Вы тут

Мы нікому не пагражаем, але будзем адстойваць свае інтарэсы


Першае пасяджэнне дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў пачалося з разгляду новай рэдакцыі Ваеннай дактрыны. Як адзначыў у сваім выступленні міністр абароны Андрэй Раўкоў, асаблівы акцэнт зроблены на негатыўных тэндэнцыях, звязаных з распрацоўкай канцэпцыі каляровых рэвалюцый і механізмаў па змене канстытуцыйнага ладу, а таксама з парушэннем тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў, правакаваннем унутраных узброеных канфліктаў. Ваенная дактрына, што дзейнічала з 2002 года, была кардынальна перагледжана — цяпер гэта новы дакумент.


Па словах міністра абароны, прадухіліць ваенны канфлікт можна толькі комплексным прымяненнем палітычных, эканамічных, інфармацыйных, навукова-тэхналагічных, сацыяльных і ваенных мер.

— У законапраекце сфармуляваны шэраг асноўных вонкавых і ўнутраных ваенных небяспек для нашай дзяржавы, — паведаміў Андрэй Раўкоў.

Ваенная дактрына, нягледзячы на тое, што была глыбока перапрацавана, захавала абарончую скіраванасць.

— Мы нікога не разглядаем у якасці свайго патэнцыяльнага праціўніка, нікому не пагражаем, але свае інтарэсы адстойваць будзем усімі спосабамі, — падкрэсліў міністр.

На пытанне дэпутата ад Слонімскай выбарчай акругі №58 Алы Сопікавай, ці не стане прыняцце новай рэдакцыі ваеннай дактрыны прычынай з'яўлення новай жалезнай заслоны на нашай мяжы, міністр абароны адказаў адмоўна.

— Мы выступаем за тое, каб адкрытасць нашых дзеянняў у сферы абароны краіны была максімальная, — заявіў дакладчык, — каб усе спрэчныя пытанні вырашаліся мірным шляхам — праз мірныя перагаворы, дзеянні дыпламатаў. Мы паважаем суверэнітэт і незалежнасць усіх дзяржаў, пакуль гэта не становіцца ўпоперак тым інтарэсам, якія мы маем у плане бяспекі нашай дзяржавы. Мы нікога — з суседніх дзяржаў, з усяго свету — не разглядаем у якасці праціўніка. Да той пары, пакуль існуе неагрэсіўная палітыка ў дачыненні да нашай рэспублікі.

Супрацьстаяць экстрэмізму

Валерый Вакульчык, старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі, прадставіў законапраект «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь», які быў прыняты дэпутатамі адразу ў першым і другім чытаннях.

— Асноўная мэта праекта закона — зніжэнне ўзроўню рызык і пагроз у галіне процідзеяння экстрэмізму, — паведаміў старшыня КДБ.

Прапануецца дапоўніць заканадаўства шэрагам нормаў па трох кірунках: процідзеянне экстрэмісцкім фарміраванням; прадухіленне ўдзелу беларускіх грамадзян ва ўзброеных канфліктах за мяжой; недапушчэнне выкарыстання так званых кактэйляў Молатава.

— На сёння ў Беларусі сфарміравана эфектыўная прававая база па процідзеянні крайняй форме экстрэмізма — тэрарызму. Але наш крымінальны закон не ўтрымлівае ні адной нормы, якая прадугледжвае адказнасць за экстрэмізм. Гэта паняцце ў дзеючым Крымінальным кодэксе проста адсутнічае, — праінфармаваў Валерый Вакульчык.

Старшыня КДБ таксама заявіў, што ўдзел грамадзян Беларусі ў баявых дзеяннях за мяжой — гэта шкода нацыянальным інтарэсам. Па Гаагскай канвенцыі 1907 года дзяржава страчвае статус нейтральнай, калі хто-небудзь з яе грамадзян добраахвотна ўступае ў войска аднаго з бакоў, якія ваююць.

— У сувязі з гэтым удзел грамадзян Беларусі ў баявых дзеяннях на тэрыторыі іншых дзяржаў стварае пагрозу ўключэння рэспублікі ва ўзброеныя канфлікты, — канстатаваў Валерый Вакульчык. — Падобныя сітуацыі негатыўна адбіваюцца і на міжнародным іміджы нашай краіны.

Пакуль Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае адказнасць толькі для наёмнікаў. Гэта значыць, сёння нельга прыцягнуць тых, хто ваюе за мяжой па ідэйных меркаваннях або чыю матэрыяльную зацікаўленасць ва ўдзеле ў баявых дзеяннях даказаць немагчыма. З гэтай прычыны Крымінальны кодэкс плануецца дапоўніць шэрагам артыкулаў, якія дазволяць прыцягваць да адказнасці за ўдзел ва ўзброеных канфліктах у іншых краінах нават пры адсутнасці прыкмет наёмніцтва.

Прадугледжваецца і пакаранне за вярбоўку і падрыхтоўку грамадзян, фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці.

yushkevich@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Як сучасныя палешукі рыхтуюцца да свята Уваскрэсення Хрыстовага

Аўтар «Звязды» расказвае на прыкладзе сваёй сям'і.

Культура

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

ЗЕНА: Ад сцэны не стамляюся!

Графік у артысткі вельмі насычаны.

Грамадства

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Звыклыя выключнасці. Ці можна зразумець «лічбавае племя»?

Даследаванне «Пакаленне «Z» у пытаннях і адказах» было прадстаўлена падчас навуковага стэндапа, арганізаванага для навучэнцаў профільных педагагічных класаў у БДПУ.

Грамадства

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Ежа ці сімвал? Самы час зацікавіцца роспісам яек

Карэспандэнт «Звязды» схадзіла на майстар-клас па стварэнні «пісанак».