Вы тут

Рэквізіт «Беларусьфільма» налічвае больш за 23 тысячы найменняў


Матэрыяльны свет у кіно — асобная гісторыя, прадмет выключнай увагі, вынік карпатлівай працы. Рэчы, што з'яўляюцца ў антуражы фільма, могуць выконваць свой прамы абавязак — сігналізаваць гледачу пра эпоху, краіну, густ ці дастатак герояў. Але часам яны становяцца не проста фонам кінападзей, а сімваламі, носьбітамі філасофскага/псіхалагічнага/канцэптуальнага сэнсу, паўнавартаснымі ўдзельнікамі гісторыі. Рэквізіт «Беларусьфільма», назапашаны за доўгія гады працы кінастудыі, можа прадставіць рэчы для любога карыстання — для сімвалаў і прадметаў-функцый для буйных планаў і бутафорыю для агульных, для адлюстравання сённяшняга часу і ранейшых гістарычных эпох.


Рэканструкцыя «Беларусьфільма» павінна скончыцца ў канцы года, і якраз у гэты момант рэквізіт, мэбля, абутак, адзенне — усё паступова перавозіцца ў новыя памяшканні. «Тут суха, цёпла і светла, — кажа загадчык склада Віталь Бараўкоў. — Нам не трэба шукаць патрэбнае па цёмных закутках, падстаўляць тазікі пад столь, якая цячэ. Новае памяшканне для захоўвання рэквізіту максімальна блізкае да ідэалу».

Аказалася, што да нядаўніх часоў склады знаходзіліся ў пабудовах з не вельмі добрымі ўмовамі, таму ў супрацоўнікаў цэха падрыхтоўкі здымак намячаецца вялікая будучыня — трэба сістэматызаваць рэквізіт, перавесці картатэку ў электронны выгляд, рассартаваць наяўныя рэчы на тое, што патрабуе рэстаўрацыі, тое, што можна перавесці ў разрад абломкаў, і тое, што можна проста пакласці на паліцу. Асаблівай увагі заслугоўвае рэстаўрацыя «пакалечаных» рэчаў, частка з якіх сапсавалася ад часу, а частка — ад неадпаведных умоў захоўвання.

Можна сказаць, усё, што трапляла ў кадры беларусьфільмаўскіх карцін, асела на складах кінастудыі. Нешта набывалася спецыяльна для фільмаў, нешта дарылася, але нічога ніколі не выкідалася. «Усё, што тут ёсць, можа быць выкарыстана здымачнай групай. Рэквізіт служыць рэквізітам да тых часоў, пакуль ён матэрыяльны: некаму патрэбны цэлы гадзіннік, а некаму — стары і нават паламаны, — расказвае Віталь. — Прастору пасля ядзернага выбуху таксама трэба неяк адлюстраваць».

Сапраўды, тут можна знайсці ўсё — пішучыя і швейныя машынкі знакамітых вытворцаў (Ундэрвуд, Карона, Central Bobbіn, Continental, Olympia), старадаўнія фотаапараты, шыльды, посуд, зброю, тэлефоны, гадзіннікі, тэлевізары, коўдры, палаткі, кнігі, мегафоны (не абавязкова, каб яны працавалі, бо гук накладваецца) і далей да бясконцасці.

У тэхніцы ёсць унікальныя экзэмпляры, напрыклад, створаны спецыяльна для фільма шпіёнскі камунікатар, якога ў рэальнасці не існуе. Захоўваюцца тут радыёпрыёмнікі розных часоў і ступені ўнікальнасці (VEF-Spidola, Telefunken), якія сёння сустрэнеш хіба што ў калекцыях.

Ёсць тэлефон без вяртушкі, што працуе толькі на ўваходны званок (яго бяруць для адлюстравання ваенных часоў), ці тэлефон з гербам СССР, які часта сустракаўся ў рабочых кабінетах тых часоў.

Асаблівай увагі і гонару заслугоўвае частка склада, дзе стаяць клавішныя інструменты — піяніна, фартэпіяна, фісгармоніі, раялі — экзэмпляры мінулага і пазамінулага стагоддзяў. Steіnway & Sons, Sturzwage, Carl Krumm, піяніна «Беларусь» першай паловы XX стагоддзя. Як гэта ўсё трапляла на кінастудыю — невядома, бо картатэка, на жаль, не дазваляе адсачыць паходжанне, але пахне ад інструментаў прыемнай старадаўнасцю і зацярушанай пылам гісторыяй.

Цяпер некаторыя з іх знаходзяцца ў дрэнным стане — над імі будуць працаваць спецыялісты па рэстаўрацыі. Такі супрацоўнік ёсць у штаце «Беларусьфільма», магчыма, для аднаўлення ўнікальных экзэмпляраў яму ў дапамогу запросяць іншых майстроў. Задача для рэстаўратараў спрашчаецца, таму што інструменты не трэба прымушаць гучаць (зноў жа, гук у кіно можна накласці).

А праца рэквізітараў і мастакоў-пастаноўшчыкаў аблягчаецца тым, што на здымачнай пляцоўцы можна выкарыстоўваць бутафорыю. На стэлажах ляжаць муляжы гранат, пісталетаў, аўтаматаў. «Мы разглядваем гэтыя прадметы зблізку і здзіўляемся, як глядач можа паверыць у іх адпаведнасць рэальнасці». Але ў асобных эпізодах вока не паспявае заўважыць падробку, а для буйных планаў, зразумела, выкарыстоўваецца рэальная зброя.

«Сапраўдную шыльду з надпісам «Райкам партыі» я не змог бы ўтрымаць у руках, а гэтая лёгкая. Сапраўдны снарад ці аўтамат даволі цяжкія, а акцёраў лепш не перагружаць». Драўляную стрэльбу, якую мы знайшлі тут жа, бяруць і на здымкі сучасных серыялаў. А вось сцэна з абяшкоджваннем міны будзе выглядаць натуральна — на паліцы ляжаць сапраўдныя міны, але, на шчасце, без начынкі.

Дзеравяшка, што маскіруецца пад гранату, зблізку можа здацца таўкачом для бульбы, але на экране, паверце, будзе выглядаць як трэба. Яшчэ адзін кавалак дрэва — гэта «маўзер», у кабуры. Віталь Бараўкоў кажа, для таго, каб глядач паверыў у яго натуральнасць, гэтага дастаткова. Бутафорыя прызначана для масавых сцэн, у той жа час у цэху падрыхтоўкі здымак ёсць піратэхнічны ўчастак з усімі відамі зброі. Ён ахоўваецца, туды мы паспрабуем зазірнуць дзеля асобнага матэрыялу.

На складзе захоўваецца шмат таблічак, паказальнікаў на нямецкай мове (для партызанфільмаў, вядома ж), аўтамабільных знакаў старога ўзору, знайшлі мы і мыліцу, з якой можна страляць — адмысловая кнопка, якую ў кадры глядач не заўважыць, зроблена хутчэй для акцёра.

Побач з музычнымі інструментамі мы ўбачылі скрыню з наклейкай, на якой угадваецца назва карціны «Не пакідай» 1989 года рэжысёра Леаніда Нячаева. Рэдкі водгалас.

На паліцах склада можна знайсці шырокі асартымент спіртных напояў, дакладней, бутэлек ад іх. «Калі мы выберам прыдатную бутэльку, можам наклеіць на яе якую заўгодна этыкетку. Стварыць праўдападобнасць таго, што ў ёмістасць наліта, нават больш складана». Адна бутэлька, відавочна, выкарыстоўвалася як падсвечнік. Калі ласка, рамантыку на здымачную пляцоўку.

А побач — галовы кабана і лася. «Гэта сапраўдны лось?» — «Ну, былы лось», — чуем у адказ.

Коўдры, ручнікі, абрусы, спортінвентар, пратэзы, вазкі для бязногіх, шаблі і арбалеты, іконы, музычныя інструменты і футаралы (часам музыкант у фільме ідзе з футаралам, а ўнутры нічога няма)...

Антыкварныя самавары, што таксама ёсць сярод рэквізіту, — вялікі галаўны боль для супрацоўнікаў, як і любая каштоўная з гістарычнага пункту гледжання рэч: здаралася, арандатары вярталі замест арыгінала нешта падобнае, а антыкварыят для кінастудыі губляўся.

Рэквізітам карыстаюцца не толькі здымачныя групы «Беларусьфільма», але і замежныя аўтары, што здымаюць тут кіно. Сёння з мэтамі эканоміі часцей выкарыстоўваюцца ўжо наяўныя рэчы. «Асноўную масу рэквізіту можна выкарыстоўваць паўторна, бо канкрэтныя рэчы характэрныя для пэўных часавых адрэзкаў і гістарычных падзей, што дазваляе эканоміць фінансы (гэта актуальна ва ўмовах крызісу). А закупляць ці ствараць нешта новае часцей патрабуюць тыя выпадкі, калі ў кадры прысутнічае альтэрнатыўная рэальнасць», — кажа Віталь.

У штаце кінастудыі ёсць спецыяльная пасада бутафора, якому, калі нешта новае ўсё ж такі прыдумана, заказваюць стварэнне экраннай ілюзіі. Так, для карціны Алены Туравай «Рыжык у Залюстроўі» было створана адмысловае вялікае люстэрка (пра мэблю гаворка пойдзе наступным разам).

«Да нас прыходзяць з гатовым спісам, нешта з яго мы ўжо маем, а для стварэння асобных рэчаў звяртаемся да бутафораў, рэквізітараў і мастакоў». Сродкамі таго, што ёсць на складах цэха падрыхтоўкі здымак, можна стварыць амаль любую эпоху. Вядома ж, бо на сённяшні момант картатэка налічвае 23 тысячы найменняў.

Больш за тое, з рэчаў, што знаходзяцца ў распараджэнні цэха падрыхтоўкі здымак, можна зрабіць музейную экспазіцыю. Для гэтага патрэбна рэстаўрацыя і вялікая даследчая праца, якая вызначыць каштоўнасць наяўных тут прадметаў.

І нарэшце, гэтай базай можна карыстацца, арандаваць рэквізіт, мэблю ці адзенне (вяртаючы антыкварыят), ствараць з дапамогай гэтага свой прадуманы антураж, што можа прыцягнуць на кінастудыю замежных вытворцаў і спраўдзіць мару пра кінафабрыку. Кінафабрыку «Беларусьфільм».

katsyalovіch@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Былы лось і фісгармонія

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».