Вы тут

«Пытанні ёсць, але людзі ставяцца з паразуменнем»


На мінулым тыдні магіляўчане пачалі атрымліваць квіткі за камунальныя паслугі з пераразлікам за студзень. У панядзелак на 30-м, цэнтральным, аддзяленні пошты ў Магілёве ажыятажу не назіралася, у касы стаялі па 3-4 чалавекі, большасць нават не з жыроўкамі. «Вось у пятніцу людзей было зашмат, — кажа начальнік аддзялення Ірына Мартыненка. — Мы працуем з 8 гадзін раніцы да 8 вечара, і народ усё ішоў. Прыходзілася нават нагадваць, што мы ўжо закрываемся».


Ма­гі­ляў­чан­ка не ра­зу­мее, ча­му на ад­ным па­вер­се іх до­ма коль­касць гі­га­ка­ло­рый на ацяп­лен­не не ад­ноль­ка­вая.

Студзеньскі шок, калі тарыфы на камуналку падскочылі на 40-70%, а ў квітках з'явіліся новыя радкі — за асвятленне пад'езда, санітарнае ўтрыманне, электразабеспячэнне ліфта і яго тэхабслугоўванне, людзі ўжо перажылі. Па загадзе Прэзідэнта быў зроблены перагляд кошту камунальных паслуг, каб выключыць факты злоўжывання службовымі асобамі і завышэння цэн на аказаныя жыллёва-камунальныя паслугі. А жыхары атрымалі адтэрміноўку па аплаце за люты — да 5 красавіка.

Лідзія Мікалаеўна адна з тых, хто заплаціў яшчэ ў пятніцу. Сведчыць, што народу на пошце было столькі, што нават камп'ютары завісалі. Але ўсе ставіліся да тэхнічных накладак з паразуменнем.

Што датычыцца кошту камунальных паслуг, то ў лютаўскім квітку цэны больш прывабныя. Прызнаецца, што, калі ў студзені атрымала квітанцыю і ўбачыла там суму ў памеры 518 тысяч, вачам не паверыла. Новая ў параўнанні з той як бальзам на душу — 320 тысяч.

Ніна Іванаўна ўжо на пенсіі, жыве ў пяціпавярховіку. Кажа, што істотных змен для яе па аплаце не адбылося. Калі за студзень яна за двухпакаёўку агульнай плошчай каля 52 квадратных метраў плаціла 520 тысяч рублёў, то ў лютым — 430. Плата паменшылася ў першую чаргу за кошт пераразліку за ацяпленне і меншай колькасці дзён. З мінусам палічылі санітарнае абслугоўванне: у студзені было 22 тысячы, у лютаўскай жыроўцы — 15 тысяч. Дамафон «каштаваў» у студзені 12400, стаў 5800.

— Дарэчы, пра дамафон, — падключаецца да размовы мужчына сярэдніх гадоў. — У графе «тарыфы, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат» пазначана 14600, а там, дзе налічана па гэтай жа пазіцыі — 9100. Што б гэта значыла? А наогул мая жыроўка зусім не патаннела. Адмінусавалі крыху па санабслугоўванні, за дамафон, затое дабавілі зямельны падатак. Ёсць пытанні па аплаце праз інфакіёск. У базе захоўваюцца папярэднія даныя, але, калі ўводжу новыя, мне прыплюсоўваюць дадатковую суму пад назвай пераразлік. Адкуль ён бярэцца? Зараз, напрыклад, 17 тысяч дабавілі.

Галіна жыве ў двухпакаёўцы агульнай плошчай 54,2 квадрата. На халодную і гарачую ваду прыбораў уліку ў яе няма. «У студзені я аддала за камуналку болей за 700 тысяч, цяпер на 200 тысяч меней.

На 70 тысяч патаннела ацяпленне, з 35 да 16 тысяч знізіўся кошт санітарнага абслугоўвання, на 8 тысяч менш абышлося тэхабслугоўванне і на 10 — халоднае водазабеспячэнне. Дамафон быў 13 тысяч рублёў, а стаў 9100. Плата за вываз і абясшкоджванне ТБА не змянілася. Не зразумела іншае. У канцы мінулага года ў нашым доме па вуліцы Каштанавая, 35 заварылі смеццеправоды, а смеццевыя бакі на вуліцы не паставілі. Кожны выкручваецца, як можа. Нехта кідае сваё смецце каля пад'езда, нехта на той самай пляцоўцы, дзе быў смеццеправод.

Вераніка Мікалаеўна квіток атрымала, але яшчэ не плаціла. «Да 5 красавіка час яшчэ ёсць, — аптымістычна кажа яна. — Трэба яшчэ высветліць, чаму ў нашым доме па вуліцы Першамайскай, 12 сумы па аплаце за асвятленне лесвічных пляцовак адрозніваюцца. І па ацяпленні пытанне ёсць. На нашым паверсе ва ўсіх пазначана розная колькасць гігакалорый».

Яшчэ адзін мужчына ўсё не разумеў, чаму знікла інфармацыя, колькі насельніцтва пакрывае затрат па асноўных паслугах ЖКГ. «У студзені, напрыклад, мы кампенсавалі толькі 27%, а цэны ўжо былі завоблачныя. Напэўна, вырашылі больш не шакіраваць народ», — зрабіў ён выснову.

Затое цяпер разам з жыроўкамі прыйшоў ліст з Указам Прэзідэнта №107, дзе пералічваюцца захады па абароне інтарэсаў грамадзян пры аплаце жыллёва-камунальных паслуг. Але людзям яшчэ цяжка самастойна разабрацца, чаму ў студзеньскіх квітках было разлічана так, а ў лютаўскіх па-іншаму, таму тэлефануюць у разлікова-касавыя цэнтры.

«Цікавяцца, чаму менавіта так налічылі, чаму сума не вельмі змянілася, — кажа начальнік службы камунальных сістэм і разлікаў Магілёўскага ЦГІС Таццяна Коршунава. — У кожнага атрымаўся свой пераразлік. Калі ў студзені мы налічвалі сумы за санітарнае абслугоўванне і электрычнасць у месцах агульнага карыстання, зыходзячы з колькасці квадратных метраў, то ў лютым ужо ў залежнасці ад колькасці людзей, якія пражываюць. У студзені выстаўлялі фактычныя сумы, а цяпер з улікам гранічных паказанняў. Мінус адбыўся ў асноўным па трох пазіцыях — поўная кампенсацыя эканамічна абгрунтаваных затрат на тэхабслугоўванне жылога дома, тэхнічнае абслугоўванне ліфта і дамафон, плата за карыстанне якім не павінна перавышаць 9,1 тысячы рублёў.

Для камунальнікаў цяпер таксама няпросты час. У Магілёўскім ЦГІСе паставілі своеасаблівы рэкорд — за 52 гадзіны пералічылі ўсе квітанцыі Магілёва і Магілёўскага раёна.

— Суцяшае толькі тое, што большасць насельніцтва паставілася да перамен па аплаце з разуменнем. У суботу сама бачыла, як у ашчаднай касе людзі адстойвалі вялікія чэргі, каб заплаціць за камуналку, — кажа Таццяна Мікалаеўна.— Засталося перажыць красавік, бо квіткі мы разашлём ужо да 15 красавіка, а адтэрміноўкі па аплаце не будзе.

Па некаторых пазіцыях пераразлікі за люты яшчэ адбудуцца. З 26 сакавіка ўступіла ў сілу пастанова Саўміна №233, дзе ўносяцца карэктывы ў парадак разлікаў. Акрамя гэтага, ўступіла ў дзеянне рашэнне Магілёўскага аблвыканкама, дзе зацверджаны фіксаваныя тарыфы на ЖКГ, субсідаваныя дзяржавай, якія таксама забяспечваюць поўную кампенсацыю абгрунтаваных затрат на іх аказанне.

zigulya@zviazda.by

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».