Вы тут

Аб чым маўчаць і пра што распавядаюць надмагіллі ў цэнтры Мінска


Пер-Лашэз у Парыжы, Лычакі ў Львове, Росы ў Вільні — ніхто ўжо не сумняваецца, што могілкі могуць быць не толькі месцам пахавання, але і аб'ектам мастацтва і нават гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Можа, па пышнасці надмагілляў Вайсковыя могілкі ў Мінску і не дацягваюць да сусветных некропаляў, але ж сваіх таямніц у іх хапае. Напрыклад, яны могуць адкрыць невядомыя звесткі пра, здаецца, дашчэнту вывучаных класікаў і нават распавесці пра людзей і падзеі сусветнай гісторыі.


На цэнт­раль­най алеі.

Нацыянальны некропаль

У якасці асобнай экскурсіі ў скарбонцы Паўла Дзюсекава Вайсковыя могілкі ўзніклі, можна сказаць, неспадзявана. Гэты некропаль экскурсавод планаваў уключыць у склад іншага свайго маршруту. Але гісторыя яго настолькі багатая, што, па словах гіда, матэрыялу набралася больш чым на 300 старонак. Сонечнай веснавой раніцай пад «акампанемент» крумкачоў мы вырашылі прайсціся па некаторых з «аб'ектаў».

Вайсковыя могілкі заснавалі яшчэ ў 1840 годзе. З пачаткам руска-турэцкай вайны ў 1877 годзе ў горада з'яўляецца патрэба ў месцы для пахавання загінулых вайскоўцаў, і ім стаў менавіта гэты некропаль.

Другі лёсавызначальны паварот у гісторыі могілак адбыўся ў 1920-я гады. Тады маладая савецкая ўлада вырашыла стварыць тут нешта накшталт нацыянальнага некропаля, пазычыўшы ідэю польскага Вавеля, дзе захоўваюцца парэшткі манархаў і выбітных дзеячаў гісторыі — Міцкевіча, Касцюшкі, Пілсудскага... Але ж рабіць пахаванне ў замку ці, тым больш, у саборы для тых часоў было недапушчальна. Таму на мінскіх могілках узнікла досыць красамоўная цэнтральная алея.

Адным з першых на ёй можна заўважыць пахаванне Усевалада Ігнатоўскага, першага прэзідэнта Акадэміі навук, якога ў 1931 годзе знайшлі застрэленым у сваёй кватэры. Што менавіта здарылася? Пакуль што праўда нам невядомая, хоць афіцыйная версія — самагубства.

— Ну, добра, гарады могуць сваё месцазнаходжанне мяняць, але каб магілы па горадзе «хадзілі» — гэта вам не абы-хны! — заўважае Павел каля яшчэ аднаго пахавання на цэнтральнай алеі — магілы Івана Пуліхава.

Асоба легендарная: рэвалюцыянер, эсэр, што зрабіў замах на генерал-губернатара Курлова, кінуўшы гранату, якая не выбухнула. Пуліхава схапілі і пасадзілі ў Пішчалаўскі замак, дзе і павесілі паказальна 90 гадоў таму — у сакавіку 1906 года. Пахавалі тэрарыста таемна на Старажоўскіх могілках каля царквы Марыі Магдаліны. Пра месца пахавання рэвалюцыянера ведаў толькі вартаўнік могілак. Менавіта ён праз 20 гадоў паказаў яго паліткатаржанам, якія прыехалі ў Мінск са зменай улады. Яны ўзялі звычайныя металічныя кубкі і хадзілі з імі па горадзе, збіраючы грошы на помнік для магілы Пуліхава.

У сярэдзіне 1950-х Старажоўскія могілкі пачалі ліквідаваць, і адзіная магіла, якая была афіцыйна перанесена на Вайсковыя, была магіла Івана Пуліхава. Цяпер адна са сталічных вуліц, дзе калісьці адбываліся канспіратыўныя сходы эсэраў, носіць яго імя.

Недалёка можна знайсці пахаванне аднаго са стваральнікаў БССР Аляксандра Чарвякова, які, паводле афіцыйнай версіі — праз сямейныя праблемы, паводле неафіцыйнай — не вытрымаўшы рэзкай крытыкі, застрэліўся ў сваім кабінеце ў 1937 годзе.

Ма­гі­ла Усе­ва­ла­да Іг­на­тоў­ска­га.

Вечная радзіма для іншаземцаў

Многія з тых, хто ідзе ў царкву Аляксандра Неўскага, што стаіць на могілках, са здзіўленнем прыпыняюцца перад надмагіллем, надпіс на якім зроблены па-руску і па-англійску. Англійская мова тлумачыцца проста: тут спачывае маладая жанчына, удзельніца місіі ЮНРРА (якая дапамагала аднавіцца пацярпелым пасля Другой сусветнай вайны краінам) амерыканка Рут Уолер. Яна прыехала ў Мінск разам з мужам у 1946 годзе, іх пасялілі ў лошыцкай сядзібе. Аднойчы Рут убачыла, як некалькі хлопчыкаў паплылі па рацэ на плыце, але ён разваліўся ў вадзе і дзеці сталі тануць. Амерыканка кінулася іх ратаваць — і выратавала. Аднак неўзабаве пасля гэтага захварэла. У той час у Мінску яшчэ не было антыбіётыкаў, і жыццё 25-гадовай жанчыны выратаваць не ўдалося. Па злой іроніі лёсу ў 1947 годзе дзякуючы дапамозе ЮНРРА была пабудавана пеніцылінавая лінія на заводзе «Белмедпрэпараты». Рут пахавалі на Вайсковых могілках Мінска — відаць, не знайшлося магчымасці перавезці цела на радзіму. Каб ушанаваць памяць жанчыны, на яе магілу штогод прыходзяць амерыканскія дыпламаты і простыя грамадзяне. Дарэчы, муж Рут Уолер Тэадор жывы дагэтуль.

Але ўсё ж на могілках знаходзіцца больш пахаванняў выбітных суайчыннікаў, чым замежнікаў — навукоўцаў, пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў. Тут знаходзяцца магілы Янкі Купалы і Якуба Коласа з велічнымі помнікамі. Аднак у першую чаргу экскурсавод прапануе прайсці не да песняроў, а ў менш папулярны сярод наведвальнікаў «літаратурны куток» некропаля. Немагчыма не заўважыць помніка маладому Паўлюку Трусу — паэту, які ў 25 гадоў памёр ад тыфу. А побач спачывае класік беларускай літаратуры Кузьма Чорны. Тут пахаваны паэтэса Вера Лютава, аўтар тэксту гімна БССР Міхась Клімковіч, пляменніца Янкі Купалы Ніна Раманоўская... Можна знайсці і магілы іншых сваякоў Купалы, напрыклад, маці паэта Бянігны Іванаўны Луцэвіч.

Апроч амерыканкі Рут, спачывае на Вайсковых яшчэ адна замежніца — Эмілія Станкевіч, і мала хто ведае, што яна таксама мае сваяцкія сувязі з Янкам Купалам. Эмілія (народжаная Манэ, сваячка французскага мастака Клода Манэ) прыехала з Парыжа і пабралася шлюбам з лесніком Францам Станкевічам. У іх нарадзілася дачка Уладзіслава Станкевічанка — будучая жонка паэта.

А каля самай царквы стаіць мемарыял з надпісам на армянскай мове — помнік (хачкар) ахвярам Спітацкага землятрусу 1988 года ў Арменіі, які забраў жыцці больш як 25 тысяч чалавек. Сюды ж прыносяць вянкі ў памяць пра генацыд армян, які больш за 100 гадоў таму ўчыніла Асманская імперыя.

Што да самой царквы, яна была ўзведзена ў 1896 годзе і па сённяшні дзень захоўвае рэліквію. Палкі, што ваявалі ў Турцыі, пераносілі з сабой драўляную паходную каплічку, якая цяпер захоўваецца за алтаром, а разам з ёй і астанкі афіцэраў тых палкоў.

Хач­кар у па­мяць аб зем­ля­тру­се ў Ар­ме­ніі.

Загадкі вядомых магіл

Нарэшце мы падыходзім да, бадай, самай вядомай часткі некропаля, дзе стаяць велічныя помнікі Янку Купалу і Якубу Коласу.

— Купала памёр 28 чэрвеня 1942 года, а яго жонка ў 1960 годзе. Але яе тут пахавалі на два гады раней, чым паэта, — інтрыгуе экскурсавод.

Гісторыя адбылася такая. Калі Купала загінуў у гасцініцы «Масква», яго цела крэміравалі, і урну з прахам пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе вяртаць у Беларусь адмовіліся. Зрабілі гэта толькі ў 1962 годзе на 20-годдзе смерці паэта. Дарэчы, да гэтай пары матэрыялы пра смерць песняра захоўваюцца ў архівах ФСБ Расіі і не рассакрэчаныя.

Другі класік, Якуб Колас, пахаваны побач са сваёй жонкай Марыяй Дзмітрыеўнай. Яна перажыла вайну, але не яе наступствы, шмат хварэла і ў 1945 годзе памерла ў шпіталі. Помнік на яе магіле адзначаны надпісам, выкананым па почырку самога пісьменніка: «Лепшаму другу — Марусі. Якуб Колас». Вазу на помніку рабіў Заір Азгур. Але ёсць у гэтай магілы яшчэ адна таямніца. Гэта не проста пахаванне. Гэта склеп — памяшканне, у якім стаіць труна. Так, як калісьці хавалі шляхту, у 1945-м беларускі класік пахаваў сваю жонку. Гэта, мабыць, адзіны склеп савецкага часу на ўвесь Мінск, калі не на ўсю краіну.

Ад магіл класікаў спускаемся да выхаду ўздоўж пахаванняў салдат. І сярод іх узвышаецца абеліск з імёнамі некалькіх дзясяткаў людзей узростам ад 16 да 22 гадоў. Помнік — ці не адзіны напамін пра жудасную трагедыю, якая забрала жыцці маладых хлопцаў і дзяўчат падчас святкавання першага пераможнага Новага года.

Тады, у студзені 1946 года, некалькі соцень юнакоў і дзяўчат, у асноўным дзяцей чыноўнікаў, ваеннага і партыйнага начальства, запрасілі на ялінку. Яна праходзіла ў адным з будынкаў на плошчы Свабоды. Прычым баль ладзілі ў адной палове дома, а доступ у другую быў закрыты: там размяшчаўся НКУС і засядала камісія, якая займалася злачынствамі немцаў.

Пачалося святкаванне і акурат пасля слоў «Ёлачка, гары!» успыхнуў вялікі пажар, які стаў хутка распаўсюджвацца. Ёсць сведчанні, што салдаты адмовіліся адчыняць другую палову будынка, бо атрымалі загад ратаваць найперш архіў. Менавіта дакументы, а не людзей, пераносілі з палаючага будынка ў падагнаныя машыны. Ад безвыходнасці моладзь пачала проста скакаць у вокны — і разбівацца насмерць. Нехта задыхнуўся, нехта згарэў. Агулам пажар забраў больш за сотню маладых жыццяў. Версій гэтага здарэння шмат, але пакуль ніхто не ведае, што насамрэч адбылося падчас таго страшнага балю...

seradzyuk@zvіazda.by

Фота аўтара

Загаловак у газеце: У госці да спачылых

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».