Вы тут

Больш за 700 машын у адной кватэры


Савецкі пляжны электрамабіль раскажа пра аўтаэксперыменты другой паловы мінулага стагоддзя. Аўто з брызентавымі дзвярыма і адной фарай засведчыць ваенную эканомію. Машына, якая працуе на дровах, раскажа, колькі іх трэба насячы, каб праехаць 100 кіламетраў, а першая мадэль «Волгі» папярэдзіць аб небяспечным алені на капоце...

Аўтамабілі, якія «жывуць» у чатырох шафах звычайнай кватэры ў Віцебску, гэта не цацачнае захапленне і не апантанае жаданне назбіраць як мага больш. Калекцыянер падбірае ў свой «аўтапарк» мадэлі машын, створаных на заводах у перыяд пачатку XX стагоддзя, у Савецкім Саюзе і пазней — у Расіі і Беларусі.


Ле­а­нід Якаў­ле­віч з за­да­валь­нен­нем па­каз­вае, як вы­гля­даў па­пу­ляр­ны ў дач­ні­каў «за­па­ро­жац» на фо­не яго ўлас­на­га ле­ці­шча.

— Гэтыя машыны найбольш зразумелыя і блізкія мне. Адлюстраваць прадукцыю сусветнай аўтапрамысловасці фізічна нерэальна — не хопіць месца для захоўвання. Нават 730 экспанатаў, якімі я валодаю зараз, — гэта ледзьве не пятая частка з усіх марак, выпушчаных расійскімі заводамі, — распавёў калекцыянер Леанід ЯЛАЎ. — Хацелася б, вядома, мець мадэлі прадукцыі і беларускіх заводаў, напрыклад тыя ж камбайны, але іх ніхто не робіць масава, а ручная праца — надта дорага.

Колькі грошай траціцца на папаўненне калекцыі, аматар не лічыць, каб не нервавацца і блізкіх не турбаваць. Самая дарагая машына ў яго «аўтапарку» восем гадоў таму была набытая за 100 еўра. Гэта непрыкметны шэранькі «КрАЗ» з першай серыі іх выпуску, зразумець яго каштоўнасць зможа толькі спецыяліст.

Канверсіяй (пераробкай) некаторых аўто майстар займаецца сам, іншыя дапамагае рабіць віцебскі мадэліст Мікалай Баранаў. Часам далучаецца і сын Леаніда.

Пер­шы­мі аў­та­ма­бі­ля­мі, якія больш за ста­год­дзе та­му з'я­ві­лі­ся на ву­лі­цах Мін­ска, мож­на лі­чыць гэ­тыя, вы­раб­ле­ныя на Рус­ка-Бал­тый­скім ва­гон­ным за­вод­зе.

Чатыры колы на лыжах і дровах

Расказваць пра свае набыткі Леанід Якаўлевіч можа гадзінамі. Атрымліваецца гэта ў яго, як у сапраўднага экскурсавода. Яшчэ ў школе ён упадабаў гісторыю і за лета «праглытваў» падручнікі па гэтай дысцыпліне на наступны навучальны год.

Самая старая машына ў яго калекцыі — мадэль аўто 1904 года з адкрытым салонам. Адметны і газагенератарны аўтамабіль, што працаваў на дровах і меў дзве бочкі па баках, у якіх гарэла паліва. 50 кг паленаў хапала на 100 км дарогі. Каб ехаць далей — за сякеру і ў лес. Перад працай машына распальвалася 15 хвілін.

Першыя мадэлі з'явіліся ў Леаніда ў 1986 годзе як жартаўлівы падарунак ад брата з Літвы.

— У тыя часы якраз пачалі прыганяць аўто з-за мяжы, і брат уручыў мне некалькі цацак са словамі «Не вязеш сапраўдную, вязі хаця б гэтыя». Так я адтуль і паехаў, і прыехаў вось да некалькіх соцень.

Па машынах калекцыянера можна прасачыць гісторыю развіцця і ўкаранення вынаходак на аўтазаводах ад мінулага стагоддзя да сёння.

На аўто маркі «Руса-Балт», створаных на Руска-Балтыйскім вагонным заводзе ў Рызе, была, напрыклад, апрабавана вынаходніцтва Адольфа Кегрэса. Гэты рускі механік з французскімі каранямі яшчэ пры царскай Расіі сканструяваў першы прататып аўтамабіля павышанай праходнасці для язды па снезе і па цаліне. У машыне былі лыжы, якія падымаліся, калі ў іх не было патрэбы.

Класічная машына завода ГАЗ «Волга» таксама мае адметную гісторыю. Тры выпускі яе адрозніваліся ўзорам рашотак. На першых мадэлях, напрыклад, была зорка, пасля ад занадта складаных знешніх дэталяў сталі пазбаўляцца. А вось ад фігуркі аленя, якая была на капоце ў першых выпусках «Волгі», адмовіліся з-за яе траўманебяспечнасці. Калі такая машына збівала пешахода, то алень літаральна падымаў чалавека на рогі.

Са­мая ма­лень­кая ма­шын­ка ў ка­лек­цыі: ко­пія той, на якой ез­дзіў вя­до­мы кі­на­ар­тыст Мар­гу­ноў у кі­на­ка­ме­дыі «Апе­ра­цыя «Ы» і ін­шыя пры­го­ды Шу­ры­ка».

Адна фара і брызентавыя дзверы

Аўтамабілі заводаў АМО і ГАЗ падчас Другой сусветнай вайны перарабляліся пад патрабаванні часу. На звычайны грузавік, напрыклад, устанаўлівалі «кацюшу». Тэхнікай для медыцынскіх работнікаў станавіліся змененыя аўтобусы. Дзеля эканоміі металу для вырабу танкаў «ГАЗы» і «ЗІСы» тых часоў мелі тармазы толькі на задніх колах і адну фару з боку кіроўцы, а замест дзвярэй і даху былі брызентавыя скруткі. Затое на многіх ваенных машынах на лабавым шкле вісеў партрэт Сталіна.

Усе гэтыя адметнасці лёгка адсачыць па мадэлях калекцыянера, сярод якіх ёсць і «салодкая парачка» ваенных часоў. Гэта грузавік з вялізным пражэктарам, каб асвятляць неба, і машына, якая везла акумулятары для яго работы.

— У 1943 годзе, калі нашы наступалі на Курскай дузе, з-за недахопу паравозаў народныя ўмельцы сканструявалі машыну з жалезнымі коламі для язды па рэйках. Два такія аўто (адно спераду саставу, другое — ззаду) цягнулі 5-6 вагонаў, — прывёў гістарычныя факты Леанід Ялаў. — А вось машына, усім вядомая як «Победа», спачатку называлася «Радзіма». Яе стварылі ў 1943 годзе, і прымаў аўто сам Сталін, які спытаў: «Пачым будзеце «Радзіму» прадаваць?» Адказаць на гэта ніхто не змог, і аўто перайменавалі.

У гіс­то­рыі аў­та­ма­бі­ле­бу­да­ван­ня сваё га­на­ро­вае мес­ца за­ня­лі аў­та­ма­бі­лі, якім за­мест бен­зі­ну бы­лі па­трэб­ны звы­чай­ныя дро­вы.

Як «Маргуноўка» стала «кансервавай бляшанкай»

Пасля вайны ствараліся новыя машыны. Серпухаўскі матацыклетны завод, напрыклад, выпускаў «інвалідкі» — невялічкія аўто, якія выдаваліся па пасведчаннях інвалідам. Спачатку такая машына была трохколавай і настолькі дрэннай, што ў другой мадэлі кола ўжо дабавілі. Адна з такіх машын здымалася ў фільме «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка», пасля чаго яе ў народзе празвалі «Маргуноўкай». Трэці і апошні варыянт «інвалідак» быў цалкам з металу і так грымеў пры яздзе, што атрымаў мянушку «кансервавая бляшанка».

— Калі «КамАЗ» у 1976 годзе наладзіў выпуск аўто, запчасткі да іх пастаўляліся са 150 заводаў усяго Саюза. Таму была прыказка: «КамАЗ» будуе ўся краіна». Машыны тых часоў і дагэтуль працуюць нароўні з сучаснымі, — пракаментаваў наступныя мадэлі калекцыянер. — А вось цягач «МАЗ 504А», што стаў першым аўто, якому дазволілі выехаць за межы Саюза. Яго габарыты спецыяльна звузілі на 15 сантыметраў, каб ён адпавядаў еўрапейскім стандартам, і напісалі на кузаве лацінкай Sovtransavto.

Адна з машын, якой асабліва ганарыцца Леанід і якая выклікае захапленне сапраўдных калекцыянераў, — «КамАЗ» з пабітай і пагнутай кабінай, які цягне машына тэхдапамогі. Спецыялісты адзначаюць, што ўпершыню бачаць, каб удалося так добра дэфармаваць мадэль, стварыўшы ўражанне сапраўднай аварыі, бо звычайна экспанаты ламаюцца пры спробах іх выгнуць.

Любімцаў, як запэўніў Леанід Ялаў, у яго няма, але па дызайне больш за ўсіх падабаюцца яму магутныя «Уралы». А вось жонка ўпадабала мадэль машыны, якая развозіць газавыя балоны. Такая ж прыязджала ў двор у яе дзяцінстве.

Спец­аў­та­транс­парт да­лё­кіх дзе­ся­ці­год­дзяў для пе­ра­воз­кі ві­на і ня­бож­чы­каў.

Кубінскае таксі і «хлеб» з памылкай

Зразумела, ёсць у калекцыі і звычайныя машыны: паштовыя, таксі, аўтавышкі, эвакуатары, самазвалы і іншае. Здавалася б, звыклая тэхніка, аднак ёсць асаблівыя экземпляры і тут. Напрыклад, жоўтае таксі, пераваранае на Кубе ў адну машыну з трыма радамі сядзенняў з дзвюх «ВАЗ 2101». На такіх аўто там і дагэтуль ездзяць.

Прадуктовыя аўтамабілі калекцыянер набывае заўжды, бо працуе на хлебазаводзе. Назвы на кузавах «Віно», «Піва», «Квас», «Малако», «Яйкі-Кураняты» і іншыя — у шырокім асартыменце. Мне асабіста спадабалася машына ваеннай хлебапякарні, якая магла гатаваць проста на хаду да 2000 буханак за суткі. Ёю карыстаюцца цяпер на вялікіх ваенных вучэннях.

Сярод звычайных хлебных фургонаў адзін асаблівы, з надпісам «ХЛЕБ», і памылка гэтая гістарычная.

— Прыкладна раз на два гады кіроўцы павінны былі падфарбоўваць літары на кузаве сваіх аўто па трафарэце. Адзін з іх прыклаў літары не тым бокам, вось і атрымалася памылка. Каб надта адукаваныя крытыкі не казалі, што гэта я так напісаў, заўсёды цяпер кладу каля мадэлі здымак сапраўднай машыны, якая так і ездзіла два гады па вуліцах.

Ёсць у ка­лек­цыі і ко­піі шы­коў­ных ма­шын, упа­да­ба­ных у мі­ну­лым пер­шы­мі асо­ба­мі са­вец­кай дзяр­жа­вы.

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».