лёс звёў і ён жа развёў: зараз з тым пузачом-начальнікам перакінемся нейкімі словамі ды разыдземся. Я ўжо нават рушыў у бок вакзала, калі з-за спіны данеслася штось незразумелае — нейкі здаўлены крык:

— Таварыш, пастой!.. Не кідай мяне, га?..

Азірнуўся і... зайшоўся ад рогату. Мусіць, нечакана для свайго начнога спадарожніка і, мусіць, заразліва, бо той... засмяяўся таксама, і мы рагаталі ўжо ўдвух — доўга, да ікаўкі...

Спытаеце, з чаго?

Каб адказаць, я апішу, як выглядаў «начальнік». Значыць, зверху ўніз: вялікі чорны капялюш, элегантны плашч, бялюткая кашуля з гальштукам, напрасаваныя штаны і... гумовыя галёшы. Прычым не тыя, бліскучыя, што наша панства ў дождж абувала на дыхтоўны абутак, а глыбокія, сялянскія чуні, да таго ж запэцканыя ў сумесь гною і гразі.

Я тут жа ўспомніў нашага новага суседа па купэ і ўсё зразумеў: мой спадарожнік-пузач у прыцемку і ў спешцы пераблытаў абутак. Таму зараз — як мінімум да адкрыцця крамаў — павінен хадзіць па Мастах у дзедавых галёшах... Відок — яшчэ той!

Але ж гэта палова бяды: другая (у асобе дзеда) — паехала ў цягніку. Магчыма, ужо прачнулася, магчыма, абулася (калі змагла), магчыма, зараз выйдзе з вагона ў старой фуфайцы і дыхтоўных туфлях... Цікава ж, як дзед у іх пачуваецца? Цікава, што скажа сваёй бабулі?

Камедыя...

Пасмяяўшыся з яе, мы з суседам (і ўжо як прыяцелі) разам дачакаліся раніцы, разам зайшлі ў бліжэйшую краму — купілі там нейкія больш-менш прыстойныя туфлі. Потым у прывакзальнай прыбіральні «забыліся» дзедавы чуні і такі разышліся.

На развітанне, праўда, «капялюш» паабяцаў, што ў Мінску абавязкова пазвоніць мне і аддзячыць — за тое, што не кінуў яго ў бядзе: як мінімум — «праставіць» піва. Аднак яшчэ раз сустрэцца нам не давялося.

Іван Гаральчук, г. Мінск.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

 dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.