25 Верасень, аўторак

Вы тут

Як дапамагаюць пацярпелым ад Чарнобылю раёнам


Летась у Магілёўскай вобласці была зацверджана праграма, якая павінна даць дадатковы імпульс развіццю эканамічнага патэнцыялу сямі раёнаў вобласці — Крычаўскага, Клімавіцкага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага і Хоцімскага. Указам №235 для гэтага прадугледжаны сур'ёзныя льготы і прэферэнцыі, вельмі прывабныя для бізнесу і цікавыя для насельніцтва. Праграма будзе спрыяць стварэнню новых працоўных месцаў, будаўніцтву жылля — росквіту, адным словам. Стаўка робіцца на тое, што ў раёны прыйдзе бізнес, а мясцовыя жыхары змогуць рэалізаваць свае найбольш перспектыўныя ініцыятывы. У рамках праекта «Паўднёвы ўсход» «Звязда» працягвае расказваць, як выкарыстоўваюцца льготы, якія дае ўказ, наколькі яны цікавыя прадпрымальным людзям. Першы наш выпуск быў прысвечаны Чэрыкаўскаму раёну. Цяпер прапаноўваем здзейсніць віртуальнае падарожжа ў Слаўгарадскі раён, найбольш пацярпелы ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.


Для хут­кай па­праў­кі ма­лень­ка­га Да­ві­да  ў ра­ён­най баль­ні­цы ство­ра­ны ўсе ўмо­вы.

Цуд і сімвал адраджэння

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС звыш 30% зямель Слаўгарадскага раёна было выведзена з абароту, знікла 25 населеных пунктаў, 17 з іх пахавана. Але гэты край усё роўна вабіць турыстаў. Перш за ўсё дзякуючы Блакітнай крыніцы, да якой летам прыязджаюць тысячы паломнікаў. Падчас вялікага праваслаўнага свята ў гонар Крыжа Гасподняга і сямі пакутнікаў Макавеяў 14 жніўня тут за адзін дзень бывае да 50 тысяч чалавек. Людзі не перастаюць верыць у гаючую моц жывой вады.

— Для нас крыніца з'яўляецца тым самым цудам, той жыватворнай сілай, якая дапаможа ў далейшым развіццю раёна, — упэўнена Святлана Язерская, намеснік старшыні Слаўгарадскага райвыканкама. — Найперш папулярнасць Блакітнай крыніцы падштурхнула нас да развіцця турызму ў раёне. За апошнія некалькі гадоў тут рэалізавана шэсць праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, тры з якіх па лініі Глабальнага экалагічнага фонду. У рамках першага створаны цэнтр экалогіі крынічнай вады. На яго базе збіраемся зрабіць заказнік рэспубліканскага значэння агульнай плошчай ад 16 да 20 тысяч га.

Вельмі паспрыяе развіццю праекта будаўніцтва моста, якое тут плануецца распачаць восенню. Тыя населеныя пункты, якія захаваліся ў Засожжы і доўгі час лічыліся неперспектыўнымі, атрымаюць другі шанц на жыццё. На тэрыторыі заказніка збіраюцца стварыць эколага-турыстычны комплекс, які будзе дзяліць мясцовасць на зоны — паломніцтва, экалагічнага турызму, адпачынку.

— Мы не ўтойваем, што нам сёння вельмі патрэбна дапамога: і чарнобыльскай праграмы, і міжнародных фондаў, — кажа Святлана Язерская. — Наперадзе шмат працы, але вядомы напрамак, па якім будзем рухацца. Любы турыст павінен нешта пабачыць, дзесьці адпачыць і паесці. Да нас звяртаюцца інвестары з прапановай развіваць грамадскае харчаванне, стварыць базу для кавярняў, рэстаранаў. Цікавасць праяўляюць сур'ёзныя маскоўскія інвестары. Зараз мы рэалізуем праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Ад вытокаў да развіцця», падтрыманы еўрапейскай камісіяй. Ён таксама накіраваны на развіццё турызму. Сумесна з раённым грамадскім саветам па турызме, мясцовым фондам «Адраджэнне-Агра» праводзім конкурсы малых раённых ініцыятыў. Падтрымана больш за 15 ініцыятыў у сферы турызму — юрыдычныя асобы і аграсядзібы атрымалі стартавы капітал ад 1 да 8 тысяч еўра — усяго на агульную суму 37 тысяч еўра.

Храм-пом­нік у го­нар свя­тых Пят­ра і Паў­ла  ў аг­ра­га­рад­ку Ляс­ная.

Пад ляжачы камень вада не цячэ

Прыказка стала стымулам для жыцця раёна. Тут не сядзяць склаўшы рукі ў чаканні інвестара, але і самі робяць нешта, каб прыцягнуць грошы. На Магілёўшчыне наўрад ці знойдзецца раён, які ўвасобіў у жыццё столькі розных праектаў пад гранты міжнародных арганізацый.

— За 8 гадоў мясцовым фондам развіцця сельскіх тэрыторый «Адраджэнне-Агра» рэалізавана 17 праектаў на агульную суму 700 тысяч еўра, — кажа яго дырэктар Віталь Варабей. — Аказана садзейнічанне ў прыцягненні 7 праектаў на 100 тысяч еўра. Галоўныя мэты нашага фонду — аказанне матэрыяльнай дапамогі, павышэнне матывацыі і ініцыятыўнасці ў людзей.

Міжнародная дапамога накіравана на падтрымку фермерскіх і асабістых падсобных гаспадарак, экалагічных праектаў і развіццё турызму. Людзі набывалі трусоў, кароў, свіней, насенне бульбы, цыбулі, шмат чаго іншага з надзеяй займацца справай пастаянна. Нехта пакінуў дыстанцыю, але частка засталася. У раёне паспяхова працуюць 15 сыравараў, некалькі фермерскіх і асабістых падсобных гаспадарак. А галоўнае, людзі навучыліся шукаць грошы пад рэалізацыю сваіх ідэй.

Дзякуючы дапамозе італьянскіх валанцёраў пазалетась адбылася рэканструкцыя педыятрычнага аддзялення мясцовай бальніцы. Летась тут было ўжо пралечана 532 дзіцяці.

Утульныя палаты, зручная мэбля, сучаснае абсталяванне — не верыцца, што некалькі гадоў таму гэтае аддзяленне зусім не працавала. Каб рэанімаваць яго, італьянскі фонд «Дапаможам ім жыць» выдаткаваў 2 мільярды рублёў, яшчэ 300 мільёнаў уклаў у аб'ект Слаўгарадскі райвыканкам. У аддзяленні 12 ложкаў, ёсць палаты сумеснага знаходжання з бацькамі. Маленькі Давід з аграгарадка Лясная прастыў і цяпер папраўляе тут здароўе, справа ідзе хутчэй і таму, што побач маці. Яна таксама радуецца, што не трэба хвалявацца за сына. «А ўмовы ў аддзяленні сапраўды цудоўныя», — кажа яна. Асаблівы гонар медыкаў — сучасная малочная кухня, разлічаная на кармленне дзяцей да года. Прычым не па гадзінах, а па патрабаванні немаўляці. «Гэта найбольш прагрэсіўны падыход», — падкрэслівае намеснік галоўнага ўрача Уладзімір Маркаў.

У бальніцы між тым рэалізуецца новы праект — рамонт дзіцячай кансультацыі на тых жа ўмовах.

Новы прыгожы трохпавярховы корпус школы №1 і рэканструкцыя двух астатніх — вынік дзеяння чарнобыльскай праграмы. У школе вучыцца 697 чалавек. Тут яшчэ пахне свежай фарбай. На месцы былога харчблока і сталовай цяпер бібліятэка. На палічках падручнікі, вучэбная і мастацкая літаратура. У 2015 годзе ўстанову наведаў епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній, падарыў шмат кніг на духоўную тэматыку. У школе існуе факультатыўная група па духоўна-маральным выхаванні.

А яшчэ тут робіцца акцэнт на беражлівасць і эканомію. У школе працуе адукацыйны цэнтр па энерга- і рэсурсазберажэнні «Экаслаў», створаны ў 2014 годзе ў рамках праекта «Пляцоўка другаснай сыравіны, новы погляд на адносіны да праблемы». Гэта адзін з тых грантаў, якія былі атрыманы падчас рэалізацыі праекта ГЭФ.

— На гэтыя грошы было набыта неабходнае абсталяванне, энергакалькулятары, адукацыйныя прэзентацыі. З яго дапамогай мы вучым экалагічнаму выкарыстанню прыродных рэсурсаў не толькі дзяцей, але і дарослых, — кажа дырэктар установы Ігар Кавалёў. — Плануем на базе цэнтра стварыць экалагічны кабінет, дзе людзі змогуць на справе паглядзець, як гэта эканомія адбіваецца на прыродзе. Акрамя гэтага, удзельнічаем у новым праекце, у рамках якога на базе нашай установы рэалізуецца тры «школы» — дробнага прадпрымальніцтва, ініцыятыўнасці і камп'ютарнай асветы. Вучым насельніцтва рэалізоўваць свае ідэі.

Ды­рэк­тар слаў­га­рад­скай шко­лы №1 Ігар Ка­ва­лёў лю­бо­га на­ву­чыць, як эка­но­міць.

Жыць. Насуперак усім сумненням

— Новыя альтанкі на Блакітнай крыніцы бачылі? Наша работа, — усміхаецца Алег Леўшын, заснавальнік прыватнага прадпрыемства «Кронатэксбел», які працуе на месцы былога завода жалезабетонных вырабаў. Дарэчы, альтанкі — гэта прыклад дабрачыннасці. Асноўны напрамак працы прадпрыемства, якое функцыянуе ў раёне з лістапада 2011 года, выраб абразных піламатэрыялаў. 95% прадукцыі ідзе на экспарт у такія краіны, як Бельгія, Венгрыя, Польшча, Літва. «Кронатэксбел» лічыцца найлепшым экспарцёрам раёна. Алег Леўшын ўзгадвае, што пачынаў з 5 працоўных месцаў, зараз іх болей за 50. Два новыя створаны ўжо сёлета. Алег родам са Слаўгарада, цяпер жыве ў Мінску, але бізнес вырашыў рабіць на роднай зямлі. Прычым дырэктарам фірмы назначыў дачку Кацярыну, яна кіруе слаўгарадскім прадпрыемствам.

— Калі жадаеш дапамагчы свайму дзіцяці, навучы яго працаваць, — усміхаецца ён. — Я думаю, яна потым будзе дзякаваць за гэта. Што далі не рыбку, а вуду, каб яна сама магла лавіць.

Скептыкі не верылі, што ў раёне, які пацярпеў ад аварыі, можа развівацца жыццё. Слаўгарад жыве насуперак гэтым сумненням.

— Мы пацярпелі, але за 30 паслячарнобыльскіх гадоў колькасць жыхароў непасрэдна ў Слаўгарадзе не паменшылася, — кажа Святлана Язерская. — Летась у нас упершыню нарадзілася людзей больш, чым памерла. Будуюцца новыя мікрараёны, маладыя маці з дзецьмі на вуліцах радуюць вока. Сярод раёнаў, якія ўвайшлі ў праграму, мы больш за ўсіх будуем жылля пад 1% у адпаведнасці з 235-м Указам. Мы адрамантавалі слаўгарадскую СШ №1, якая адзначыла 100-гадовы юбілей, пабудавалі для яе новы корпус. Цяпер гэта самая вялікая і сучасная адукацыйная ўстанова ў раёне. За кошт раённых бюджэтных сродкаў зроблена рэканструкцыя Ржаўскай школы. Нарэшце ў райцэнтры адкрыўся музей. Вядзецца сур'ёзная рэканструкцыя бальніцы. Асноўнай галіной застаецца сельская гаспадарка. У нас пабудавана 8 МТК. Яшчэ адзін галоўны напрамак да 2020 года — гэта развіццё малога і сярэдняга бізнесу. Сёння ў Слаўгарадзе функцыянуюць дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы «Кронатэксбел», «Слаўлесінвест», на якіх працуе ад 20 і болей чалавек. Яны папаўняюць наш бюджэт падаткамі, даюць нам працоўныя месцы, зарабляюць валюту. Нас вельмі радуе, што зямля адраджаецца. Вёска Гайшын двойчы высялялася і двойчы рэабілітавалася. Там было шмат пустуючых дамоў. Сёння туды прыйшоў малы бізнес — слаўгарадскае лесанарыхтоўчае прадпрыемства, якое набыло будынкі былога калгаса, аднавіла іх і наладзіла вытворчасць. Інвестыцыі — гэта добра, але мы робім стаўку на сваіх жа землякоў. Менавіта яны актыўна рэалізуюць свае праекты на тэрыторыі раёна і робяць прапановы.

Даведка «Звязды»

Слаўгарадскі раён займае плошчу больш за 1300 квадратных кіламетраў, мяжуе з Чавускім, Чэрыкаўскім, Краснапольскім, Быхаўскім раёнамі Магілёўскай вобласці, а таксама Кармянскім і Рагачоўскім Гомельскай вобласці. Акцэнт у эканоміцы зроблены на малочна-мясной жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, а таксама бульбы. Па тэрыторыі раёна праходзіць буйная транспартная магістраль — Р43 (мяжа РФ — Крычаў — Бабруйск — Івацэвічы), найбліжэйшыя чыгуначныя станцыі — Чавусы (42 кіламетры), Крычаў (58), Быхаў (60). На Слаўгарадчыне пражывае 13 645 чалавек, 7703 — непасрэдна ў райцэнтры. Раён перспектыўны для развіцця турызму. На тэрыторыі знаходзіцца помнік прыроды рэспубліканскага значэння «Блакітная крыніца», 11 гідралагічных помнікаў мясцовага значэння і іншыя славутасці. У турыстычных мэтах можа быць выкарыстаны аграгарадок Лясная, дзе ў 1708 годзе, падчас Паўночнай вайны, адбылася пераможная для рускіх бітва са шведамі. Пётр І назваў яе «маці Палтаўскай бітвы». У Лясной знаходзіцца храм-помнік у гонар гэтай падзеі, які быў ініцыяваны вядомым археолагам і этнографам Еўдакімам Раманавым. Храм нагадвае Спаскую вежу Маскоўскага Крамля, спалучае рысы крэпасці і культавага будынка. У раёне зацікаўлены ў стварэнні турыстычнага комплексу «Блакітная крыніца», арганізацыі вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, развіцці гасцінічнага бізнесу, рэканструкцыі слаўгарадскай гасцініцы «Сож». Да паслуг інвестараў 11 інвестпляцовак, 9 прапаноў для інвестыцыйнага супрацоўніцтва і 3 будынкі для рэалізацыі інвестпраектаў.

Фота аўтара

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Край блакітнай крыніцы

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі. 

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.