Вы тут

Знайсці працу мары можна і на «Дні кар'еры», і ў інтэрнэце


Хто стаў першым у гісторыі доларавым мільярдэрам? Для чаго прадзюсар Элвіса Прэслі прадаваў футболкі з надпісам «І hat Elvіs» («Я ненавіджу Элвіса»)? Сабекошт якога вырабу ў СССР у 8 разоў перавышаў яго рыначны кошт? З якой мэтай выдаўцы геаграфічных картаў змяшчалі на сваю прадукцыю выдуманыя гарады?

Даць адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні, якія тычыліся бізнесу, працы і кар'еры, прапаноўвалася ўдзельнікам інтэлектуальнага марафону. Спаборніцтвы, да якіх далучыліся 20 студэнцкіх каманд, упершыню прайшлі ў рамках «Дня кар'еры» ў БДУ. А пытанні для моладзі падрыхтавалі кампаніі-працадаўцы.


Дыплом — яшчэ не пропуск

— Дні кар'еры праводзяцца ў нас традыцыйна восенню і вясной. Але калі асенняе мерапрыемства нацэлена ў большай ступені на пошук студэнтамі месца для праходжання стажыровак і вытворчай практыкі, то вясенняе ставіць на мэце яшчэ і працаўладкаванне выпускнікоў, — уводзіць у курс справы начальнік упраўлення кадраў БДУ Наталля НЯПЕЎНАЯ. — «Дзень кар'еры» карыстаецца ўсё большай папулярнасцю. Арганізацыі і прадпрыемствы не ўпускаюць магчымасці заявіць пра сябе, а студэнты — пагутарыць з патэнцыяльнымі працадаўцамі. Ёсць інтарэс да «Дня кар'еры» і з боку студэнтаў іншых ВНУ. Некаторым кампаніям нават даводзіцца адмаўляць з-за дэфіцыту месца. У перспектыве ў нас ёсць намер разгарнуцца яшчэ больш маштабна, таму задумваемся пра новыя пляцоўкі...

— На Захадзе і нават у суседняй Расіі, дзе першае працоўнае месца з'яўляецца клопатам саміх выпускнікоў, такія мерапрыемствы арганізуюцца кіраўніцтвам ВНУ, каб дапамагчы студэнтам у іх пошуках, — канстатуе рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей АБЛАМЕЙКА. — Тым больш што нават дыплом прэстыжнай ВНУ не заўсёды адчыняе жаданыя дзверы.

Абавязак ці льгота?

У БДУ ў папярэднія гады размяркоўваліся 98—99% выпускнікоў бюджэтнай формы навучання, а вось сёлета сітуацыя з прадастаўленнем выпускнікам першага працоўнага месца складваецца больш напружаная. Праз эканамічныя цяжкасці многія прадпрыемствы не імкнуцца браць на работу маладых спецыялістаў, на якіх распаўсюджваецца цэлы шэраг сацыяльных гарантый, у тым ліку і абарона ад скарачэння. І калі раней студэнты-«бюджэтнікі» стараліся пазбегнуць размеркавання, то цяпер ужо нават многія «платнікі» просяць знайсці ім першае працоўнае месца. Летась у БДУ, напрыклад, былі размеркаваныя па ўласным жаданні 6% выпускнікоў, якія навучаліся на ўмовах аплаты. Такім чынам цяжкі абавязак раптоўна пераўтварыўся ў сацыяльную льготу.

— Сёння мы працуем з працадаўцамі кропкава. Адправілі ім каля тысячы лістоў. І прыкладна 77% ранейшых заявак ужо пацверджаны, — абнадзейвае Наталля Няпеўная. — Хачу заўважыць, што наша задача — не проста забяспечыць першае рабочае месца, а каб малады спецыяліст трапіў менавіта ў тую кампанію, дзе яму будзе цікава і дзе ён зможа максімальна сябе рэалізаваць. Таму калі выпускнік загадзя знайшоў сабе месца працы і прынёс персанальную заяўку ў камісію па размеркаванні, пастараемся пайсці яму насустрач, нават калі гэта будзе і недзяржаўная кампанія. Галоўнае — сумясціць інтарэсы выпускнікоў і працадаўцаў.

Міні-кадравае агенцтва

Пра яшчэ адзін спосаб рэкламавання выхаванцаў БДУ — электронную базу рэзюме — расказаў дацэнт факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій, кандыдат фізіка-матэматычных навук Мікалай КАЛЬЧЭЎСКІ:

— Мы распрацавалі электронны рэсурс, дзе прадстаўлены выпускнікі гэтага года трох факультэтаў — фізічнага, механіка-матэматычнага і факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій. Усе анкеты змяшчаюць апісанне навуковай дзейнасці, узровень валодання замежнымі мовамі, камп'ютарнымі і прафесійнымі навыкамі, а таксама дадатковую інфармацыю пра захапленні, хобі і кантактныя звесткі. Мы пераканаліся, што даволі часта ў наймальнікаў няма магчымасці прыязджаць ва ўніверсітэт, праводзіць са студэнтамі выпускных курсаў гутаркі, да таго ж яны спасылаюцца на нізкую эфектыўнасць такой дзейнасці. А навігацыя сэрвісу дазваляе хутка азнаёміцца са звесткамі прэтэндэнтаў, а таксама падабраць кандыдата з улікам патрабаванняў наймальніка. У сістэме запаўняецца вельмі простая форма: назва кампаніі, зручны для гутаркі час і тая інфармацыя, якую працадаўца палічыць неабходным давесці да ведама. Паведамленне пойдзе па двух каналах: на электронную пошту (але яе мы правяраем нерэгулярна) і з дапамогай SMS. Убачыўшы апошнюю на сваім смартфоне, студэнт тэарэтычна ўжо праз гадзіну можа атрымаць працу сваёй мары.

А з 1 верасня гэта база будзе працаваць ўжо для ўсіх факультэтаў. Размясціць свае анкеты ў ёй змогуць як студэнты-«бюджэтнікі», так і студэнты-«платнікі». У наймальнікаў будзе магчымасць паглядзець адразу ўсіх студэнтаў БДУ і скласці ўражанне аб спецыялістах, якіх мы рыхтуем. Наступны год, заўважу, будзе яшчэ больш складаны ў плане працаўладкавання выпускнікоў, таму што чакаецца падвоены выпуск маладых спецыялістаў (тых, што навучаліся па чатырохгадовай і пяцігадовай праграме вышэйшай школы). І самае галоўнае пытанне — ці паглыне рынак працы такую колькасць выпускнікоў?

А, можа, у пагранічнікі?

Сярод удзельнікаў «Дня кар'еры» былі прадстаўлены ІT-кампаніі, транспартна-лагістычныя, аўдытарскія, кансалтынгавыя і юрыдычныя кампаніі. Запрашалі да супрацоўніцтва студэнтаў і два банкі, а таксама Дзяржпагранкамітэт. Апошні быў навічком на гэтым мерапрыемстве, але менавіта ён быў зацікаўлены ў прыцягненні спецыялістаў самага рознага профілю.

— Нас цікавяць юрысты, фінансісты, біёлагі, фізікі, спецыялісты ў ІТ-галіне, гісторыкі — адным словам, выпускнікі практычна з любога факультэта, — тлумачыць маёр медыцынскай службы Антон Гаўрылаў. — Усе вакансіі ў рэжыме рэальнага часу можна даведацца на сайце Дзяржпагранкамітэта. Для выпускнікоў праца ёсць не толькі на мяжы, нашы часці знаходзяцца і ў буйных гарадах. Можна працаваць у прапускных пунктах, напрыклад у аэрапорце.

Маладым спецыялістам абяцаюць заробак ад 6 млн рублёў, але кандыдат у пагранічнікі павінен быць здаровым, дысцыплінаваным і добрапрыстойным грамадзянінам, бо пры працаўладкаванні абавязкова правераць біяграфію прэтэндэнта.

Кампанія міжнародных аўтамабільных грузаперавозак «Джэнці» прапаноўвала вакансіі спецыяліста па продажу транспартных паслуг і спецыяліста па арганізацыі міжнародных грузаперавозак. Сярод патрабаванняў да кандыдатаў — веданне замежных моў, актыўная жыццёвая пазіцыя, камунікабельнасць і адказнасць.

«Рэкруцёры» з кампаніі Qulіx Systems шукалі распрацоўшчыкаў праграмнага прадукту, тэсціроўшчыкаў і бізнес-аналітыкаў. Маладыя людзі запаўнялі анкеты і раствараліся ў натоўпе...

Спрабаваў зацікавіць выпускнікоў новымі магістарскімі праграмамі і сам Белдзяржуніверсітэт. Напрыклад, сумеснай з Універсітэтам прыкладных навук (Германія) праграмай «Кіраванне ў рэальным сектары эканомікі» з магчымасцю атрымання і беларускага, і нямецкага дыпломаў. «Фішка» гэтай праграмы — магчымасць індывідуальна фарміраваць траекторыю свайго навучання, якая складаецца з эканамічнага, тэхнічнага і прыродазнаўча-навуковага модуляў. Можна выбраць, для прыкладу, ІТ-галіну ці біятэхналогіі. Фактычна тут будуць рыхтаваць спецыялістаў, якія валодаюць і інжынернымі ведамі, і кіраўніцкімі метадамі, з крэатыўным мысленнем і выдатным валоданнем дзелавой англійскай мовай. Навучанне ў магістратуры, дарэчы, будзе праходзіць толькі на англійскай мове.

Парадак... у сацыяльных сетках

Спецыяльна для студэнтаў быў арганізаваны і майстар-клас, дзе іх вучылі, як граматна скласці рэзюмэ, каб цябе заўважылі на кадравым рынку.

Вось толькі адзін нюанс. Што можна запісаць у графу «Вопыт працы», калі працоўнага досведу пакуль няма? Карыснай для наймальніка інфармацыяй можа аказацца, напрыклад, тэма дыплома, курсавой ці навуковай працы студэнта, калі яна, канешне, адпавядае вакансіі. Досвед фрылансу або ўдзел студэнта ў цікавых праектах...

Не сакрэт, што працадаўцы актыўна манітораць звесткі пра прэтэндэнта ў сацыяльных сетках. Таму трэба абавязкова прывесці ў парадак сваю старонку, пераглядзець фота, перачытаць свае статусы і лішняе выдаліць ці ўстанавіць на старонцы настройкі прыватнасці...

Студэнтаў цікавіла, ці варта размяшчаць у рэзюмэ фота: на Захадзе ад гэтай практыкі ўжо адмаўляюцца, бо знешнасць чалавека можа падсвядома ўплываць на выбар «рэкруцёраў». Аднак, як высветлілася, у нас усе звяртаюць увагу менавіта на фота і рэзюмэ без фатаграфіі мае менш шанцаў быць заўважаным. Ну, безумоўна, калі кандыдат не прывядзе салідны пералік дасягненняў, міма якіх прайсці будзе проста немагчыма.

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Р.S. Адказы да пытанняў інтэлектуальнага марафону

Першым доларавым мільярдэрам стаў Джон Ракфелер — заснавальнік кампаніі Standard Oіl.

Прадзюсар Элвіса Прэслі прымяняў шмат нестандартных падыходаў. Напрыклад, ён выпускаў футболкі і значкі з надпісам «І hate Elvіs» ( «Я ненавіджу Элвіса»), каб атрымліваць грошы з тых, хто ніколі б не купіў пласцінкі спевака.

Сабекошт адной савецкай капейкі ў 8 разоў перавышаў яе рыначны кошт. А выдуманыя гарады выкарыстоўваліся стваральнікамі картаў для абароны ўласнай прадукцыі ад плагіяту.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Прэзідэнт сустрэўся з Рамзанам Кадыравым

Прэзідэнт сустрэўся з Рамзанам Кадыравым

Кадыраў наведвае нашу дзяржаву ўпершыню.

Грамадства

Чым здзівіць турыстаў?

Чым здзівіць турыстаў?

Зялёнае кола, «дарожныя гісторыі» і сакрэты ваколіц.

Спорт

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»

Пра выступленне беларускіх дзяўчат на чэмпіянаце Еўропы па валейболе і вынікі чарговага тура чэмпіянату краіны па футболе.

Грамадства

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

На працягу стагоддзя «Звязда» застаецца зоркай беларускай перыёдыкі

Пра гэта ўчора казалі высокія госці на ўрачыстым мерапрыемстве, прымеркаваным да юбілею газеты.