Вы тут

«Прыпавесці» з Навіцы


Да 9 красавіка ў мастацкай галерэі «Інстытут культуры» працуе выстаўка Міжнародных майстар-класаў іканапісу ў Навіцы «Прыпавесці».

Сорак мастакоў з Польшчы, Украіны, Славакіі, Беларусі і Грузіі з дапамогай сучасных выяўленчых сродкаў наноў знаёмяць гледача з біблейскімі прыпавесцямі.


На­тал­ля Лось. «Вы­гнан­не з раю».

Ужо сем гадоў Таварыства сяброў Навіцы разам з кафедрай сакральнага мастацтва Львоўскай акадэміі выяўленчага мастацтва арганізуе тэматычныя пленэры. У польскім мястэчку Навіца збіраюцца мастакі з розных краін, каб сярод цішыні, спакою і малітвы разам шукаць натхненне для стварэння ікон. Кожны год арганізатары пленэраў абіраюць новую тэму для працы. На сустрэчах у Навіцы ўжо пісалі выявы Ісуса Хрыста, Божай Маці, апосталаў, надышоў і час прыпавесцяў Старога і Новага Запавету. Мастакі самі вырашалі, з якімі прыпавесцямі працаваць, якія матэрыялы выкарыстоўваць. Для іх няма ніякіх творчых абмежаванняў. Хтосьці ідзе ўслед за кананічным царкоўным майстэрствам, хтосьці эксперыментуе і малюе так, як падкажа яму сэрца. «Існуе ікона для храма, якая павінна быць кананічнай, і ікона хатняя, прызначаная для сямейнага ўжывання, — тлумачыць куратар праекта Катажына Якубоўска-Краўчык. — На нашай выстаўцы багата хатніх ікон, каля якіх хочацца маліцца звычайнаму чалавеку».

За некалькі тыдняў пленэра адбываецца значны культурны абмен: удзельнікі з'яўляюцца прадстаўнікамі не толькі розных мастацкіх кірункаў, але і нацыянальнасцяў. Арганізатары імкнуцца аб'яднаць хрысціян розных галін у адной творчай супольнасці, каб праз іх працу перадаць шматграннасць і рознабаковасць сакральнага мастацтва. Штогод знаходзіцца нешта новае. Сёлета здзівілі грузіны: іх іконы маюць непаўторную пластыку і выяўленчыя сродкі. Пасля завяршэння пленэраў большасць ікон едзе дадому разам з аўтарамі, частка захоўваецца для правядзення выставак. Некаторыя іконы трапляюць у царкву.

Беларуская мастачка Наталля Лось удзельнічае ў выстаўцы «Прыпавесці» разам з мужам і двума сынамі. На пленэры ў Навіцу іх сям'я выязджае ўжо не першы год. «Іконы могуць зацікавіць і тых, хто не чытае Біблію кожны дзень, — кажа Наталля. — У іканапісе існуюць свае сродкі, якія дапамагаюць «размаўляць» з чалавекам, нават калі ў яго няма грунтоўных рэлігійных ведаў. Іконы можна разгадваць, як рэбусы». На прыкладзе сваёй работы, іконы «Выгнанне з раю», мастачка паказала, як можна «чытаць» выявы непадрыхтаванаму гледачу. Яе бачанне раю — вялікае дрэва са смачнымі яблыкамі і прыгожымі белымі птушкамі. У цэнтры кампазіцыі змешчаны паўлін — сімвал вечнага жыцця, таму яго часта малююць у райскім садзе. Адам і Ева намаляваныя ўбаку. Яны парушылі закон, і вакол іх чорная прастора: першыя людзі сыходзяць у цемру. Над іх галовамі ляціць не белая птушка, а чорны крумкач з пяром паўліна — вечным напамінам пра страчанае шчасце.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.