Вы тут

У Мінску расце канкурэнцыя за працоўныя месцы


Сёлета ў эканоміцы горада склаўся адмоўны баланс руху кадраў, і прыём новых работнікаў не замяшчаў колькасць звольненых. І хоць лік вакансій скарачаецца, актыўна прымаюцца меры па дапамозе грамадзянам падчас уладкавання на працу, паведаміла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне — начальнік упраўлення занятасці насельніцтва Мінгарвыканкама Таццяна КУДЗЕВІЧ.


Замест рабочых — менеджары

Апошнім часам знізіліся попыт на кадры і забяспечанасць працоўнымі месцамі. Пры гэтым высокімі тэмпамі скарачаецца колькасць работнікаў будаўнічай і прамысловай сфер. Увогуле ж узровень занятасці насельніцтва ў Мінску складае 77%.

Між тым колькасць вакансій у сталіцы таксама скарачаецца, а колькасць людзей, якія звяртаюцца ў службу занятасці, павялічваецца. Колькасць беспрацоўных сёння ў Мінску ўжо каля 8 тысяч чалавек. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 сакавіка складаў 0,7% да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва і быў самым нізкім у краіне.

— Калі ў ранейшыя часы мы казалі пра недахоп кадраў, попыт на працоўную сілу з боку эканомікі быў каля 20—24 тысяч, то цяпер колькасць заяўленых наймальнікамі вакансій складае каля шасці тысяч, — адзначыла Таццяна Кудзевіч.

Змянілася і структура попыту на працоўную сілу. Калі раней у гарадской службе занятасці каля 70% вакансій складалі рабочыя прафесіі, то цяпер яны складаюць да 40%. Найбольшае зніжэнне колькасці вакансій — у сферах транспарту, сувязі, будаўніцтва, камунальных паслуг. Таццяна Кудзевіч паведаміла, што горад мае патрэбу ў менеджарах і кіраўніках сярэдняга звяна. Увогуле ж пералік запатрабаваных прафесій размешчаны на сайце камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Што да аплаты па вакансіях, то яе сярэдні ўзровень не перавышае 5 млн рублёў.

Што прапануе дзяржава

Тыповы сталічны беспрацоўны — мужчына 40 гадоў, паведаміла Таццяна Кудзевіч. Па яе словах, служба занятасці з пачатку года дапамагла 2,6 тысячы беспрацоўных мінчан. З іх на пастаянную работу ўладкаваны 1,6 тысячы чалавек. На перыяд пошуку працы прапаноўваліся і аплатныя грамадскія работы — больш за 800 чалавек прынялі ў іх удзел. У сярэднім узровень аплаты ў дзень на такіх працах складаў 120-130 тысяч рублёў.

Яшчэ каля 400 беспрацоўных накіраваны на навучанне, 28 чалавек атрымалі субсідыі на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці. Гэта аднаразовая дзяржаўная грашовая дапамога ў памеры да 11-разовай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму. Сёлета яна складае 17,5 млн рублёў. У гэтым годзе плануецца прадаставіць субсідыі 180 беспрацоўным (летась фінансавую падтрымку на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці атрымалі 150 беспрацоўных мінчан). З пачатку года такім правам ужо скарысталіся 28 беспрацоўных. Яны адкрылі ўласную справу ў запатрабаваных на рынку працы сферах дзейнасці (аддзелачныя і будаўнічыя работы, транспарт, гандаль, цырульніцкія паслугі).

— Каб беспрацоўныя ацанілі свае магчымасці і павысілі фінансавую асвету, мы накіроўваем іх на навучальныя курсы па прадпрымальніцтве. Не ўсе пасля іх праходжання адкрываюць уласную справу. На курсах беспрацоўныя складаюць тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне — бізнес-план, у якім улічваюць свае магчымасці. Ацэньваюць мэтазгоднасць і рызыкі па адкрыцці ўласнай справы. Беспрацоўныя, якія адкрываюць уласную справу, ідуць на гэты крок свядома, — падкрэсліла намеснік старшыні камітэта.

Сёлета камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне амаль удвая павялічыў аб'ёмы фінансавання на рэалізацыю праграм садзейнічання занятасці. Сярод прыярытэтных кірункаў для камітэта на гэты год — працаўладкаванне грамадзян на створаныя прадпрыемствамі працоўныя месцы, садзейнічанне беспрацоўным у прадпрымальніцкай і рамесніцкай дзейнасці, навучанне па запатрабаваных прафесіях, а таксама стымуляванне наймальнікаў у прыёме на працу сацыяльна ўразлівых груп насельніцтва (моладзі, інвалідаў, вызваленых з месцаў пазбаўлення волі).

— Мы не супраць забяспечыць 100-працэнтную занятасць. Для гэтага павінны быць пэўныя ўмовы. Але і людзі мусяць быць матываванымі на працу і валодаць неабходнымі кампетэнцыямі, — рэзюмавала спецыяліст.

seradzyuk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Час не спаць у шапку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».