Вы тут

Масавая сяўба пачнецца з наступнага тыдня


У Бялыніцкім раёне Магілёўшчыны сяўба яшчэ не распачалася, але механізатары, як, напрыклад, Уладзімір КАЗАКОЎ, ужо на поле выехалі. У СВК «Калгас «Радзіма» падсяваюць канюшыну, якая займае ў гаспадарцы плошчу 800 га. 

Пакуль сеяць пачалi толькi ў некаторых рэгiёнах Брэсцкай, Гродзенскай i Гомельскай абласцей. Але, як адзначае намеснiк генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусi па земляробстве Дзмiтрый Лужынскi, пры захаваннi цяперашняга тэмпературнага рэжыму ўжо з наступнага тыдня сяўба набудзе масавы характар. Пры гэтым Дзмiтрый Лужынскi адзначыў, што крыху пазней, чым у астатнiх рэгiёнах, яна можа пачацца ў паўночных раёнах Вiцебскай вобласцi i паўночна-ўсходнiх раёнах Магiлёўскай вобласцi.


Асноўная задача навукоўцаў сёння — максiмальна эфектыўна дапамагчы аграрыям атрымаць як мага большы ўраджай. У навукова-практычным цэнтры па земляробстве ўжо распрацаваны рэкамендацыi па правядзеннi веснавой сяўбы 2016 года i накiраваны ў Мiнсельгасхарч, раённыя выканаўчыя камiтэты i гаспадаркi. У гэтых рэкамендацыях ёсць усе неабходныя аперацыi, якiя неабходна выконваць увесну.

Гатоўнасць — 90%

Ужо сёння гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнiкi да веснавой пасяўной кампанii ў Беларусi наблiжаецца да поўнай. Аднак, па словах намеснiка генеральнага дырэктара па ўкараненнi i выпрабаваннях Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусi па механiзацыi сельскай гаспадаркi Дзмiтрыя Комлача, застаюцца яшчэ некаторыя рэгiёны, дзе ёсць адставанне па гэтым найважнейшым паказчыку.

Пры гэтым навукоўцы падкрэслiваюць, што па тэхнiчным забеспячэннi, з'яўленнi iнавацый пытанняў няма. У навукова-практычным цэнтры цяпер актыўна працуюць над стварэннем пасяўных глебаапрацоўчых агрэгатаў шырынёй захопу 9-12 м. Таксама вядзецца распрацоўка 12-корпуснага абаротнага плуга. Акрамя таго, НПЦ па механiзацыi сельскай гаспадаркi актыўна супрацоўнiчае з гаспадаркамi па ўкараненнi сучаснай тэхнiкi ў АПК.

Дзмiтрый Лужынскi распавёў, што навукоўцы цэнтра за зiмовы перыяд правялi сярод практычна ўсiх агранамiчных спецыялiстаў краiны — а гэта больш за тысячу чалавек — навучанне па сучасных тэхналогiях вырошчвання, па выкарыстаннi сучасных сартоў, угнаенняў, сродкаў аховы, па магчымых метадах скарачэння сабекошту раслiнаводчай прадукцыi.

Будзе засуха?

Ужо на пачатковым этапе пасяўной кампанii 2016 года навукоўцы асцерагаюцца магчымага недахопу вiльгацi ў глебе. Як расказаў намеснiк генеральнага дырэктара па навуковай рабоце Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусi па бульбаводстве i плодаагароднiцтве» Вадзiм Маханько, узровень грунтавых вод ужо прыкладна на 60 см нiжэйшы за норму. А ў такiх умовах будуць выйграваць тыя вытворцы, якiя змаглi наладзiць палiў. Гаворка iдзе i аб вырошчваннi гароднiны i ягад. А, напрыклад, вытворчасць бульбы не можа сёння быць высокарэнтабельнай без якаснага арашэння. I калi летась глебавыя запасы вiльгацi былi нашмат большыя, то нiзкае стаянне грунтавых вод цяпер можа яшчэ больш пагоршыць магчымую засуху.

Азiмыя без страт

Па словах Дзмiтрыя Лужынскага, азiмыя збожжавыя практычна па ўсёй Беларусi перазiмавалi без страт. Толькi нязначныя плошчы прамоклi i, магчыма, iх варта перасеяць. Аднак Дзмiтрый Лужынскi растлумачыў, што страты рапсу будуць больш значныя. Гэта адбылося з-за таго, што ў канцы мiнулага — пачатку гэтага года было кароткачасовае панiжэнне тэмпературы да 25-26 градусаў марозу. Для большай часткi тэрыторыi яно прайшло без наступставаў, але крайнiя заходнiя раёны Гродзенскай вобласцi i ўсходнiя раёны Магiлёўскай былi ў гэты момант практычна без снежнага покрыва. Рапс можа ў такiх умовах перанесцi мароз, не большы за 14 градусаў, а было мiнус 26. Пашкоджаныя плошчы давядзецца перасяваць.

kryzhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Няхай зямелька скажа слова...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».