Вы тут

Маўчы, сум...


Не, нічога дрэннага пра мужа яна сказаць не можа, нават зараз, калі яны пяць гадоў як разведзеныя і жывуць у розных канцах горада. Год таму да яго пераехала іх дачка. А Ніна засталася тут, у трохпакаёвай кватэры. Госці да яе заходзяць рэдка. Ды яна нікога асабліва і не запрашае...

Некалі ўсё было інакш. На святы тут збіраліся людзі, шмат людзей. Ніна ў доўгай прыталенай сукенцы без рукавоў (каб усе бачылі прыгожыя дагледжаныя рукі), з раскіданымі па плячах густымі валасамі спявала пад гітару. І неяк «гаслі» на яе фоне жонкі сяброў. Затое ў мужчын загараліся вочы і выпростваліся плечы. Яны раптам рабіліся галантнымі, жартавалі дасціпна і без «солі», імкнуліся падсунуць ёй «крэселка», падаць «талерачку», накінуць «шалічак»...

Муж завіхаўся на кухні: рэзаў хлеб, чысціў нажы і відэльцы, падаваў на стол гарачае, мыў брудны посуд... «Ніначка за дзень стамілася, ёй трэба адпачыць!..» О, ёй многія тады зайздросцілі. Муж не піў і — крый, Божа! — не біў. Хадзіў сустракаць з работы на аўтобусны прыпынак, а ў прыхожай станавіўся на калені, каб дапамагчы расшпіліць ёй боцікі.

Ну што тут яшчэ дадаць? Пашанцавала Ніне...

Але нездарма кажуць: калі ў цябе ўсё добра, не хвалюйся, гэта хутка міне... Нічога асаблівага ў іх жыцці быццам бы не адбылося. Знешне ўсё заставалася такім жа, як і раней. Толькі Ніна пачала ўсё часцей затрымлівацца на працы і падмяняць сябровак па суботах. А Валодзя не заўсёды мог яе сустрэць — не было з кім пакінуць маленькую Волечку. Часта Ніна прыходзіла дадому, калі яны ўжо спалі — дачка ў сваім маленькім ложку, а Валодзя — у крэсле побач.

Яна не вінаваціла сябе. Проста прайшло каханне. Так бывае. Ёй нецікава стала праводзіць вечары з гэтым чалавекам. Яе пачало раздражняць, што кожная рэч у яго заўсёды ляжыць на сваім месцы, што дачку ён корміць у адны і тыя ж гадзіны і ніколі не забывае павіншаваць са святамі сваякоў і сяброў. Усіх. Без выключэння. Заўсёды.

А Ніна была чалавекам настрою, імпульсаў. (Яны «пульсавалі» то ў адзін бок, то ў іншы.) Хутка заводзілася, загаралася... Часам яна нават ленавалася хлусіць. Прыходзіла дадому позна, і, не ведаючы, што прыдумаць, з парога скардзілася на галаўны боль. Валодзя без лішніх пытанняў лез у скрыначку з лекамі. Потым сядзеў побач, гладзіў яе па галаве: «Бедная мая...»

Дзіўныя істоты жанчыны. Хто зразумее, калі і чаго яны хочуць? Іх калашмацяць — яны просяць паратунку, ім дагаджаюць, кідаюць да іх ног усялякае-рознае, дарагое і каштоўнае — ім сумна, яны пазяхаюць... Іх некалі шчаслівы шлюб трашчаў па швах. Яна адкрыта кпіла з мужа і яго поспехаў на працы, смяялася, калі ён пачынаў сур'ёзна разважаць пра палітыку... У добрае надвор'е не ездзіла з ім на дачу (якая раней была мілейшай за родны дом) з-за «спякоты», у халоднае — з-за «макрэчы». А калі шчыра, проста часу не хапала на тую дачу...

Дачка ўжо вырасла, у дзясяты клас хадзіла. А Ніна закахалася — як дзяўчынка. У жанатага мужчыну, зразумела. А мужчына той — поўная супрацьлегласць мужу. Вясёлы, трошкі нават нахабны, па слова ў кішэню не лезе і перад тым, як што-небудзь зрабіць, гадзіну не разважае. Не тое што Валодзя: «Ніначка, табе так зручна?..»

І вырашыла Ніна чужога мужа адбіць. А што? Не яна першая, не яна апошняя. Крыміналу ў гэтым няма... Самай непрыемнай ва ўсёй гэтай справе была размова з Валодзем. Яна з жахам уяўляла сабе яго патэтычнае «Як ты магла?!», прыціснутыя да скроняў далоні і мора слёз... Ці не, лепш так: ён выскоквае з кватэры і бяжыць на апошні паверх, адтуль — на дах... (З-за куліс даносяцца раскаты грому. Заслона апускаецца... Шэкспір адпачывае!)

Аднак усё аказалася значна прасцей. Ніна ва ўсім прызналася. Муж ціха сабраў свае рэчы і сышоў у невядомым кірунку, нават не бразнуўшы для прыліку дзвярыма. Істэрыку закаціла дачка. Яна не хацела прызнаваць ніякага іншага тату. Але Ніна не надта перажывала з гэтай нагоды: сцерпіцца — злюбіцца...

З адыходам Валодзі ў кватэры пасялілася цішыня. Кветкі завялі, мэбля пакрылася слоем пылу. Волечка маўчала, размаўляла толькі з татам па тэлефоне, зачыніўшыся ў сваім пакоі. Ніна на ўсё махнула рукой. На той момант яе хвалявала адзінае пытанне: развядзецца Стас, у рэшце рэшт, са сваёй жонкай ці не. Каб хутчэй адвадзіць ад былой сям'і патэнцыяльнага мужа, Ніна пару разоў прыводзіла яго дадому і пакідала начаваць. Пасля чарговай такой начоўкі дачка, пакуль маці была на працы, сабрала свае рэчы і сышла.

За ноч Ніна паставіла на ногі ўсе бальніцы і райаддзелы міліцыі. А раніцай патэлефанаваў Валодзя: «Волечка ў мяне, не хвалюйся». — «А ты сам дзе?» — «А я ў Ларысы...»

Ніне ад здзіўлення адняло мову... У Ларысы? У гэтай ціхоні, шэрай мышы, з якой некалі працавалі ў адным універсаме і нават лічыліся прыяцелькамі? Яна тады часта ў госці прыходзіла, сядзела сабе ў куточку, нікога не чапала, хіба што Валодзю талеркі са стала дапамагала прыбіраць. Трэба ж, як усё павярнулася... Ціхоня ціхоняй, а бач ты, на чужое ласая...

Заставалася адно — націснуць на Стаса. Ён заходзіў па вечарах, зрэдку заставаўся да раніцы і карміў абяцанкамі. Яна чакала. Не таму, што верыла, а таму, што іншай перспектывы не было.

У свой дзень нараджэння Ніна накрыла на стол і надзела доўгую сукенку. Тую самую. Дастала з антрэсоляў гітару, выцерла на ёй пыл. У прызначаны час патэлефанаваў Стас і сказаў, што прыйсці не зможа — малодшы сын захварэў, а жонка ў камандзіроўцы. Адразу пасля Стаса — Волечка: «Мам, мы цябе віншуем!» — «І цётка Ларыса?» — спытала Ніна. — «І яна таксама».

З паўгадзіны Ніна сядзела, утаропіўшыся ў пляму на шпалерах. «Вось табе і чысцюля, — падумала пра былога мужа без злосці. — Усё заўсёды прыбіраў, а гэтага не заўважыў...» Схамянулася, паморшчылася... Пухнатая кошка Анюта пацерлася аб нагу, выпрошваючы смачненькае. Ніна раздражнёна адштурхнула яе — тая ад нечаканасці чмыхнула, незадаволена патрэсла круглай пыскай і забілася ў кут за канапу. Ніна перавяла позірк на гітару... Устала, адкрыла кладоўку, дастала пласкагубцы — струны толькі зарыпелі...

Накінула паліто, выйшла на лесвічны пралёт, паднялася на дзявяты паверх, адчыніла акно, глянула ўніз — ноч, цемра, адзінокі ліхтар асвятляе жэсаўскую «падсобку». «З Богам, родная!» — звесілася з падаконніка і кінула гітару ўніз...

Вярнулася ў кватэру, пайшла на кухню, паклікала Анюту... Тая, узрадаваная, ускочыла на калені, прыціснулася да гаспадыні.

«Ну што, дурында, адны мы з табой засталіся?» — Ніна пагладзіла калматае, падатлівае цельца. І ў гэты момант недзе зверху ці збоку, ці ўнутры — няважна — раздаўся голас, які яна пазнала б сярод тысяч іншых: «Ніначка мая дарагая, ты стамілася... Выпі чаю...»

Ала БЫВАЛАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.