Вы тут

Супрацоўнікі міліцыі двойчы прадухілілі махінацыі з ялавічынай


Спроба сэканоміць на падатках 2,3 мільярда рублёў скончылася для аднаго з магілёўскіх таварыстваў з абмежаванай адказнасцю крымінальнай справай.


— Высветлілася, што на працягу 2014-2015 гадоў фірма набывала ў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў вобласці буйную рагатую жывёлу, якую вывозіла ў Расію і рэалізоўвала жывой вагой за наяўны разлік без адлюстравання атрыманай выручкі па звестках бухгалтарскага ўліку, — паведаміў Аляксандр Шаройкін, намеснік начальніка ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці. — У бухгалтарскі ўлік таварыства змяшчаліся фіктыўныя звесткі, згодна з якімі набытая жывёла дастаўлялася ў прыватны дом на тэрыторыі Магілёва, яе там забівалі (да 25 галоў у суткі) і рэалізоўвалі за наяўны разлік неіснуючым фізічным асобам.

У дачыненні да дырэктара і галоўнага бухгалтара таварыства ўпраўленнем Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці распачата крымінальная справа па частцы 2 артыкула 243 (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў). Дырэктар узяты пад варту. Яму пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Яшчэ адно злачынства з мясам прадухілілі ў Бабруйскім раёне. Кантрольнымі органамі на аўтадарозе Бабруйск—Мазыр паблізу вёскі Баравая быў спынены грузавы аўтамабіль «Вольва» з паўпрычэпам-рэфрыжэратарам пад кіраваннем 35-гадовага кіроўцы расійскага таварыства з абмежаванай адказнасцю. Мужчына перавозіў больш за 17 тон ялавічыны першай катэгорыі на агульную суму 650 мільёнаў рублёў. Кіроўца прадставіў суправаджальныя дакументы, згодна з якімі груз рухаўся з Мінска ў Бранскую вобласць Расіі. Але законнасць перавозкі выклікала ў правяраючых сумненне. Пры больш дэталёвай праверцы было ўстаноўлена, што грузаадпраўшчыкам з'яўляецца лжэструктура, а дакументы — фіктыўныя. Разглядаецца пытанне аб прыцягненні правапарушальніка да адміністрацыйнай адказнасці па частцы 4 артыкула 12.17 КаАП. Яму пагражае штраф у памеры да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй грузу.

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Зарабіць на мясе не атрымалася

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.