Вы тут

Грамадзяне Украіны змогуць уязджаць у нашу краіну па розных дакументах


Учора ў Мінску прайшлі беларуска-ўкраінскія кансультацыі па Пагадненні паміж урадам нашай краіны і Кабінетам Міністраў Украіны аб бязвізавых паездках грамадзян ад 12 чэрвеня 2009 года. Як паведаміў на чарговым брыфінгу Дзмітрый МІРОНЧЫК, начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС, на парадку дня — прымяненне гэтага Пагаднення і яго карэкціроўкі ў тым, што тычыцца пераліку сапраўдных дакументаў для ўезду-выезду, праезду транзітам і знаходжання на тэрыторыі нашай дзяржавы грамадзян Украіны.


— Неабходнасць такой карэкціроўкі абумоўлена ўніфікацыяй патрабаванняў, што прад'яўляюцца да праязных дакументаў у адпаведнасці з нормамі ІКАО (Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі. — Рэд.) і ўдасканаленнем парадку перасячэння Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, — звярнуў увагу прадстаўнік МЗС.

Па словах Дзмітрыя Мірончыка, практыка прымянення згаданага Пагаднення сведчыць, што большасць грамадзян Украіны выкарыстоўваюць для перасячэння беларуска-ўкраінскай мяжы ўнутраны пашпарт грамадзяніна Украіны. У той жа час звесткі пашпарта не адпавядаюць патрабаванням міжнародных стандартаў, а таксама маюць слабыя ступені абароны ад падробак.

— З-за адсутнасці ва ўнутраным пашпарце грамадзяніна Украіны машынасчытваемай зоны, унясенне звестак аб яго ўладальніку ажыццяўляецца пагранічнымі службамі Рэспублікі Беларусь выключна ў ручным рэжыме, што негатыўна ўплывае на прапускную здольнасць дзеючых на беларуска-ўкраінскай мяжы пунктаў пропуску, якасць абслугоўвання насельніцтва, прыводзіць да затрымак афармлення транспартных сродкаў, — зазначыў прэс-сакратар МЗС.

У той жа час увядзенне Украінай замест такіх пашпартоў пластыкавых ІD-картак не прадугледжвалася бакамі пры падпісанні Пагаднення ў 2009 годзе. У сувязі з гэтым уведзены ўкраінскімі ўладамі з пачатку гэтага года ўнутраны пашпарт не разглядаецца ў нашай краіне як дакумент, сапраўдны для перасячэння мяжы.

Адказваючы на пытанне карэспандэнта «Звязды», якое выйсце бачыць міністэрства з гэтай сітуацыі, Дзмітрый Мірончык паведаміў:

— Натуральна, мы не будзем прапаноўваць нашым украінскім калегам вярнуцца да пашпартоў старога ўзору — таксама з той нагоды, што тыя пашпарты не адпавядаюць нормам ІКАО, як я ўжо казаў. У іх няма машынасчытваемай зоны, а гэта — «мінулае стагоддзе». Я спадзяюся, што бакі знойдуць выйсце. Тым больш што пагадненне аб бязвізавых паездках грамадзян дзвюх краін прадугледжвае шэраг магчымасцяў для наведвання беларусамі Украіны і ўкраінцамі Беларусі на падставе рознага кшталту дакументаў. Унутраныя пашпарты — гэта толькі адзін з тыпаў дакументаў, на базе якіх можна перасякаць мяжу. Таксама гэта можна рабіць на базе пашпартоў, якія прызначаны для паездак за мяжу. Гэтыя пашпарты ва Украіне таксама існуюць.

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Калі пашпарт — «мінулае стагоддзе»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.