Вы тут

У Нацыянальнай бібліятэцы праходзіць фестываль «Горад і кнігі»


Тэмай фэсту стала навука.

«Горад і кнігі» — гэта фестываль, які аб'ядноўвае кніжнікаў сталіцы, іншых гарадоў Беларусі і нават замежжа. Гэта агульная пляцоўка для ініцыятыў на літаратурную тэматыку. Тут прадстаўляюцца клубы і гурткі, хатнія тэатры са спектаклямі пра кнігі, незвычайныя гульні, літаратурныя экскурсіі па горадзе, паэтычныя вечарыны, цікавыя акцыі ў выдавецтвах, кнігарнях і бібліятэках. Упершыню фестываль «Горад і кнігі» прайшоў летась у Нацыянальнай бібліятэцы, ён сабраў больш як паўсотні цікавых літаратурных праектаў і 3,5 тысячы аматараў чытання.


У якасці арганізатараў фестывалю сёлета выступаюць Навуковая бібліятэка БНТУ, Нацыянальная бібліятэка, Беларуская бібліятэчная асацыяцыя, праект «За чытанне».

— Раней у Беларусі не было кніжных фестываляў, якія аб'ядноўвалі б маленькія літаратурныя праекты, — распавядае супрацоўніца Навуковай бібліятэкі БНТУ Вольга ВОЎК. — Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш — прафесійны форум для вялікіх выдавецтваў, кнігарняў, але ж у нас існуе шмат дробных кніжных ініцыятыў. Яны таксама цікавыя і карысныя.

Фестываль «Горад і кнігі» літаральна вырас за некалькі гадоў з выстаўкі хэнд-мэйд герояў сучасных кніг «Усмешлівыя цуды» і яе суправаджальнай праграмы. Сёлета героі «Усмешлівых цудаў» таксама будуць на фэсце, яны размяшчаюцца ў адмысловым кардонным горадзе — маленькай копіі Мінска. Яго цягам месяца для фестывалю майстравалі валанцёры пад кіраўніцтвам майстра Юліі Кучынскай.

На якія мерапрыемствы, майстар-класы і прэзентацыі ў праграме фестывалю сёння варта звярнуць увагу?

Музей навукі «Elemento» правядзе майстар-класы і пакажа, што навука — гэта не сумна. Цягам усяго фэсту працуе стол з унікальнай літаратурнай настольнай гульнёй «Кнігаполія», якую распрацавала пісьменніца Надзея Ясмінска. Сэнс гульні ў тым, каб сабраць рэдкую калекцыю кніг на сваіх палічках. Баранавіцкая бібліятэка падрыхтавала працяг «Чароўных урокаў у Хогвартсе» па кнігах Джаан Роўлінг пра Гары Потэра. Як кажуць арганізатары, летась першая частка імпрэзы была надзвычай папулярнай.

Пісьменнікі Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастарнак разам з наведвальнікамі фестывалю паспрабуюць напісаць сцэнарый, кіруючыся законамі матэматыкі і логікі. Супрацоўнікі Санкт-Пецярбургскай бібліятэкі для сляпых правядуць майстар-клас па вырабе тактыльных кніг. Яны раскажуць, як з гэтымі кнігамі працаваць падчас імпрэзаў для дзяцей з парушэннямі зроку. Таксама на фестываль завітае Тамара Ігнацьева з Масквы. Яна правядзе майстар-клас «Ад першай літары да першай кнігі» і распавядзе, як лёгка і проста навучыць дзяцей чытаць.

На дзіцячай пляцоўцы пройдзе ценявы інтэрактыўны спектакль па часопісе «Трамвай» 1990 года ад дзіцячай кнігарні «Абажурчык» з Віцебска. А «Экалабараторыя» правядзе інтэрактыўныя заняткі для самых маленькіх «Дзіўнае цела».

Уваход на ўсе мерапрыемствы фестывалю бясплатны.

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Кніжныя спектаклі і гульні

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.