Вы тут

«Ягадка»... з ботаксам


Штодзень і на кожным кроку масавая культура спажывання ўнушае нам: жыццё належыць выключна маладым і прыгожым!.. Намажся крэмам, з'еш ёгурт, купі трэнажор — і будзеш заўсёды маладой, такой жа, як дваццацігадовая мадэль ці актрыса, якая той крэм (ёгурт) рэкламуе. Зразумела, усё гэта бізнес, індустрыя, велізарныя грошы — а ў выніку мы, у першую чаргу жанчыны, становімся закладнікамі добра распрацаванай схемы...


Ніколі раней я не чула ад 25—30-гадовых столькі размоў пра тое, як яны не хочуць і баяцца старэць! Калі мне і маім сяброўкам было па 25, мы ўвогуле не думалі пра ўзрост, зморшчынкі, даруй, Госпадзі, цэлюліт і пластычныя аперацыі. Ды і ўвогуле, не баяліся нейкіх «трыццацігадовых» ці, тым больш, «саракагадовых» рубяжоў. Сёння ж думка пра тое, што ты патрэбна камусьці, пакуль юная і свежая, атручвае існаванне і не дае спакою многім і многім жанчынам.

Маладымі сёння прынята лічыцца... да старасці. На мой уласны погляд, гэта дзіўна і, даруйце, смешна. У самім так званым сярэднім узросце няма нічога прыніжальнага, а тым больш страшнага. Прыніжальна іншае — у 50—60 рабіць выгляд, што табе 25. Так, заўсёды знойдуцца дурніцы, якія будуць сцвярджаць, што гэта магчыма і што ім гэта ўдаецца. Але... жанчына «за 50» з добра зробленай падцяжкай (ботаксам, шліфоўкай) выглядае, як 50-гадовая жанчына з добра зробленай падцяжкай. Асабліва крыўдна за прыгожых, якім ёсць што псаваць: непатрэбныя маніпуляцыі па падцягванні і разгладжванні часта цалкам пазбаўляюць іх той няўлоўнай чароўнасці, якая прысутнічала раней.

Я не ханжа і не супраць догляду сябе. Але ж пры гэтым трэба адрозніваць жаданне «выглядаць добра» і імкненне «выглядаць значна маладзейшай за свой узрост». Першае — вітаецца, другое — немагчыма. Так што давайце міні-спадніцы, какецтва і чырвоную памаду пакінем сапраўды юным. Што застаецца нам, жанчынам «за...»? Вопыт, пачуццё гумару, уменне маўчаць, дараваць, разбірацца ў людзях і радавацца малому, талент цаніць кожную пражытую гадзіну, кожнага разумнага субяседніка, кожную шчырую ўсмешку... А гэта не так і мала, праўда?

Ірына Мікалаеўна, жанчына сярэдняга ўзросту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?