Вы тут

Шэдэўры з пяску, пасты, фарбаў стварылі маленькія пацыенты хоспіса


Аб'ёмныя карціны з элементамі мазаікі выставы «Ляці-ляці, пялёстак» — сама па сабе арыгінальная задума. Аднак унікальнасць яе ў тым, што творы выкананы дзецьмі, якія фізічна не маглі перадаць на палатне свае фантазіі. Дапамагалі рэалізаваць ідэі падапечных Беларускага дзіцячага хоспіса выхаванцы студыі «Флорыя» пры Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства.


Каця і Рома — актыўныя ўдзельнікі праекта.

Выніковая праца ўражвае, натхняе, узрушвае. Глядзіш, і найперш бачыш фарбы, пасля разглядаеш узоры, потым звяртаеш увагу на інкрустацыю цудоўнымі пялёсткамі і кавалачкамі керамікі. Праз нейкі час здагадваешся, што гэта не проста абстракцыя — у колерах схаваны выявы: ракавінка, рыба, дрэва, жар-птушка... Кожны бачыў на палатне тое, што падказвалі розум і сэрца.

На адкрыцці выставы сабраліся асноўныя ўдзельнікі праекта. Тыя, хто праз пэўныя фізічныя цяжкасці не змог далучыцца, прымалі ўдзел у сустрэчы праз інтэрнэт.

— Мы прапаноўваем гасцям выставы разгледзець карціны з самага зручнага ракурсу — на ўзроўні каляскі, на якой рухаюцца нашы падапечныя, — адзначыла Ганна ГАРЧАКОВА, дырэктар Беларускага дзіцячага хоспіса. — Праект ствараўся, каб паказаць, што гэтыя дзеці МОГУЦЬ. Яны шмат чаго могуць: не толькі тварыць, а і дапамагаць ствараць нешта агульнае.

Перш чым прыйсці да такога праекта, навучэнцы студыі «Флорыя» праводзілі для дзяцей з хоспіса майстар-класы. Яны разам малявалі на вадзе, тварылі пяском і фарбамі.

— Даць нейкую назву тэхніцы, у якой створаны карціны, складана, бо гэта часткова было нейкае хуліганства, часткова — спроба, фантазія, таму мы не абмяжоўваліся ніякімі стандартамі, — патлумачыла мастачка Людміла БАІРАВА, кіраўнік студыі «Флорыя». — Мы карысталіся акрылавымі фарбамі, кварцавым пяском, тэкстурнай пастай і элементамі керамікі і атрымалі, упэўнена, сапраўдныя шэдэўры.

На палотнах суседнічаюць гліна, кераміка і алейныя фарбы. У цэнтры кожнай карціны — керамічны пялёстак, які ўмела ўплецены ў асноўную тэму. Кожны з прысутных спадзяецца, што як у той казцы пра сяміколерную кветачку, загаданыя дзецьмі жаданні збудуцца і тут.

Цяпер Вольга лепш разумее, што адчуваюць людзі з абмежаванымі магчымасцямі.

— Калі нашы дзеці рабілі першыя мазкі, гэта быў толькі першы слой, які пасля дапрацоўваўся выхаванцамі студыі «Флорыя». У выніку атрымаліся шыкоўныя карціны. Я думала, што аўтары ідэй пасля гэтага не пазнаюць сваю работу, але ўсе дзеці як адзін накіраваліся кожны да свайго палатна, — узрушана ўспамінае Ірына БАЙДАКОВА, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Беларускага дзіцячага хоспіса.

Для кагосьці мерапрыемства стала эксперыментам, а для кагосьці — адкрыццём. Гасцям выставы прапанавалі намаляваць карціну, прывязаўшы іх рукі за локці да тулава, каб яны змаглі на сабе адчуць цяжкасці, з якімі сутыкаюцца дзеці, магчымасці якіх таксама абмежаваны.

— Вельмі дзіўна было маляваць з завязанымі рукамі. Мае рухі сталі скаваныя. Хочацца дацягнуцца ўперад, павярнуць руку, як табе зручна і як ты прывык, а не атрымоўваецца, — падзялілася ўражаннямі ад «абмежаванага» малявання кветкі наведвальніца Вольга. — Цяпер я больш разумею, што адчуваюць дзеці, якія не маюць магчымасці нармальна рухацца. Адна справа глядзець на цудоўныя карціны, а іншая — на сабе адчуць, як гэта, калі ты фізічна не можаш зрабіць тое, што хочаш.

Другі госць, Ілья, які маляваў сіняга слана пад дажджом, настолькі захапіўся працэсам, што палітру і пэндзаль трымаў нават зубамі, бо не хапала рук на ўсе дзеянні.

Пасля заканчэння выставы работы дзяцей будуць выстаўлены на аўкцыён. За выручаныя сродкі арганізатары мяркуюць набыць абсталяванне ў новы будынак дзіцячага хоспіса.

Выстава працуе ў арт-прасторы «ЦЭХ» па вул. Кастрычніцкай,16 з 24 сакавіка па 12 красавіка з 12:00 да 22:00. Уваход вольны.

Фота аўтара

sіdаrоk@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: У тэхніцы надзеі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».