Вы тут

Доўгажыхары з вёскі Макраны Маларыцкага раёна расказалі пра сваё жыццё


91-гадовая Акуліна і 95-гадовы Мікалай ТАМАШУКІ не толькі самыя сталыя жыхары сваёй вёскі, але і самыя паважаныя. Тут любы скажа, што Мікалай Іванавіч сапраўдны ветэран, з тых, хто вынес цяжар вайны на сваіх салдацкіх плячах. Ваяваў, быў цяжка паранены. Выцягнуты ледзь не з таго свету франтавымі медыкамі, ён ачуняў, вярнуўся дадому і дажыў да прапраўнукаў. Такі вось лёс у чалавека.


Акуліна Гаўрылаўна кліча ў хату, запрашае сесці і на прапанову расказаць пра сваё жыццё пачынае так: «Тут я нарадзілася і вырасла, тут замуж пайшла за такога вось старога», — з усмешкай паказвае на мужа. (Ясна, што бабулька жартуе і крыху какетнічае, бо ўверсе вісіць вялікі партрэт, на якім Акуліна і Мікалай маладыя і прыгожыя.) — Вайна была цяжкая, з вайны прыйшоў паранены, увесь парэзаны, шрамы і на жываце, і на спіне. Усё жыццё раны балелі. От як было»...

Мікалай Тамашук быў прызваны ў войска ў 1944 годзе. Іх часць з баямі вызваляла Польшчу. Каля аднаго з гарадоў на рацэ Вісле байца параніла. Першую аперацыю зрабілі ў медсанбаце. Кулю дасталі з печані, частку органа давялося выдаліць.

Дачка Марыя Мікалаеўна гаворыць:

— Часта думаю: гэта не ўрачы былі, а нейкія геніі ад медыцыны! Раненне ў брушную поласць, як вядома, самае цяжкае, мала каму ўдавалася пасля яго стаць на ногі, — працягвае дачка. — Потым у казанскім шпіталі салдат з Беларусі лячыўся яшчэ цэлы год. Калі радавы Тамашук ачуняў, накіравалі яго служыць у Амурскую вобласць. Пасля Перамогі выйшаў загад аб дэмабілізацыі. І хлопец з-пад Маларыты цераз усю вялікую краіну вяртаўся дадому. Цяпер ён успамінае, што гэта было самае вялікае шчасце вярнуцца ў родны дом жывым. Яго малодшы брат Фёдар з вайны не вярнуўся, дайшоў амаль да Берліна і загінуў на чужыне.

У 1951 годзе Мікалай ажаніўся з вясковай прыгажуняй Акулінай. Праз тры гады ў іх з'явілася дачка, а яшчэ праз сем — сын Уладзімір. Муж і жонка працавалі ў калгасе, будавалі сваю хату. Паводле слоў дачкі, маці даводзілася многа чаго рабіць самой па гаспадарцы, бо ў бацькі заўсёды было слабое здароўе. І ў калгасе яго стараліся не накіроўваць на той участак, дзе патрэбная была сіла. Доўгі час працаваў прыцэпшчыкам пры трактарах. Была раней і такая работа.

— Цяпер ідзе вялікі трактар і 12 плугоў цягне, — гаворыць Акуліна Гаўрылаўна, — арэ роўненька, прыгожа, і трактарыст у кабіне чысты сядзіць. А раней адзін плуг да трактара чаплялі, а работа ў трактарыста была цяжкая: пыл, бруд, летам спёка, як вытрываць. От як было (дадае яна сваё любімае выслоўе).

Але франтавік працаваў па меры сіл на калгаснай вытворчасці, ніколі без работы не сядзеў. Затое жонка яго заўсёды была ў перадавіках сярод паляводаў, вялікія дзялкі буракоў палола, лён даглядала, работы ў полі заўсёды шмат. І яшчэ адзін момант згадала былая калгасніца. Паводле яе слоў, як калгасы арганізавалі, многа аказалася незадаволеных новай формай гаспадарання. Яно і зразумела, па першым часе за працу ад ранку да цямна плацілі капейкі. Дык асобныя нібы знарок працавалі абы як, маўляў няхай хоць зарасце, хоць прападзе. Яна кажа, што так не магла, калі ўжо бралася за работу, рабіла яе як след.

Хоць усяго бывала падчас іх работы ў калгасе. Адойчы ледзь не засталіся без каровы — асноўнай карміцелькі. Выйшла неяк дырэктыва: кожнаму калгасніку нарыхтаваць двайную норму сена. Адна частка заставалася для сваёй гаспадаркі, другую належала аддаць у калгасную клуню. А Мікалай Тамашук у тое лета пачуваў сябе зусім не важна. Ледзь для сваёй кароўкі насенавалі. Прыехаў да іх нейкі ўпаўнаважаны і сказаў, што сваё давядзецца аддаць калгасу. На заўвагі гаспадыні, што муж усё здароўе страціў на фронце, абараняючы Радзіму, той чалавек папрасіў паказаць дакументы. Тады яны і спахапіліся. Даведку, з якой і прыйшоў радавы Тамашук з вайны, недзе проста згубілі, калі ўзводзілі хату альбо пераязджалі. Упаўнаважанага сяк-так угаварылі, ды страху нацярпеліся.

Але, як кажуць, не бывае ліха без дабра. Задумаліся тады, ды і людзі раілі нейкім чынам аднаўляць дакументы. Да таго ж, іншыя ветэраны пачалі атрымліваць грашовую дапамогу, а Мікалая ў спісах не было.

Паехала Акуліна Гаўрылаўна спачатку ў Маларыту, затым у Брэст. Пахадзіла па розных установах, папытала парады ў службовых асоб. Накіравалі яе ў абласны ваенкамат. Менавіта ваенкам паслаў запыты ў архівы. Неўзабаве з Казані, з іншых вайсковых часцей прыйшлі адказы, і аднавілі Мікалаю Тамашуку заслужаны статус ветэрана. Яму сталі плаціць дапамогу, а ў калгасе ўжо на цалкам законнай падставе знаходзілі лягчэйшую работу.

У Макранах дзеда Мікалая ўсе ведаюць як чалавека добразычлівага, памяркоўнага і паслухмянага. Рабіць рукамі шмат чаго ўмеў заўсёды. Суседзі да яго ішлі, каму граблі змайстраваць, каму сякеру, іншаму чаравікі зашыць, конскую збрую паправіць. Ну і цяпер любіць пакорпацца ў сваім хлеўчуку, нешта прыладзіць, прымацаваць.

Старшыня сельскага Савета Барыс Самасюк расказаў, што крыху раней, калі Мікалай Іванавіч быў трохі здаравейшы, надта любіў пачаставаць, прывеціць вясковых дзядоў. З пенсіі пад Дзень Перамогі, на Вялікдзень ці яшчэ якое свята купіць бутэлечку віна, пасядзяць у альтанцы, пагавораць. Сам ветэран не курыць, а цыгарэты ў сябе трымае на той выпадак, калі хто зойдзе з аматараў закурыць.

Жывуць у сваёй хаце Тамашукі ўдваіх. Ад сацыяльнага работніка адмовіліся. Дровы, ваду прынясуць самі і печку напаляць. Усё астатняе па іх гаспадарцы робяць дзеці.

Марыя прыязджае кожны тыдзень, а то і часцей. Прыбірае хату, мые бялізну, гатуе. «А па хлеб у краму дзед сам ходзіць, я ўжо не зайду, ногі баляць — устаўляе слоўка гаспадыня. — А ён хоць два разы адпачне за дарогу, але памалу зойдзе. І яму весялей».

Марыя Мікалаеўна, згадваючы дзяцінства, кажа, што ў сям'і заўсёды было прынята дапамагаць адно аднаму. Ведалі, што бацька не можа нароўні з іншымі мужчынамі цягнуць усю гаспадарку, і гэта выхоўвала ў дзяцей разуменне, імкненне нешта зрабіць самім. Напрыклад, яна падлеткам адно лета пасвіла калгасных кароў. Нават не лета, цэлы сезон, часткай школьных заняткаў давялося ахвяраваць. За гэта калгас выдзеліў сям'і будаўнічыя матэрыялы, з іх зрабілі дах для новага хлява.

«Сёлета будзе 65 гадоў, як Мікалай і Акуліна разам. Можна сказаць, што пражылі ў згодзе і разуменні, — разважае дачка. — Тады ў асяродку вясковых людзей не гаварылі пра каханне, цяпер у іх узросце — і пагатоў.

Але гляджу на іх і любуюся, як адно аднаго падтрымліваюць, шкадуюць.

Бывае, прывязу што смачненькае, мама ж першая сустракае, з ёй сумку распакоўваем. Пастаўлю перад ёю смакату: мама, частуйся. А яна не дакранецца: «Няхай ён спачатку з'есць». Так і жывуць».

Акуліна Гаўрылаўна за час гаворкі некалькі разоў уздыхала, што найпепш жыць, калі малады, як пастарэў, то ўжо ўсё нецікава. Потым, праўда, згаджалася, што ў іх узросце заставацца пры памяці, на сваіх нагах, таксама азначае вялікую ласку Божую. Даў ім лёс вялікае багацце: дваіх дзяцей, чацвёра ўнукаў, пяцёра праўнукаў, ужо і прапраўнучка малая падрастае. Усе ўнукі-праўнукі выраслі добрымі, працавітымі людзьмі. Сваімі нашчадкамі Тамашукі могуць ганарыцца. А калі на 65-годдзе іх вяселля ўсе збяруцца ў Макранах, колькі радасці будзе!

Фота аўтара

Маларыцкі раён

Загаловак у газеце: «От як было»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».