Вы тут

Вітаем «Чаяна» з далёкага Татарстана!


Ганаровае месца ў кагорце вожыкаўскіх сяброў і пабрацімаў займае часопіс «Чаян» («Скарпіён»). А прадставіць яго вам галоўны рэдактар выдання Рафаэль Халілулаў:


— Неяк у Казані абвясцілі конкурс на лепшую ідэю помніка і назву для новай вуліцы. Адзін вясёлы грамадзянін прапанаваў паставіць у сталіцы манумент «Чаяну» і назваць у яго гонар вуліцу. «Гэты часопіс — сапраўдны брэнд нашай рэспублікі, нароўні з Татнафтай, КамАЗам і «Рубінам», — пісаў ён. — Мару, каб на стале кожнага татарстанца былі чай, чак-чак і «Чаян»!» На жаль, крэатыўная ідэя не знайшла падтрымкі ў чыноўнікаў. А шкада!

Тым не менш, «Чаян» — сапраўдная легенда, жывая гісторыя, выданне, вядомае кожнаму жыхару рэспублікі. «Вы ствараеце патрэбны народу часопіс. Чытаем «Чаян» усім мястэчкам ад першай старонкі да апошняй», — напісаў у рэдакцыю жыхар Вялікіх Кайбіц Радзік Гірфанаў. «Чытаю «Чаян» і маю ад гэтага карысць несумненную», — прызнаваўся першы Прэзідэнт Татарстана Мінтымер Шайміеў. Ці гэта не ўсенароднае прызнанне!

Калі сур’ёзна, то «Чаян» — адно з найстарэйшых выданняў не толькі рэспублікі, але і краіны. Адзіны ў свеце гумарыстычны часопіс на татарскай мове выходзіць з 1923 года. У сваёй творчасці чаяністы абапіраюцца на багатыя традыцыі народнага гумару, дэмакратычнай і сатырычнай журналістыкі, закладзеныя яшчэ вялікім татарскім паэтам Габдулой Тукаем.

За дзевяць дзесяцігоддзяў «Чаян» адлюстраваў усе павароты нашай непрадказальнай гісторыі. Якіх толькі персанажаў ні сустрэнеш у нумарах мінулых гадоў! У розны час у клюшні «Чаяна» траплялі буржуі і кулакі, стылягі і самагоншчыкі, фарцоўшчыкі і бюракраты. Пры ўсёй ідэалагізаванасці (а часопіс доўгія гады быў органам Татарскага абкама КПСС) «скарпіёнавыя браты» заўсёды прытрымліваліся галоўнага прынцыпу смеючыся з недасканаласці чалавека, выкрываючы заганы грамадства, паляпшаць норавы, даваць чытачу надзею на дабро і справядлівасць. І сёння невялікі калектыў часопіса і яго шматлікія аўтары сваёй гумарыстычнай працай пацвярджаюць гэта.

 

Дзмітрый ФІЛІПАЎ

 

Кніжнік

 

У апошні час я паэзію палюбіў. Вось, напрыклад, вершы Аляксандра Сяргеевіча Лермантава. «Я достаю из широких штанин...» Якая сіла слова! Дэкламую ў дзве гадзіны ночы, а сусед па сценцы грукае, відаць, апладзіруе.

Ці Пушкін Міхаіл Юр’евіч. Як толькі прамоўлю: «Ты жива еще, моя старушка...», адразу ўсе бабулі на лавачцы галасіць пачынаюць і слёзы хусцінкамі выціраюць... Чароўная сіла мастацтва!

Я і сам да прыгожага неабыякавы. Хоць і працую дворнікам. Разгроб гурбу снегу — тут жа верш прачытаў. Пакалоў лёд — яшчэ адзін узгадаў.... Пасыпаў пясочку і адгарнуў томік Пушкіна, Лермантава або Льва Мікалаевіча Ясеніна.

Кніг жа шмат ля кантэйнераў для смецця валяецца. Як народ інтэрнэт займеў, так і пачаў ад іх пазбаўляцца, хоць у ранейшыя гады па блаце даставаў. У мяне ў капцёрцы цэлая бібліятэка набралася. Вось я і гляджу, што яны панапісвалі... Як быццам ведалі, што гэта ўсё да мяне прыйдзе…

 

 

Зуфар ЗАРЫПАЎ

 

На пляжы

 

Пляж мясцовы — не Карыбы,

І ўсё ж лепей тут, чым дзе:

Няма столькі ў рэчцы рыбы,

Колькі на пяску людзей.

Гэты лёг на санцапёку,

Той хаваецца ў цяньку.

Сеў і я непадалёку,

На купальшчыкаў гляджу.

За буйкі не заплывае

Муж вучоны, кандыдат.

Кажуць, і ў навуцы мае

Нешырокі далягляд.

Граззю Сабірзян кідае

Ў тых, каго лягчэй дастаць.

І на сходзе гэтак, знаю,

Ён прывык крытыкаваць.

Тахір скокнуў без страховак —

Вынырнуў хвілін праз пяць.

Ў апараце ён гандлёвым

Навучыўся так «ныраць».

Глей на дне знайшоў Мяфодзій

І давай яго мясіць:

Жыць з людзьмі не ўмее ў зго дзе,

Ваду любіць замуціць.

Захлынуўся, як купаўся,

Ў рэчцы балбатун-Салім:

Рот закрыць не здагадаўся,

Мелі клопату мы з ім.

У ваду Парфір не скача,

А здзяйсняе мацыён.

Рэпутацыю, няйначай,

Падмачыць баіцца ён.

Вось такі надзейны спосаб

Чалавека «раскусіць»:

Днём спякотным трэба проста

Разам з ім на пляж схадзіць!

 

 

Рафіс ГІЗАТУЛІН

 

Крыжаванка

 

У кабінет дырэктара ўвайшоў вусаты хлопец. Ханан Ханавіч на імгненне падняў галаву і зноў стаў нешта пісаць.

— Добры дзень, — сказаў наведвальнік. — Я чуў, што вам шафёр патрэбен...

— Пачакай, — адказаў Ханан Ханавіч. — Зараз... Та-ак... Віно, пяць літар. «Партвейн»? Не, тут восем...

Хлопец ажывіўся:

— Можа, «Агдам»?

— А-г-д-а-м... Глядзі ты, правільна, — згадзіўся дырэктар.

— А на літару «эр» віно не ведаеш? Сем літар...

— «Рыслінг»?

— Падыходзіць! А з дзевяці літар не падкажаш? Таксама сухое. Апошняя — «і».

— Ну, тут і думаць няма чаго: «Ркацытэлі».

Хлопец зазірнуў у крыжаванку праз плячо дырэктара і стаў вадзіць пальцам па клетках.

— Трэцяе па гарызанталі — «Вермут», сёмае па вертыкалі

— «Хванчкара»... Восьмае — «Санцадар»...

— Малайчына, — сказаў Ханан Ханавіч. — Можаш ісці.

— Куды? — не зразумеў хлопец. — Я чуў, вы шафёра шукалі...

— Шукаў, — уздыхнуў дырэктар. Ды разумееш, мне такі шафёр патрэбен, каб гэтую крыжаванку разгадаць не мог...

 

 

Людміла УЛАНАВА

 

Прадчуванні

 

Так жыць на свеце цяжка мне, сябры,

Чакаю я з усіх бакоў падману.

Як добра зранку — гэта да пары:

Увечары напэўна дрэнна стане.

Не адключылі ні святло, ні газ,

Надвор’е — проста супер! Што за здзекі?

А, ведаю! Буран ідзе на нас!

Паветра нават пахне небяспекай.

Калега кампліментаў цэлы воз

Мне выдаў, а за вочы, пэўна, лае.

Зарплату сёння павялічыў бос,

Відаць, кагось пры гэтым скарачае.

Ў аўтобусе ўсміхнуўся кантралёр,

Народу мала і білецік шчасны.

Не парушае ПДР шафёр…

Дзе ўсё-ткі гадасць? Дзе яна захрасла?

Майму прыходу радая сям’я,

Не падгарэлі смачныя катлеты.

І гэта ўсё, дакладна знаю я,

Якіхсьці непрыемнасцей прыкметы.

Відаць, чакае нас благое штось…

Я сплю. Пад’ём на працу будзе ранні.

Паганы сон мне сніцца. Вось жа! Вось!

Ізноў не падманулі прадчуванні.

 

Пераклады з рускай Веранікі МАНДЗІК.

 

«Вожык» №3, 2016 год.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уладзімір Краўцоў пра тое, як будзе развівацца Гродзенская вобласць

Уладзімір Краўцоў пра тое, як будзе развівацца Гродзенская вобласць

Кіраўнік Гродзенскай вобласці — аб розніцы паміж усходам і захадам, паразуменні фермераў і буйных агракомплексаў, спосабах прыцягнення турыстаў і прыватнай ініцыятыве ў рэстаўрацыі будынкаў.

Грамадства

Смеццевы калапc: рэальная пагроза?

Смеццевы калапc: рэальная пагроза?

Як у нашай краіне вырашаецца праблема з утварэннем і ўтылізацыяй адходаў.

Грамадства

У Мінск прыляцела даўгахвостая кугакаўка

У Мінск прыляцела даўгахвостая кугакаўка

Сенсацыя ў свеце беларускай фаўны — у Мінск прыляцела сава-«чырванакніжніца».

Грамадства

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі малака і яек беларус ужывае за месяц?