Вы тут

Важна прадоўжыць нармалізацыю стасункаў Беларусі з ЕС


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць важным прадоўжыць лінію на поўную нармалізацыю адносін і паглыбленне супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам з улікам нацыянальных інтарэсаў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе па пытаннях беларуска-еўрапейскіх адносін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.


«Важна прадоўжыць лінію на поўную нармалізацыю адносін і паглыбленне супрацоўніцтва з ЕС у кантэксце нашых нацыянальных інтарэсаў. Размова ідзе аб умацаванні дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці, бяспекі і стабільнасці Беларусі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што апошнім часам назіраецца пазітыўная дынаміка ў развіцці адносін паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю, узровень і інтэнсіўнасць кантактаў узраслі, агульная атмасфера таксама палепшылася. «Прынятае ў лютым 2016 года рашэнне Еўрасаюза аб адмене большасці санкцый адносна Беларусі адкрывае новыя магчымасці для развіцця нашага ўзаемадзеяння з Еўрасаюзам. Гэты крок выразна сведчыць аб гатоўнасці ЕС і яго краін-членаў да актывізацыі прагматычнага супрацоўніцтва з Беларуссю, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэта нас абсалютна задавальняе. Я ўжо гаварыў, сустракаючыся з прадстаўнікамі Злучаных Штатаў, што палітызаванасць (тым больш празмерная) тых працэсаў, якія не павінны быць палітызаваны, нам абсалютна не патрэбна. Нам патрэбна прагматычнасць адносін».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што для Беларусі непрымальна, каб партнёры ў ЕС або ЗША ставілі яе перад выбарам, развіваць адносіны з Захадам ці Расіяй. «Нам такі перагаворны крытэрый не падыходзіць. Гэта самае горшае, што можа быць пастаўлена перад намі», — заявіў Прэзідэнт.

«Думаю, у Еўропе сёння цудоўна разумеюць гэта, і, прынамсі, на перагаворах са мной ні адзін з прадстаўнікоў ЗША або Заходняй Еўропы не паставілі такім чынам пытанне. Нарэшце ўсе зразумелі, што Беларусь з той шматвектарнай палітыкай, якую яна праводзіла ў апошнія гады, якраз і патрэбна Еўрапейскаму саюзу, — лічыць беларускі лідар. — Лёс наш такі: мы апынуліся паміж двума цэнтрамі сілы і ад гэтага нікуды не дзецца. Ігнараваць мы не можам ні адзін, ні другі. Але рускія — нашы браты, падабаецца камусьці ці не, і нашы адносіны павінны быць з імі адпаведнымі».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для развіцця адносін Беларусі з ЕС на аснове прагматызму ёсць шмат магчымасцяў, у тым ліку перадавыя тэхналогіі і больш танныя фінансавыя рэсурсы. «З іншага боку — вялізны расійскі, еўразійскі рынак. Далей — Кітайская Народная Рэспубліка. Значыць, і там нашы інтарэсы. З гэтага трэба зыходзіць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў адносінах паміж Беларуссю і ЕС існуе шэраг так званых нявырашаных праблем. «Іх, вядома, трэба вырашаць», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, неабходна прааналізаваць тыя магчымасці, якія адкрываюцца перад Беларуссю, і вызначыць, па якіх найбольш выгадных напрамках рухацца наперад. «Перш за ўсё гэта датычыцца гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, фінансавай сфер. А таксама арганізацыі сумеснага процідзеяння трансгранічным пагрозам», — дадаў беларускі лідар.

На працягу апошніх гадоў Беларусь таксама вядзе перагаворы з Еўрапейскім саюзам аб заключэнні шэрагу пагадненняў. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, на якой стадыі знаходзіцца перагаворны працэс па праектах аб спрашчэнні візавых працэдур і рэадмісіі. «Каб канчаткова вызначыцца па пытанні аб партнёрстве ў сферы мабільнасці з Еўрасаюзам, трэба ўдакладніць, якія перавагі атрымае ад гэтага Беларусь. Акрамя таго, мэтазгодна абмеркаваць агульныя падыходы да далейшай лібералізацыі візавага рэжыму», — лічыць Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што чакае ад удзельнікаў нарады канкрэтных прапаноў па актывізацыі работы з Еўрапейскім саюзам у цэлым і па абазначаных напрамках у прыватнасці.

Загаловак у газеце: Прагматычнасць адносін

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».