Вы тут

Утрымаць мір


Самай вялікай драмай мінулага тыдня стала найбольш сур'ёзнае абвастрэнне становішча за апошнія дваццаць гадоў у раёне Нагорнага Карабаха.

Канфлікт паміж Арменіяй і Азербайджанам, які афіцыйна лічыўся замарожаным, насамрэч заўсёды патроху тлеў, але менавіта ў апошнія месяцы пачала назірацца нядобрая тэндэнцыя ўсё большай колькасці сутычак з ахвярамі сярод узброеных праціўнікаў на лініі супрацьстаяння і мірнага насельніцтва. У ноч на другое красавіка адбылася рэзкая эскалацыя канфлікту — абодва бакі заявілі пра буйное сутыкненне, падчас якога праціўнік панёс вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы.

Вядома, рэзкае абвастрэнне сітуацыі ў Закаўказскім рэгіёне — у любым выпадку дрэнныя навіны. Але іх пагаршае сур'ёзнае абвастрэнне адносін паміж Расіяй і Турцыяй. Масква афіцыйна лічыцца галоўным апекуном у канфлікце наконт Нагорнага Карабаха Арменіі, а Анкара — Азербайджана. Супрацьстаянне Расіі і Турцыі ў сувязі са збітым у Сірыі расійскім бамбардзіроўшчыкам непазбежна адбілася і на ажыўленні прыхільнікаў аднаўлення канфлікту за Нагорны Карабах у абедзвюх каўказскіх дзяржавах.

Пазіцыя беларускай дзяржавы гранічна простая. З Азербайджанам і Арменіяй выстраены трывалыя сяброўскія адносіны, і аднаўленне канфлікту недапушчальнае. Ужо 2 красавіка па даручэнні Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі была пачата работа па ўсіх дыпламатычных каналах. Прэзідэнт Беларусі асабіста перагаварыў з Прэзідэнтамі Арменіі і Азербайджана, міністр замежных спраў нашай краіны абмеркаваў сітуацыю з міністрамі замежных спраў дзяржаў, якія канфліктуюць. Абедзве дзяржавы былі закліканы да дыялогу.

З 31 сакавіка па 1 красавіка ў Вашынгтоне праходзіў саміт па ядзернай бяспецы. Сур'ёзнай праблемай для дасягнення большай эфектыўнасці ў правядзенні саміту была адсутнасць Расіі. Масква адмовілася ўдзельнічаць у мерапрыемстве ў знак пратэсту супраць выкарыстання ў дачыненні да Расіі шматлікіх санкцый з боку заходняга свету. Гэта сігнал і ў бок дзейнага Прэзідэнта ЗША Барака Абамы, паколькі саміт з'яўляецца яго любімым стварэннем. Як адзначылі на саміце, пагроза ядзернага тэрарызму расце, і далёка не ўсе неабходныя крокі зроблены, каб у тэрарыстаў не было магчымасці атрымаць доступу да матэрыялаў, пры дапамозе якіх яны могуць зрабіць атамную або «брудную» бомбу.

У Беларусі 29 сакавіка адбылася нарада з нагоды ўступлення Беларусі ў СГА. Як вядома, ёсць розныя довады як на карысць уступлення нашай краіны ў гэтую арганізацыю, так і супраць.

Сярод асноўных аргументаў праціўнікаў — урокі Кыргызстана і Арменіі. Гэтыя краіны ўступілі ў СГА аднымі з першых на постсавецкай прасторы, але пахваліцца эканамічным росквітам не могуць. У той жа час у Беларусі не застаецца вялікага выбару — усе астатнія партнёры нашай краіны па ЕАЭС ужо сталі членамі СГА. Таму было прынята рашэнне інтэнсіфікаваць працэс уваходжання. Прынамсі, пасля ўступлення ў СГА Беларусь зможа выкарыстоўваць Суд СГА для адстойвання сваіх законных інтарэсаў пры гандлёвых канфліктах з іншымі краінамі — удзельніцамі арганізацыі.

У канцы сакавіка ў Беларусь прыбыла амерыканская дэлегацыя на чале з намеснікам памочніка міністра абароны Злучаных Штатаў Амерыкі Майклам Карпентэрам.

Падчас сустрэчы з кіраўніком дэлегацыі Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што без Злучаных Штатаў збалансаваць сітуацыю з Украінай немагчыма. Таксама Прэзідэнт Беларусі выказаў шкадаванне ў сувязі з занадта вялікай палітызацыяй адносін Беларусі з Захадам і прапанаваў звярнуць увагу і на іншыя сферы супрацоўніцтва, у тым ліку на эканоміку.

2 красавіка Беларусь і Расія адзначалі знамянальную дату — 20 гадоў утварэння Саюзнай дзяржавы.

Вядома, створаная 2 красавіка 1996 года супольнасць Беларусі і Расіі неаднаразова трансфармавалася, асабліва актыўна ў канцы 1990-х гадоў, але, тым не менш, рашэнне аб яе заснаванні стала пачаткам паўнавартаснага працэсу інтэграцыі дзвюх дзяржаў. Праз дваццаць гадоў можна адзначыць галоўныя дасягненні саюзнай інтэграцыі. Яна дазволіла ажывіць гандлёва-эканамічныя і інвестыцыйныя сувязі нашых дзяржаў, што было асабліва важна для аднаўлення абедзвюх эканомік пасля краху СССР. Сур'ёзныя крокі зроблены ў сферы роўнасці правоў грамадзян дзяржаў, якія інтэгруюцца, — вялікая колькасць грамадзян Расіі і Беларусі працуюць і вучацца на ўсёй тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Аднымі з самых важных з'яўляюцца крокі па забеспячэнні бяспекі ў ваеннай сферы — у рамках пагадненняў па інтэграцыі Расійская Федэрацыя абавязваецца абараняць Рэспубліку Беларусь ад любога агрэсара.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».