Вы тут

Праект Кодэкса аб культуры падрыхтаваны


Другое чытанне дакумента пройдзе ў Палаце прадстаўнiкоў падчас вясновай сесii ў пачатку красавiка.

Праект Кодэкса аб культуры Беларусi ўжо прыняты дэпутатамi Палаты прадстаўнiкоў у першым чытаннi ў снежнi 2015 года. Неабходнасць падрыхтоўкi кодэкса абумоўлена патрэбай у комплексным i сiстэмным рэгуляваннi грамадскiх адносiн у сферы культуры.


Цягам трох месяцаў над праектам кодэкса iшла актыўная праца ў рабочай групе, якая створана пры Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу па адукацыi, культуры i навуцы. У склад рабочай групы ўвайшлi дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў, спецыялiсты i адказныя супрацоўнiкi Мiнiстэрства культуры, сакратарыяту Палаты прадстаўнiкоў, Савета Рэспублiкi, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства i прававых даследаванняў краiны. Вывучалiся, аналiзавалiся прапановы i заўвагi, якiя паступiлi ад зацiкаўленых.

— Мы суадносiм практыку i заканатворчасць, выслухоўваем заўвагi грамадзян, службовых асоб, аналiзуем, як пэўная норма кодэкса адаб'ецца ў жыццi. I пытаннi з жыцця, якiя дэпутаты прывозяць са сваiх выбарчых акруг, — важная крынiца рэдакцыйных i змястоўных удакладненняў праекта Кодэкса аб культуры, — падкрэслiла Наталля КУЧЫНСКАЯ, намеснiк старшынi Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу па адукацыi, культуры i навуцы. — Таксама мы вывучылi прапановы i меркаваннi мiнiстэрстваў гандлю i фiнансаў, прадстаўнiкоў творчых саюзаў, Таварыства беларускай мовы, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы i лiтаратуры НАН Беларусi, Iнстытута гiсторыi НАН, канфедэрацыi творчых саюзаў.

Дакумент канцэптуальна не змянiўся, але ў iм улiчаны шматлiкiя прапановы, зроблена каля двух з паловай дзясяткаў змен i дапаўненняў. Так, змянiўся змест асобных палажэнняў раздзела аб ахове археалагiчнай спадчыны: ёсць змены ў падыходзе да ўлiку археалагiчных аб'ектаў i артэфактаў. Праектам кодэкса прапануецца стварэнне рэестра археалагiчных артэфактаў, якiя знаходзяцца ва ўладаннi грамадзян i юрыдычных асоб, таксама будзе весцiся ўлiк аб'ектаў i артэфактаў, што на момант выяўлення не маюць уласнiка.

Дапоўнены артыкулы аб супрацоўнiцтве дзяржаўных устаноў i камерцыйных арганiзацый, iндывiдуальных прадпрымальнiкаў. Дапоўнiлiся палажэннi аб грамадскiм кантролi ў сферы культуры: прадугледжваецца права членаў грамадскiх назiральных камiсiй па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны ўносiць уласнiку матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi прапановы аб лiквiдацыi парушэнняў ахоўных абавязкаў. Ёсць змены i ў палажэннi аб выплаце ўзнагароджаняў за выпадкова выяўленую каштоўнасць цi скарб: удакладнiлi, што яны будуць ажыццяўляцца за кошт бюджэту базавага ўзроўню i Мiнска. Змянiўся i падыход да пацвярджэння статусу творчага работнiка для асоб, якiя не з'яўляюцца сябрамi творчых саюзаў. Пацвярджэнне будзе ажыццяўляцца членамi экспертнай камiсii, створанай пры Мiнiстэрстве культуры.

Ёсць дапаўненнi, якiя рэгулююць правы i абавязкi арганiзатараў культурна-масавых мерапрыемстваў. У адпаведнасцi з праектам кодэкса арганiзатар павiнен забяспечыць аказанне грамадзянам медыцынскай дапамогi, паведамiць зацiкаўленым асобам аб зменах у складзе ўдзельнiкаў мерапрыемства. Тэрмiн выплаты кампенсацыi ўваходных бiлетаў на культурна-масавае мерапрыемства вызначаны ў памеры сямi каляндарных дзён з моманту падачы заявы. Удакладнiўся пералiк асоб, якiя могуць хадайнiчаць аб наданнi статусу народнага майстра. удакладнiлiся вызначэннi фiльмаў у iгравой, неiгравой, анiмацыйнай формах, удакладнена азначэнне фiльма, якi мае важнае сацыяльна-культурнае значэнне.

Кодэкс аб культуры будзе рэгуляваць i працу музейных устаноў краiны.

— Устаноўлены крытэрыi i абавязковыя ўмовы для стварэння музея, сярод iх — магчымасць увядзення штатных адзiнак музейных супрацоўнiкаў. Гэта яшчэ адзiн крытэрый, у адпаведнасцi з якiм кодэкс размяжуе паняццi музеяў, музейных пакояў, асобных тэматычных экспазiцый, — зазначае начальнiк юрыдычнага аддзела Мiнiстэрства культуры Алена ВЕШТАРТ.

У адпаведнасцi з праектам кодэкса для перадачы музейных прадметаў, якiя ўключаны ў Музейны фонд Беларусi i з'яўляюцца гiсторыка-культурнымi каштоўнасцямi, ад аднаго да iншага музея на тэрыторыi Беларусi на часовае захоўванне не патрабуецца ўзгаднення з мясцовымi выканаўчымi i распарадчымi органамi.

Кодэкс аб культуры — гэта першы ў Беларусi i на постсавецкай прасторы комплексны дакумент у галiне культуры. Ён цэласны, сiстэмны, iнавацыйны, суадносiцца з нормамi iснуючага заканадаўства. У кодэкс увайшло сем законаў, якiя сёння дзейнiчаюць у галiне культуры, уключаны нормы пяцi ўказаў Прэзiдэнта, пастановы Савета мiнiстраў, Мiнiстэрства культуры, што рэгулююць агульныя пытаннi культуры.

vesialuha@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.