Вы тут

29 сакавіка ўвечары на 85-м годзе жыцця памёр Нiл Гiлевiч


Паэт, чые радкi можа працытаваць бадай што кожны жыхар Беларусi; творца, з якiм атаясамлiваецца цэлая эпоха ў нашай лiтаратуры.


Нiл Сымонавiч нарадзiўся на Лагойшчыне; яго дзяцiнства, як i ўсiх яго равеснiкаў, было апаленае вайной. Ад яго роднай Слабады зусiм не далёка да шматпакутнай Хатынi. Гэта ўсведамленне натхнiла паэта на пранiзлiвыя вершы, а потым нарадзiлiся i словы, што, высечаныя на арцы, сустракаюць наведвальнiкаў мемарыяльнага комплекса «Хатынь»:

Людзi добрыя, помнiце!

Мы любiлi жыццё, i Радзiму,

I вас, дарагiя,

Мы згарэлi жывымi ў агнi.

Наша просьба да ўсiх:

Хай жалоба i смутак

Абернуцца ў мужнасць i сiлу,

Каб змаглi ўвекавечыць вы

Мiр i спакой на зямлi...

Пачынаючы з 1957 года, Нiл Гiлевiч выдаў трынаццаць кнiг паэзii, пiсаў сатыру i гумар, дзiцячыя кнiгi. Яго раман у вершах «Родныя дзецi», якi з'явiўся ў 1985 годзе, крытыкi назвалi сапраўднай падзеяй у сучаснай беларускай лiтаратуры. Яго вершы — лiрычныя, спеўныя — лёгка клалiся на музыку, становячыся любiмымi ў народзе песнямi («Вы шумiце, бярозы...», «Я хаджу, закаханы...»).

Нiл Гiлевiч нямала зрабiў для яднання славянскiх народаў. Актыўна працуючы як перакладчык, ён даў беларускае гучанне творам звыш 400 славянскiх паэтаў i пiсьменнiкаў (балгарскiх, славенскiх, сербскiх, украiнскiх, польскiх, рускiх, лужыцкiх i iнш.). Ён стаў укладальнiкам анталогii аднаго верша «Сто гадоў. Сто паэтаў. Сто песень», быў рэдактарам альманаха замежнай лiтаратуры «Далягляды».

Нiл Гiлевiч, кандыдат фiлалагiчных навук, прафесар, быў вядомы i як даследчык лiтаратуры, i як укладальнiк i навуковы рэдактар фальклорных зборнiкаў. Была ў жыццi Нiла Сымонавiча i старонка, звязаная з нашай газетай — з 1958-га да 1963-га ён працаваў лiткансультантам «Звязды».

Нiл Гiлевiч — лаўрэат Дзяржаўнай прэмii БССР iмя Янкi Купалы (1980) за кнiгу паэзii «У добрай згодзе» i перакладчыцкую дзейнасць Узнагароджаны ордэнамi Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны. Але найлепшая ўзнагарода для любога творцы i пры жыццi, i пасля — калi людзi помняць i ведаюць плён яго натхнення i працы.

Прэзiдэнт Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуваннi ў сувязi са смерцю народнага паэта Беларусi Нiла Гiлевiча яго родным, паведамiлi ў прэс-службе беларускага лiдара.

«Творчасць Нiла Гiлевiча блiзкая чытачам розных пакаленняў i па праве займае асаблiвае месца ў айчыннай лiтаратуры. У яго паэзii знайшлi адлюстраванне высокiя маральныя iдэалы, любоў да Радзiмы, павага да народа», — адзначыў кiраўнiк дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што памяць пра Нiла Гiлевiча як аднаго з яркiх майстроў слова захаваецца ў сэрцах прыхiльнiкаў беларускай лiтаратуры.

Нiл ГIЛЕВIЧ

Я хаджу, закаханы у твае краявiды,

I шапчу, як прызнанне: о, мой край дарагi!

Зноў нясу табе ў споведзь i трывогi, i крыўды,

I надзеi, i ўцехi, i любоў, i грахi...

Пасля доўгiх расстанняў i далёкiх вандровак

Я вярнуся навекi ў засень клёнаў тваiх.

Толькi з роднага долу, толькi ў роднай дуброве —

Як не дрэвам, хоць кветкай прарасту для жывых.

Загаловак у газеце: «Не стала ўжо, прашу мне дараваць, I закаханага ў жыццё паэта...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».